Свой працоўны шлях трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці закрытага акцыянернага таварыства “1 Мая” Сяргей Сінічын пачаў у снежні 1987 года. І сёння ён памятае, як гутарыў з дырэктарам перад прыёмам на работу, як асвойваў свой першы “МТЗ-52”, на якім вазіў салому, сена, вывозіў угнаенні ў бурты на палі гаспадаркі пад ура- джай і сваю першую заработную плату ў 250 рублёў.
З часам механізатар перасеў на новы трактар, стараннаму працаўніку даверылі сяўбу буракоў. А восенню ён садзіўся за руль “Кляйнэ”, каб убраць салодкі корань…
Ваколіцы Салтанаўшчыны, дзе жыве сёння яго сям’я, знаёмыя яму з дзяцінства. Тут скончыў мясцовую школу, у час вучобы атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста ў Нясвіжскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля двух гадоў службы ў танкавых войсках групы Савецкай арміі ў Германіі вярнуўся дадому і вырашыў працаваць у сельскай гаспадарцы.
Так ураджэнец вёскі Кудзінавічы суседняга, Капыльскага, раёна звязаў свой працоўны лёс з Нясвіжчынай, дзе і працуе амаль сорак гадоў.
Вядома, думкі пра жыццё ў горадзе былі, але разумеў, што праца ў сельскай гаспадарцы, сапраўднасць прыгожых калгасных палеткаў яму бліжэйшыя, больш зразумелыя. Ды і прыклад было з каго браць — бацька і маці працавалі жывёлаводамі, былі на добрым рахунку. Сам не раз у дзяцінстве бегаў да іх на ферму, каб дапамагчы.
Амаль чатыры дзясяцігоддзі Сяргей Ігнацьевіч, прачынаючыся далёка да ўсходу сонца, садзіцца ў свой трактар і, загрузіўшы ў раздатчык кармы, прыязджае на Салтанаўшчынскую ферму, а к 6.00 ён ужо павінен быць на ферме вёскі Дубейкі. І яго трактар накіроўваецца туды.
Як толькі жывёла пачуе знаёмы рокат, адразу сваімі рахманымі пыскамі выцягваецца са стойлавых месцаў, нібы вітае тых, хто клапоціцца пра яе з самага ранку.
— Работа з жывёлай патрабуе асаблівай адказнасці, і не толькі ад мяне, — расказвае механізатар. — Каб адбылася мая 5-тонная (менавіта столькі змяшчае раздатчык) “дастаўка” на фермаўскія “кватэры”, на палях шчыруе многа людзей. За тым, каб кармы былі якаснымі, правільна захоўваліся, сочаць спецыялісты. Тады можна чакаць і прывагі добрыя, і малако ад буйной рагатай жывёлы. Ды і каб цяляты ды каровы елі з апетытам, трэба каб яны былі здаровымі, а гэта ўжо клопат ветэрынарнай і заатэхнічнай служб. Кожны работнік у сферы жывёлагадоўлі важны ў гэтым ланцужку, — разважае механізатар.
Круглы год задзейнічаны Сяргей Сінічын на дастаўцы кармоў і кармленні жывёлы. Прывык адказна ставіцца да даручанай справы ў любы дзень — ці ў святочны, ці ў будні. Ёсць рэжым кармлення, і ён павінен быць вытрыманы — тады і паказчыкі жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі будуць высокія, лічыць працаўнік.
Водгукі пра Сяргея Ігнацьевіча ў гаспадарцы самыя лепшыя.
— Добра працуе механізатар. Даручыўшы яму тое ці іншае заданне, можна быць упэўненым, што яно будзе выканана з сапраўдным гаспадарскім падыходам, — расказвае пра работніка намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ЗАТ “1 Мая” Сяргей Асіпенка.
Такая вось яна, сапраўдная мужчынская работа Сяргея Сінічына. Магчыма, нехта скажа, што не вельмі прэстыжная, але механізатара гэта ніколі не хвалявала. Бо ён ўпэўнены, што ў любым офісе, у кожным доме, дабаўляючы вяршкі ў каву або наліваючы ў кубак малако, трэба разумець, якая сур’ёзная місія ўскладзена на працаўнікоў сельскай гаспадаркі — ад палявода, трактарыста, агранома і даяркі да дырэктара сельгаспрадпрыемства.
За сваю шматгадовую добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце Сяргей Ігнацьевіч неаднаразова быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі дырэкцыі прадпрыемства, а таксама Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
15 сакавіка на раённым свяце, дзе ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў рэгіёна, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці Сяргей Сінічын адзначаны Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.