У суботу, 3 лютага, у школах раёна прайшлі вечары сустрэч з выпускнікамі. Вельмі цёплым і святочным
атрымаўся такі вечар
у Аношкаўскай
сярэдняй школе,
якая аздзначае сёлета
сваё 50-годдзе.

Іна Сцяпура ўручае сертыфікат на падарунак для кабінета працоўнага навучання настаўніцы Тамары Ялковіч
Перад урачыстай часткай, якая прайшла ў Аношкаўскім сельскім доме культуры, выпускнікі маглі прайсціся па школе, паўдзель- нічаць у рабоце інтэрактыўных пляцовак, пабыць на лінейцы “Успомнім, як гэта было”.
Раздзяліць свята з яго гаспадарамі на ўрачыстасць таксама прыбылі загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Вайтовіч, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ала Тронца, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Іна Сцяпура. Яны таксама павіншавалі прысутных з нагоды такой цудоўнай сустрэчы і 50-годдзя школы і ўручылі ўстанове адукацыі ў асобе яе дырэктара Людмілы Янукевіч каштоўныя падарункі — ад грашовых сертыфікатаў і аргтэхнікі да абсталявання ў кабінет працоўнага навучання.
Граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, якія ўручыла Таццяна Вайтовіч, былі ўзнагароджаны настаўнік пачатковых класаў Іна Твароўская, настаўнік матэматыкі Алена Ціхонка, настаўнік фізічнай культуры Сяргей Хоміч, тэхнічныя работнікі Людміла Пракарына, Ірына Мікула, Валянціна Смірнова.
Падзячныя лісты начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама атрымалі настаўнікі-ветэраны.
Родную школу ўшанавалі сваёй прысутнасцю прадстаўнікі амаль усіх юбілейных выпускаў, пачынаючы з тых, хто скончыў яе 45 і 40 гадоў таму. Яны, а таксама выпускнікі 1989-га, 1999-га, 2004-га, 2009-га, 2014-га, 2019-га і нядаўняга, 2023-га, уздымаліся на сцэну, каб падзяліцца незабыўнымі ўспамінамі і сказаць словы ўдзячнасці сваім настаўнікам. Акрамя памятных і карысных падарункаў школе некаторыя выпускі парадавалі прысутных і цудоўнымі музычнымі нумарамі, якія таксама дарылі ўсім і артысты Аношкаўскага сельскага дома культуры. Добрыя творчыя здольнасці паказалі і цяперашнія вучні і педагогі школы, якія прадэманстравалі яскравыя, поўныя добрага гумару, сцэнкі са школьнага і не толькі жыцця.
Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай і шчырай атмасферы, асаблівая ўвага была аказана настаўнікам-ветэранам, для якіх быў арганізаваны “салодкі” стол, уручаны кветкі.
Сваімі ўражаннямі аб сустрэчы з роднай школай падзяліўся выпускнік 1979 года Валянцін Шчыгельскі.
— Я закончыў школу 45 гадоў таму, — сказаў Валянцін Паўлавіч. — далей усё было проста: армія, інстутут народнай гаспаркі імя Куйбышава, рух па службовай лесвіцы. Прыйшлося папрацаваць не толькі на радзіме, але і за мяжой. Даводзілася прадстаўляць інтарэсы Беларусі і ў Польшчы, і ва Украіне, і ў Расіі. Але першай прыступкай і асновай для ўсяго гэтага была, безумоўна, мая родная школа, аб якой засталіся самыя цудоўныя ўражанні. Лічу, што яна з’яўляецца адной з самых лепшых беларускіх школ, і традыцыі, якія былі закла- дзены ў ёй 50 гадоў таму, працягваюцца і сёння дзякуючы зладжанаму калектыву і плённаму супрацоўніцтву адміністрацыі школы і мясцовага сельгаспрадпрыемства. Так было падчас маёй вучобы тут і так яно застаецца і цяпер.
Усё, што адбывалася ў школьныя гады, назаўсёды засталося ў сэрцы: тут быў заснаваны духавы аркестр, створаны вучнямі і настаўнікамі. Дзякуючы яму я скончыў музычную школу і не пакідаю музыку і цяпер. А спорт, без якога мы, вучні, не ўяўлялі сабе жыцця! Спартыўная пляцоўка каля школы заўсёды была занятая, спартзал і стадыён таксама. Вось гэтыя тры рэчы — адукацыя, выхаванне і спорт тут заўсёды былі трыадзіныя. Таму магу сказаць роднай школе толькі дзякуй і яшчэ раз дзякуй!
Думаецца, што да гэтых слоў далучацца многія іншыя выпускнікі Аношкаўскай сярэдняй школы, якія не пашкадавалі часу і сіл, каб дабрацца да роднай школы не толькі з недалёкіх мясцін, але і з Мінска ці Гродна, як мой папярэдні суразмоўца.
І няхай так родная школа сустракае іх яшчэ доўга-доўга, а яе сцены поўняцца звонкімі галасамі ўсё новых і новых вучняў.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.