Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -1 °C

Сучасная вытворчасць з добрымі перспектывамі

Софья ЛЮБАНЕЦ 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 21.11.2023

ЗАТ “Аблрапсаграсервіс”, што знаходзіцца ў г.п. Гарадзея, — гэта маштабны і паспяховы інвестыцыйны праект, які пачаў сваю работу ў 2010-м годзе. Прадпрыемства аснашчана сучасным абсталяваннем, якое працуе па перадавых тэхналогіях перапрацоўкі насення алейных культур. Яго магутнасць дазваляе перапрацоўваць
180 тысяч тон алейнага насення ў год.

Як расказаў карэспандэнту “НН” намеснік дырэктара таварыства Аляксандр Макарэвіч, галоўным накірункам дзейнасці “Аблрапсаграсервіса” з’яўляецца глыбокая перапрацоўка насення рапсу з мэтай атрымання рапсавага алею і рапсавага шроту. Прадпрыемства таксама можа перапрацоўваць сою. Сыравіна паступае як аўтамабільным, так і чыгуначным транспартам. Яе можа адначасова захоўвацца да 45 тысяч тон. А для таго, каб насенне мела патрэбную вільготнасць, яно праходзіць праз сушыльную гаспадарку завода.



Сучасная вытворчасць з добрымі перспектывамі

Лабарант хімічнай лабараторыі ЗАТ “Аблрапсаграсервіс” Таццяна Друшчыц працуе тут амаль ад пачатку запуску прадпрыемства. Каб авалодаць сваёй прафесіяй яшчэ больш дасканала, скончыла завочна Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер хімік-тэхнолаг” і зараз разам са сваімі калегамі па працы адказвае за якасць прадукцыі

У суткі прадпрыемства перапрацоўвае да 500 тон алейнага насення, з якіх здабываецца каля 200 тон нерафініраванага рапсавага алею. Ён карыстаецца пастаянным попытам як на ўнутраным рынку Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі. Шрот, што атрымліваецца пры перапрацоўцы рапсу, выкарыстоўваецца сельгас- прадпрыемствамі нашай краіны як крыніца каштоўнага бялку пры вырабе камбікармоў. Сам алей таксама можа выкарыстоўвацца для вырабу камбікармоў, а краіны Еўрасаюзу купляюць яго для дабаўлення ў біядызельнае паліва.

Кантроль якасці сыравіны і гатовай прадукцыі здзяйсняе вытворчая лабараторыя, аснашчаная сучасным абсталяваннем. Менавіта тут адбываецца праверка якасці ўваходнай сыравіны і гатовай прадукцыі.

— Работа нашай лабараторыі вельмі адказная, бо ад яе вынікаў залежыць якасць прадукцыі прадпрыемства, — адзначыла ў нашай гутарцы начальнік лабараторыі Таццяна Кернога, адзін з самых вопытных работнікаў прадпрыемства.

Карэнная несвіжанка, Таццяна Ігараўна закончыла ў свой час Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Заатэхнія”, але знайшла сябе на вытворчасці, якая перапрацоўвае сельскагаспадарчую прадукцыю.

Яна расказала, што лабараторыя складаецца з двух аддзелаў — сыравіннага і хімічнага. У першым адбываецца прыём сыравіны і праверка яе якасных паказчыкаў, вызначэнне класнасці ў адпаведнасці з нарматыўнай дакументацыяй, а ў другім — вызначэнне якасных паказчыкаў ужо гатовага прадукта. Тут пазменна працуюць сем чалавек, таму што завод не спыняецца кругласутачна.

Сучасная вытворчасць з добрымі перспектывамі

Майстар пагрузачна-разгрузачных работ Дзмітрый Паграбіцкі працуе на прадпрыемстве ўжо 12-ы год. Дзмітрый Казіміравіч адказвае за пагрузку і разгрузку чыгуначнага і аўтамабільнага транспарта. У сярэднім пад яго кантролем праходзіць каля 600 тон грузаў

Лабараторыі аснашчаны высокадакладным абсталяваннем з нізкім каэфіцыентам пагрэшнасці, выкарыстоўваюцца экспрэс- аналізатары праверкі якасці і арбітражныя метады праверкі гатовай прадукцыі. На прадпрыемстве ўкаранены сістэмы НАССР і СТБ ISO 9001-2015.

Дарэчы, працаўнікі ЗАТ “Аблрапсаграсервіс” могуць лічыць сябе ў некаторым сэнсе элітай перапрацоўчай прамысловасці, таму што такіх прадпрыемстваў у нашай краіне ўсяго чатыры: акрамя нашай Гарадзеі, яны яшчэ дзейнічаюць у Віцебску, Брэсце і Смаргоні.

Усяго ж таварыства дае працу прыкладна сотні чалавек, з некаторымі з якіх мы пазнаёмім зараз нашых чытачоў.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!