Сёння ў раённым цэнтры культуры адбылося сапраўднае свята юных талентаў — справаздачны канцэрт Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. Яскрава і вобразна ён нагадаў усім, хто сабраўся ў глядзельнай зале РЦК аб тым, што калі ў жыцці ёсць месца для творчасці, то такое жыццё незвычайна прыгожае.
На сцэне змянялі адзін аднаго ансамблі, салісты, трыа, танцавальныя калектывы, дэманструючы выдатныя творчыя саюзы навучэнцаў і выкладчыкаў.
Сваім майстэрствам гледачоў парадавалі хор старэйшых і малодшых класаў галоўнай школы мастацтваў раёна, фартэпіянны ансамбль у складзе Вікторыі Маслоўскай, Івана Кузняцова, Яўгена Хандрыкі і настаўніцы Вольгі Бялюк, флейтыстка Лізавета Дабашынская, ансамблі цымбалістаў (кіраўнік — Таццяна Ратомская, скрыпачоў (кіраўнік — Таццяна Ярмак), гітарыстаў (кіраўнік — Ларыса Астрэйка), баяністаў (кіраўнік — Уладзімір Гурын), духавых інструментаў (кіраўнік — Леанід Чарноў), трыа на духавых інструментах, саліст на домры Яўген Віхор.
Свой захапляльны матыў унеслі ў справаздачны канцэрт навучэнцы харэаграфічнага аддзялення, выхаванцы педагогаў Веранікі Гурло і Кацярыны Лабазы. Іх танцавальныя замалёўкі нікога не пакінулі раўнадушным.
Асаблівай часткай гэтага дзіцячага свята мастацтваў стала музычна-літаратурная кампазіцыя “Каб ведалі”, якую падрыхтаваў узорны тэатральны дзіцячы калектыў “Раптам” пад кіраўніцтвам Валянціны Штоп на вершы народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Ён раскрыў перад гледачамі тэму любові да радзімы, да сваіх каранёў і роднай гісторыі шчыра, шчымліва і пераканаўча, як таго і патрабуе сапраўднае мастацтва.
Патрыятычную тэму працягнуў і дуэт Самуіла Мелаяна і Марыі Нізовіч, якія выканалі песню “Бессмяротны полк”, прысвечаную 80-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — тэме, якая заўсёды будзе займаць асобнае месца ў памяці нашых людзей.
Выдатныя мастацкія нумары, маляўнічае афармленне сцэны, выявы на якой змяняліся адпаведна зместу выступленняў, — усё гэта не магло не выклікаць у гледачоў асаблівыя, незабыўныя эмоцыі. Нездарма на фінальнай песні “Мы — дзеці сонца” ўся зала ўстала і гарачымі апладысментамі дзякавала юным артыстам і іх настаўнікам за сустрэчу з сапраўдным мастацтвам — па-даросламу глыбокім і па-дзіцячы непадробным і шчырым.