Заўтра, 11 красавіка, будзе адзначацца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Канцэнтрацыйныя лагеры з’явіліся ў пачатку XX стагоддзя. Аднак большасць суадносяць гэтае страшнае словазлучэнне з падзеямі Другой сусветнай вайны. Але фашысцкія рэжымы яшчэ на світанку свайго станаўлення сталі звяртацца да жудаснай практыкі — у падобныя месцы звозілі непажаданых для ўлады. За перыметрам калючага дроту можна было апынуцца за сваю расу, веру, палітычныя перакананні, сацыяльны статус. Каб падтрымаць людзей, якіх не абмінуў цяжкі лёс, а таксама не забыцца пра гэту страшную з’яву, быў заснаваны Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Падзея мае фіксаваную дату — 11 красавіка. Гэта памятны дзень для ўсяго свету: у 2024 годзе Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў адзначаць у дзясятках краін.
11 красавіка было выбрана невыпадкова — гэта дата звязана з падзеямі ў лагеры смерці Бухенвальд. Ён размяшчаўся на тэрыторыі Германіі, непадалёк ад мяжы з Чэхіяй. На яго варотах быў выгравіраваны злавесны надпіс “Кожнаму сваё”. Былыя палонныя канцлагера ў сваіх мемуарах расказвалі, што доўга рыхтаваліся да паўстання, супраціўленне збірала сілы некалькі гадоў.
У красавіку 1945 года рэшткі войска нацыстаў цяснілі з усіх бакоў. Якраз з боку Бухенвальда ішла амерыканская дывізія. Камендатура лагера прыняла рашэнне аб эвакуацыі. Апошняе слова варта было б напісаць у двукоссі, бо па факце гэта быў марш смерці — знясільваючы пешы пераход, падчас якога гінулі многія вязні.
Лідары супраціву зразумелі, што час дзейнічаць, інакш наступнага шанцу можа не быць. Паляк Гвідон Дамазін і рускі Канстанцін Лявонаў 8 красавіка перадалі радыёграму і запыталі дапамогі ў наступаючых амерыканцаў. Тыя сігнал злавілі і паабяцалі прыйсці на дапамогу. Аднак усё зацягнулася на некалькі дзён. За гэты час паўстанцы пачалі мяцеж і захапілі большую частку канцэнтрацыйнага лагера. 11 красавіка 1945 года ў 3.15 раніцы ў Бухенвальд нарэшце ўвайшлі амерыканскія салдаты і вызвалілі астатнія ўчасткі лагера.
Праз год падчас Нюрнбергскага працэсу, дзе разбіралі дзеянні нацыстаў і фашыстаў, канцэнтрацыйныя лагеры прызналі злачынствам супраць чалавецтва. Пазней ААН прыняла рашэнне праводзіць Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў 11 красавіка ў памяць аб падзеях у Бухенвальдзе.
Пасля вайны лагер смерці Бухенвальд быў пераўтвораны ў мемарыяльны комплекс. Галоўныя памятныя мерапрыемствы праходзяць на яго тэрыторыі. Напярэдадні ў навакольных гарадах вывешваюць банеры з напамінам аб надыходзячай памятнай даце. Да агароджы лагера прыносяць кветкі, а таксама пакідаюць запіскі. Пры музеі дзейнічае фонд памяці, які штогод збірае вязняў і салдат, якія бралі ўдзел у вызваленні.
У Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў памятныя мерапрыемствы праходзяць ва ўсім свеце. Розныя фонды і арганізацыі, якія заняты захаваннем гістарычнай памяці, уладкоўваюць ускладанне кветак і вянкоў да месцаў пахавання ахвяр фашызму.
Сведкаў тых страшных падзеяў усё менш, да нашых дзён дажылі малалетнія вязні канцэнтрацыйных лагераў, але і ім сёння за 80 гадоў. У нашым раёне гэта несвіжанка Ларыса Мікалаеўна Васількевіч, жыхар вёскі Рудаўка Аляксандр Іванавіч Гладкі і Ганна Васільеўна Суднік са Снова.
Што можам сёння зрабіць мы, сучасныя людзі, каб тое, чаму прысвечана дата 11 красавіка, не паўтарылася? Па-першае, памятаць пра гэтыя падзеі, а па-другое — разумець, што нянавісць і ўзвышэнне адных над другімі яшчэ нікога не зрабілі шчаслівымі і не вырашылі ніводнай праблемы. Толькі стварылі новыя…