Меню
Курс $  3.13 | €  3.42 | ₽100  3.74 |
Погода 7 °C

Рэха далёкага 1919-га

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 03.01.2024

1 студзеня — 105-годдзе з дня ўтварэння БССР “З сённяшняга дня Беларусь, Савецкая рэспубліка, становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты
і чырвонаармейцаў”.

З Маніфеста аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

1 студзеня 1919 г.

У Маніфесце гаварылася, што ўся ўлада на Беларусі належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з інвентаром, лясы, воды, нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных нямецкіх улад, аб’явіў па-за законам Беларускую раду.



Абнародаваў Маніфест у Смаленску Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, на чале са Зміцерам Жылуновічам (Цішкам Гартным), у ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г.
Доўга, цяжка ішла Беларусь па шляху фарміравання сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці. У прадстаўнікоў кіруючых органаў былі розныя, процілеглыя меркаванні і бачанне далейшага лёсу беларускага народа пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі. Хаця яшчэ ў верасні 1917 года Уладзімір Ленін гаварыў аб неабходнасці самастойнасці беларусаў як нацыі. У артыкуле “Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?” ён пісаў аб аднаўленні “поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі…”. Гісторыкі сцвярджаюць, што па ініцыятыве Леніна ў ЦК РКП(б) адбыўся тэрміновы разгляд пытання аб лёсе Беларусі, і 24 снежня 1918 г. Пленум ЦК партыі прыняў пастанову аб утварэнні БССР. 30 снежня на VI Паўночна-Заходняй партыйнай канферэнцыі дэлегаты дружна прагаласавалі за абвяшчэнне БССР.

5 студзеня 1919 г. часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, ЦК КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай БССР.

