Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» — не толькі адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў Беларусі. Штогод тут адбываецца шэраг навуковых мерапрыемстваў (канферэнцыі, семінары, крыглыя сталы), якія збіраюць удзельнікаў з розных рэгіёнаў нашай краіны і замежжа. Не стаў выключэннем і 2023 год.
Як расказаў вучоны сакратар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Андрэй БЛІНЕЦ, самым значным праектам мінулага года стала правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Музейныя ініцыятывы на прасторах СНД».
Тут варта адзначыць, што музей-запаведнік «Нясвіж» з 2014 года з’яўляецца базавай арганізацыяй Садружнасці Незалежных Дзяржаў па накірунку «музейная справа», створанага для навуковага, арганізацыйнага і навучальна-метадычнага забеспячэння спецыялістаў адпаведнай галіны. Канферэнцыя стала першым буйным праектам музея накіраваным на супрацоўніцтва з краінамі Садружнасці. Праект быў рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва (г. Масква). Падрыхтоўка мерапрыемства запатрабавала шмат часу і намаганняў, але ў выніку атрымалася правесці сапраўды прадстаўнічы музейны форум і стварыць пляцоўку для наладжвання кантактаў паміж айчыннымі і замежнымі музейшчыкамі.
Канферэнцыя праходзіла два дні, 9-10 лістапада 2023 г., на двух пляцоўках. У першы дзень пленарнае і секцыйныя пасяджэнні адбываліся ў Штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД у Мінску. У другі дзень рабочымі пляцоўкамі сталі залы Нясвіжскага палаца. Сюды прыбылі больш за 60 удзельнікаў з пяці краін, як дакладчыкаў, так і слухачоў. Найбольшая іх колькасць прадстаўляла Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю. Таксама ў Нясвіж прыехалі музейшчыкі з Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі. У дакладах закраналася тэма дзейнасці музеяў па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, іх роля ў захаванні і развіцці культурнага асяроддзя рэгіёнаў, культурна-адукацыйная і даследчая работа. Немалаважным было пытанне спалучэння традыцыйных і інавацыйных падыходаў у музейнай практыцы. Кожны мог падзяліцца ўласным вопытам, выказаць асабістае меркаванне, падыскутаваць з калегамі або пагутарыць з імі ў нефармальнай абстаноўцы.
Буйныя канферэнцыі такога кшталту плануецца праводзіць на рэгулярнай аснове адзін раз на тры гады. А значыць наступная чакае нас у 2026 годзе.
- Пленарныя пасяджэнні ў залах Нясвіжскага палаца падчас канферэнцыі “Музейныя ініцыятывы на прасторах СНД”.
Таксама традыцыйнымі з’яўляюцца навуковыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да памятных дат, звязаных з нашым аб’ектам. У 2018 годзе ўпершыню прайшла канферэнцыя «Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына», прысвечаная 435-годдзю замка. 20 кастрычніка 2023 года адбылася другая канферэнцыя з такой жа назвай, прымеркаваная да 440-годдзя пачатку будаўніцтва мураванага замка ў Нясвіжы. У яе рабоце прынялі ўдзел супрацоўнікі навуковых і музейных устаноў. Значная частка дакладаў была прысвечана асэнсаванню і вывучэнню культурнай спадчыны роду Радзівілаў і калекцый Нясвіжскага палаца: музычных твораў, партрэтаў, кніжных збораў. Таксама закраналіся пытанні, звязаныя з гісторыяй нашага горада і суседніх рэгіёнаў. Прыемна адзначыць, што склалася сваеасаблівае кола пастаянных удзельнікаў мерапрыемстваў такога кшталту, якія штогод выступаюць у Нясвіжы з цікавымі дакладамі. І гэта кола пакрысе пашыраецца. А значыць можна спадзявацца на новыя адкрыцці і знаходкі.
Яшч адным важным і адносна новым накірункам работы музеяў нашай краіны з’яўляецца музейна-педагагічная дзейнасць – асаблівая форма знаёмства наведвальнікаў (пераважна дзяцей і падлеткаў) з экспазіцыяй. Такія формы работы як дзіцячыя экскурсіі, музейна-педагагічныя праграмы, заняткі, гульні-экскурсіі, культурна-адукацыйныя праекты, сямейныя квэсты дазваляюць прыцягнуць да музеяў увагу шырокай аўдыторыі
24 сакавіка 2023 года на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» адбыўся семінар-практыкум «Музейна-педагагічная дзейнасць: праекты, спецыфіка, вопыт». У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі дзевяці музеяў Мінска, Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Агучаныя даклады закраналі пытанні далучэння дзяцей і падлеткаў да музеяў, выкарыстання пастаянных экспазіцый і выставак у якасці асаблівых асветніцкіх пляцовак, асаблівасцей прыцягнення аудыторыі. Усе ўдзельнікі адзначалі, што сучасны музей — гэта ўстанова, якая дынамічна развіваецца і выкарыстоўвае свой патэнцыял для выхавання асобы, папулярызацыі гісторыі і нацыянальнай культуры.
Супрацоўнікі музея-запаведніка падзяліліся вопытам экскурсійнай работы з дзіцяча-падлеткавай аўдыторыяй, расказалі аб арганізацыі гульняў-экскурсій па выставачных праектах, прадставілі метадычную распрацоўку для самастойнага азнаямлення сямейных наведвальнікаў з экспазіцыяй ратушы. Асаблівую цікавасць выклікала практычная частка — квэст «Карта сямі каралеўстваў». Пры падвядзенні вынікаў мерапрыемства прагучала пажаданне зрабіць семінары такога кшталту пастаяннымі, каб у музейшчыкаў была пляцоўка для абмену вопытам і азнаямлення з напрацоўкамі калег.
Вынікі навуковых мерапрыемстваў даступныя для азнаямлення. Так, матэрыялы канферэнцыі «Музейныя ініцыятывы на прасторах СНД» выдадзены асобным зборнікам, у які ўвайшло 37 артыкулаў. З матэрыяламі семінара «Музейна-педагагічная дзейнасць: праекты, спецыфіка, вопыт» можна азнаёміцца на ютуб-канале музея-запаведніка «Нясвіж». На сайце ўстановы, у раздзеле «Навука і публікацыі» у вольным доступе выкладзены артыкулы супрацоўнікаў музея, якія былі змешчаны ў зборніках, што ўбачылі свет у апошнія гады.