Паслязаўтра пачнецца вясна — цудоўная пара, калі прырода ажывае і абуджаецца. І нездарма, падобна, само слова “вясна” — жаночага роду, бо вясна і жанчына — паняцці непадзельныя. Усё вакол абнаўляецца, становіцца святлей і цяплей, фарбы становяцца ярчэй, а на душы — радасней.
Разам з прыроднымі абнаўленнямі ўвесну абуджаецца жаданне і запатрабаванне ва ўнутраных зменах. Можна ўвайсці і пражыць гэты вясновы час больш свядома, каб адчуванне жыцця стала яшчэ больш яркім і радасным, бо гэта залежыць ад нашага выбару. І хто ведае, можа быць менавіта гэтай вясной ваша жыццё зменіцца і абновіцца неяк па-асабліваму! Сучасная псіхалогія прапануе праграму-мінімум, першае і самае простае ў якой — знешнасць.
Адзін з прыемных жаночых спосабаў абнаўлення і ўзняцця настрою — наведванне салона прыгажосці. Часам досыць асвяжыць форму прычоскі, ажывіць колер валасоў, зрабіць яркі прыгожы манікюр, і настрой паднімаецца! Калі вы даўно збіраліся купіць новую памаду або крэм для твару, вясна — самы прыдатны час для навізны. А яшчэ — калі вы марыце падкарэктаваць фігурку, то можна запісацца ў спартзалу, у басейн ці на масаж. Ваша цела будзе вам вельмі ўдзячна, таму што вы дапаможаце яму вызваліцца ад “зімовага грузу” і беражліва падрыхтавацца да лета.
Другі момант — гардэроб. Перагледзьце яго і абавязкова заплануйце сабе абнаўленне ў выгля-дзе новай спаднічкі, сукенкі, бялізны ці прыгожага шаліка! Тое, як мы выглядаем, у што апранутыя, якія колеры пераважаюць у нашым гардэробе, вельмі ўплывае на наш настрой і самаадчуванне.
Важнае і ваша жыллё: агледзьце яго з цікавасцю і любоўю, унясіце ў яго новыя рысы. Зусім не абавязкова рабіць кардынальны рамонт, але досыць унесці некалькі свежых акцэнтаў — паставіць у вазачку вясновыя першацветы, павесіць яркія малюнкі, асвяжыць сурвэткі, кветкі на падваконніку пераса- дзіць у яркія збанкі, вымыць вокны і вы адчуеце свежасць і ваш дом адразу ж напоўніцца ўтульнасцю.
Не менш важны момант — ваша атачэнне і зносіны. Паглядзіце на сваё асяроддзе, з якімі людзьмі вы маеце стасункі, як вы сябе адчуваеце пасля зносін з імі — радасна і бадзёра або як выціснутая цытрына? Калі вас атачаюць скаржнікі, нэндзы, аматары пакрытыкаваць і папляткарыць, вечна незадаволеныя жыццём буркуны, то пара абнаўляць асяроддзе. Бо наша асяроддзе на 50% уплывае на наш стан! Сустракайцеся з тымі сябрамі, пасля зносін з якімі вы адчуваеце прыліў сіл і добрага настрою і мінімізуйце зносіны з негатывістамі, гэта ў нашай уладзе.
Калі ў вас ужо ёсць нейкія захапленні ці хобі, проста занятак для душы — выдатна! Калі не, то пара пачынаць, колькі можна адкладаць? Задайцеся пытаннем — да чаго ў вас ляжыць душа? Чым вы любілі займацца ў дзяцінстве ці юнацтве, што вы марыце асвоіць ужо будучы дарослай, але ўвесь час адкладаеце (няма часу, няма грошай, нічога не цікава, стамілася і г.д.)? Знайдзіце і наладзьце доступ да сваёй творчай энергіі і пазітыўныя змены ў жыцці вам гарантаваны! Дзейнічайце, выпусціце свайго ўнутранага генія на волю!
І абавязкова зазірніце ўнутр сябе — якіх абнаўленняў патрабуе ваша душа. Якіх якасцей вам не хапае? Можа быць, час адмовіцца ад нейкіх шкодных звычак, перастаць сябе шкадаваць ці ўвесь час крытыкаваць. Пачніце ставіцца да сябе з вялікай павагай і прыняццем. Пачніце нарэшце шанаваць свае добрыя якасці і цешыцца сваім дасягненням! Дазвольце сабе, нарэшце, быць рознай — забіяцкай, вясёлай, гуллівай, какетлівай, рамантычнай, непаслядоўнай, загадкавай, жывой! Дазвольце сабе быць сабой! Адчуйце сваю сувязь з гэтым светам і ўсвядомце, што вы — важная частка гэтага свету! Любіце сябе, мілыя Жанчыны!