Добры ўнёсак у забяспечанасць сельскагаспадарчай прадукцыяй нашага раёна робіць ААТ “Юшавічы”.
Пасяўная плошча збожжавых у гаспадарцы сёлета склала 1102 гектара, з якіх было намалочана 5929 тон ураджаю. У сярэднім з аднаго гектара аграрыі атрымалі 53,8 цэнтнера збожжа. Не самы горшы паказчык, улічваючы асаблівасці надвор’я і не самыя простыя ўмовы для апрацоўкі зямлі.
— Шмат увагі мы надаём насеннай базе, — расказвае дырэктар адкрытага таварыства Віктар Ілюкевіч, — акрамя гэтага, працуем над паляпшэннем севаабароту, пераразмяркоўваем плошчы, адведзеныя пад тыя ці іншыя культуры. У пазамінулым годзе пачалі сеяць рапс, і сёлета сеем яго ўжо на 320 гектарах. У мінулым годзе засявалі 310 га, з якіх атрымалі 1025,4 тонны.
Гаспадарка надае вялікую ўвагу азімым, бо менавіта яны даюць лепшыя ўраджаі ў параўнанні з яравымі. З азімых у прыярытэце пшаніца, якой у гэтым годзе пасеялі на 200 гектараў больш, чым летась. І цяпер на 800 гектарах палеткаў ляжыць насенне пшаніцы і на 250-і — ячменю.
У “Юшавічах” вялікая шчыль- насць буйной рагатай жывёлы, і для забеспячэння яе кармамі патрэбна высяваць шмат траў і кукурузы. Удасканаленнем тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур займаецца галоўны аграном гаспадаркі Фёдар Іодзік.
Як паведаміў Фёдар Фёдаравіч, для забеспячэння статка добрымі кармамі аграрыі высяваюць 1040 га кукурузы. З іх 940 га — на зялёную масу і 100 га — на зярно. Прычым ураджай “царыцы палёў” сапраўды парадаваў, — у сярэднім пасля абмалоту з 1 гектара атрымалі па 131 цэнтнеру кукурузы на зерне.
Стабільную выручку гаспадарцы дае вырошчванне буйной рагатай жывёлы, продаж ялавічыны. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з мінулым годам павялічылася практычна на 124 тоны, склаўшы 606 т. А “плюс” сярэднясутачнай прывагі за 9 месяцаў бягучага года ў параўнанні з мінулым склаў 145 грамаў, так што цяляты набралі 692 грамы.
Дарэчы, малака сёлета было атрымана 7215 тон — на 337 тон больш, чым у 2022-м. На 358 кг павялічыўся і паказчык удою на карову, перайшоўшы планку ў шэсць тысяч кілаграм і склаўшы 6033 кг.
У першыя дні лістапада працаўнікі сельгаспрадпрыемства заканчвалі нарыхтоўку сіласу, перавыконваючы на 2 тысячы план, які складаў 24 тысячы тон.
— Летась мы нарыхтавалі 20,5 тысячы тон сіласу, — паведамляе галоўны аграном. — Так што плюс да мінулага года — каласальны.
Шмат клопатаў звязана ў аграрыяў і з вырошчваннем цукровых буракоў, якія акуратнымі буртамі ляжаць на палях гаспадаркі. Сабралі іх з 330 гектараў.
Другім важным прынцыпам паспяховай працы ў таварыстве з’яўляецца павага да людзей, якія тут працуюць. Бо ад іх настрою і адднасці сваёй працы зале- жыць поспех агульнай справы. І, як адзначыў Фёдар Іодзік, тыя, хто ведае цану працы і адказна падыходзіць да выканання пастаўленых задач, — скарб прадпрыемства.
Вось, напрыклад, механізатар Алег Баханкевіч, які на трактары МТЗ-3522 з сеялкай Cirrus-6003 закрыў усю азімую сяўбу — высяваў не толькі збожжавыя, але і свірэпіцу, травы, рапс. А гэта больш за дзве тысячы гектараў. Заняты Алег Валер’янавіч быў і на ворыве (заараў 333 га), на дыскаванні (421 га) і культывацыі глебы, якой пры дапамозе агрэгата КШП-10 апрацаваў 389 га.
Усе 2125 га для восеньскай сяўбы падрыхтоўваў Міхаіл Трусевіч. На МТЗ-3522 яшчэ і заараў 807 га глебы.
Што тычыцца корманарыхтоўкі, то і тут ёсць, каму сказаць дзякуй за добра выкананую работу. Працаваў на ўборцы сіласу механізатар Аляксандр Марціноўскі. На кормаўборачным КВК-800 ён прыбраў 15297,7 тоны кукурузы на сілас і падабраў 5313 т сена. Адказвае Аляксандр Васільевіч за тры магутныя адзінкі тэхнікі: збожжа- і кормаўборачныя камбайны і трактар МТЗ-3522. І за ўсімі імі ён старанна сочыць, утрымлівае ў чысціні і парадку.
У агранаміі вялікае значэнне маюць умовы і фактары надвор’я. Але каб максімальна абараніць ад іх расліны, важна правільна ўносіць угнаенні і праводзіць хімічную апрацоўку пасеваў. Адказная справа — хімічная праполка ўсіх культур — ускладзена на плечы вопытнага механізатара Сяргея Кішко. На МТЗ-920.3 з агрэгатам АД-24 ён апрацаваў 6720 гектараў, на самаходным апырсквальніку “Раса” ўнёс азотныя ўгнаенні на 1221 гектары. Заняты механізатар быў і на сяўбе цукровых буракоў, якіх засеяў на плошчы каля 100 гектараў.
Не менш якасна выконвае сваю працу і механізатар Аляксандр Янскі. У час жніва ён на збожжаўборачным камбайне КЗС-2124 убраў 1448 т збожжавых, 447 т азімага рапсу, 1310 т кукурузы. А восенню быў заняты на ўборцы цукровых буракоў.
У гаспадарцы паважаюць і шануюць тых, хто працуе на найлепшы вынік. А гэта — галоўнае для яе далейшага росквіту і ўзмацнення.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.