Гэтымі веснавымі днямі ідзе добраўпарадкаванне дарог і вуліц нашага горада і раёна. Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці Нясвіжскай ЖКГ Віктара Бялькевіча, на гэтым тыдні вяліся работы па ямачным рамонце вуліц у Снове, на мінулым — у Гарадзеі, а таксама на вуліцах Кірава, Панфілава, Ленінскай, Слуцкай, Садовай, Маладзёжнай, Дастаеўскага ў Нясвіжы.
Грэйдзіраванне дарог з гравійным пакрыццём праводзіць ДРБУ №168. Яно ўжо зроблена ў г.п. Гарадзея, вёсках Студзёнкі, Хадатавічы, Коханавічы, Жанкавічы, Малаеды, Казлы, аграгарадку Аношкі, па вуліцы Юбілейнай у Нясвіжы.
Свае работы вядзе і ДЭУ-65. Як расказаў яго начальнік Вячаслаў Мінкевіч, работнікі гэтай арганізацыі зараз працуюць над укладкай тратуарнай пліткі на дарозе Р-54 “Першаі — Івянец — Нясвіж” на заканчэнні вуліцы Шымко (на фота), а таксама над пашырэннем землянога палатна на дарозе Р-12 “Нясвіж — Клецк” для ўладкавання дадатковай паласы. Там працуюць экскаватар і МАЗы. Адначасова ў тым раёне будзе ўкладвацца тратуарная дарожка ў накірунку да рыбгаса “Альба”.
Яшчэ дарожнікі ДЭУ-65 занятыя на ўборцы смецця на ўсіх падведамасных арганізацыі накірунках. Ужо прыбраныя дарогі “Парачаны — Навагрудак — Нясвіж”, “Нясвіж — Клецк”, на гэтым тыдні прыступілі да работ на дарозе “Асіповічы — Баранавічы” ў накірунку Снова. На апошняй з названых таксама вядзецца падрыхтоўка да пасадкі зялёных насаджэнняў ў раёне вёскі Малева. На наступным тыдні тут будзе высаджвацца прыгожае кустоўе — 300 кустоў пузыраплодніка чырвоналіснага і 300 — глогу.
Пра далейшы ход работ па добраўпарадкаванні дарог нашага раёна мы будзем расказваць у наступных нумарах “НН”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.