4 студзеня ў Нясвіжы адбыўся мітынг, на якім жыхары горада і суседніх вёсак ухвалілі стварэнне БССР. 20 студзеня прайшлі выбары ў Нясвіжскі Савет рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
2-3 лютага 1919 г. у Мінску прайшоў I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Ён прыняў Канстытуцыю БССР, акрэсліў адносіны да савецкіх рэспублік.
І палітычнае, і эканамічнае становішча на нашых землях складвалася вельмі цяжкае. Разруха і голад панавалі пасля нашэсця немцаў. Вайной пагражалі Рэспубліцы Саветаў агрэсіўныя ўрадавыя колы Польшчы, дзе ўладу пасля абвяшчэння савецкім урадам незалежнасці польскай дзяржавы захапілі буржуазія і памешчыкі. Савецкія ўлады добра ведалі палітыку палякаў, якія мелі мэту аднаўлення Польшчы ў межах 1772 года. Гэта азначала далучэнне да яе ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Кіраўніцтва Беларусі прапанавала ўраду Пілсудскага правесці мірныя перамовы, ён прапановы не прыняў, заняўшы падобную пазіцыю ў адносінах і да Літвы — прэтэндаваў на добрую яе частку. Каб процістаяць ворагу сумеснымі сіламі, было вырашана стварыць адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, што і зрабілі ў лютым 1919 года. І ў лютым жа Польшча пачала вайну, першай ахвярай на яе шляху стала Беларусь.
У выніку цяжкіх унутраных і знешнепалітычных абставін, паражэння Чырвонай Арміі на Заходнім фронце, 18 сакавіка 1921 г. быў падпісаны Рыжскі дагавор, па якім заходняя частка беларускай тэрыторыі перайшла ва ўладанне Польшчы. Была практычна паланізавана, са шматлікімі забаронамі, прыніжэннем чалавечай і нацыянальнай годнасці беларусаў, заняпадам эканамічнага развіцця.
А Савецкая Беларусь пакрыху развівалася. Ажыццяўляючы новую эканамічную палітыку, у 1926 г. аднавілі дарэвалюцыйны аб’ём вытворчасці. Прамысловасць аднаўлялася з дапамогай іншых савецкіх рэспублік. З Расіі атрымлівалі абсталяванне, друкарскія машыны, з Украіны — сыравіну, метал, паліва, кокс. Вытворчасць электраэнергіі ўжо ў 1922 г. перавысіла дарэвалюцыйны ўзровень, а ў 1925 г. у БССР працавала 40 электрастанцый. З 1923 да 1926 гг. прадукцыйнасць працы вырасла на 50%, а зарплата — на 40%. На вёсцы ліквідоўвалася хутарская сістэма, ствараліся калгасы і саўгасы як форма эфектыўнага карыстання зямлёй. Павышаўся матэрыяльны дабрабыт працоўных. Павялічылася колькасць устаноў аховы здароўя. Пашырылася сетка дзіцячых устаноў. Развіваліся вышэйшая школа і культура. Будавалася жыллё.
Пасля ў гісторыі БССР было ўз’яднанне Беларусі ў 1939 годзе. У 1941-м грымнула Вялікая Айчынная вайна. Яна прынесла велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты. У Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. Урон ад разбурэнняў склаў звыш 2,3 трыльёна долараў, або 43,5 тысячы тон золата. Прычым гэта лічба не ўтрымлівае поўных даных па стратах, нанесеных вывазам культурных каштоўнасцей.
З першых дзён вайны беларускі народ паўстаў на барацьбу з ворагам. Яе вялі ў падполлі, у партызанскіх атрадах. Яркай гераічнай і трагічнай старонкай у гісторыі гэтай барацьбы ўвайшло Мінскае падполле, арганізаванае І. Кавалёвым, І. Казінцом, У. Амельянюком, І. Матусевічам. Смела змагаліся з акупантамі партызанскія атрады, на чале якіх стаялі В. Корж, Ц. Бумажкоў, Ф. Паўлоўскі, М. Шмыроў. 997 партызанскіх атрадаў аб’ядналіся ў 213 брыгад, 258 атрадаў дзейнічалі самастойна. У гэтых фарміраваннях ваявалі звыш 370 тысяч чалавек. Дзейнічалі ў БССР 70 тысяч падпольшчыкаў. Сталі шырока вядомы подзвігі К. Заслонава, В. Харужай, Ф. Крыловіча і многіх іншых герояў. За мужнасць і адвагу больш за 140 тысяч беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Адначасова беларусы ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. У ходзе вызвалення рэспублікі і пасля яго ў Чырвоную Армію былі мабілізаваны 755 тысяч яе жыхароў. А ўсяго на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся 1 мільён 300 тыс. жыхароў і ўраджэнцаў рэспублікі. Больш 300 тыс. салдат і афіцэраў атрымалі ордэны і медалі за мужнасць і гераізм. 449 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Услед за вызваленнем нашых тэрыторый, з верасня 1943 года, аднаўлялася народная гаспадарка. У 1944 г. узровень прамысловай вытворчасці рэспублікі быў у 10 разоў ніжэйшы, чым у 1940-м, а да лета 1945-га ўжо дзейнічала звыш 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, майстэрняў і арцеляў, або 25 % іх даваеннай колькасці. Аб’ём прамысловай прадукцыі выйшаў у Беларусі на даваенны ўзровень да канца 1950 года. У заходніх абласцях перасягнуў яго амаль удвая, а магутнасць электрастанцый — у 2,2 раза. Да 1949 г. поўнасцю аднавілася сетка медыцынскіх і адукацыйных устаноў. Калі ў 1940 г. вышэйшую адукацыю набылі 3,2 тыс. чалавек, то ў 1985-м — 31,9 тысячы.
…БССР спыніла сваё існаванне 19 верасня 1991 года, калі Вярхоўны Савет прыняў закон аб яе назве. У адпаведнасці з ім наша суверэнная краіна пачала называцца Рэспубліка Беларусь, або скарочана — Беларусь.
Наш мужны, цярплівы, працавіты народ пераадолеў усе цяжкасці, звязаныя з распадам СССР і дасягнуў значных вышынь. Мы цяпер — касмічная дзяржава: першы крок зроблены ў 2012 г., калі быў запушчаны беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Мы цяпер — ядзерная дзяржава: восенню 2023 г. афіцыйна поўнасцю ўведзена ў строй дзеючых Беларуская атамная электрастанцыя. Мы выпускаем болей, чым спажываем, у 2,56 раза — малака і малочных прадуктаў, у 1,35 раза — мяса, у 1,25 раза — яек, у 1,76 раза — цукру. Прадукцыя Беларусі экспартуецца ў дзясяткі краін. Паспяхова развіваюцца ўсе галіны народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы.
І ўсё, што сёння маем, стаіць і развіваецца на савецкім падмурку, створаным у гады існавання БССР умелымі рукамі і дасціпным розумам старэйшых пакаленняў. Мы не разбуралі набытае, а паклалі яго ў аснову дзейнасці ў новых умовах. І гэта тычыцца не толькі матэрыяльнай часткі жыцця, а і духоўнай, маральнай, ідэалагічнай. Шануем нацыянальныя традыцыі і сваю гісторыю. У гэтым — вялікая мудрасць беларусаў і нашага Прэзідэнта, залог далейшага паспяховага і рознабаковага развіцця.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!