Вы калі-небудзь задумваліся над пытаннем: чаму так важна любіць сваю прафесію? Здавалася б, адказ ляжыць на паверхні — так лягчэй і прасцей працаваць. Але я прапаную пагля-дзець на гэтае пытанне з другога боку: толькі любімая справа дапамагае чалавеку раскрыцца, дае сілы і энергію на няпростым шляху да новых здзяйсненняў. Часам любоў да пэўнага роду дзейнасці “заражае” і іншых членаў сям’і — так з’яўляюцца дынастыі.
Сёння нашы героі — прадстаўнікі сям’і Заяц. Іх працоўная дынастыя распаўсюджваецца на тры пакаленні, а агульны стаж працы складае 268 гадоў. Цяжка сабе ўявіць, наколькі людзі любяць сваю работу, гараць ёю, калі здольныя зацікавіць тым, што робяць самі, і сваіх дзяцей.
Гісторыя працоўнай дынастыі Заяц не- адрыўна звязана са станаўленнем СВК “Агракамбінат Сноў”. Працаўнікі гэтай сям’і ўдзельнічалі ва ўсіх этапах развіцця гаспадаркі, сваёй адданасцю і любоўю да роднай зямлі назаўжды ўпісаўшы сваё прозвішча ў гісторыю Нясвіжскага раёна.
Фёдар Васільевіч Заяц — той чалавек, які паклаў пачатак слаўнай працоўнай гісторыі сям’і. Яго прафесійны шлях пачаўся ў далёкім 1961 годзе, калі ён прыйшоў у гаспадарку працаваць паляводам. Праз некалькі гадоў перайшоў у жывёлагадоўлю. Яго працоўны стаж складае 34 гады. І ўвесь гэты час ён быў адказным, прыстойным і добрасумленным працаўніком, заўсёды быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Яго жонка Вера Іванаўна таксама працавала ў жывёлагадоўчай галіне, была свінаркай, за добрасумленную і адданую працу на карысць дзяржавы была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”. Сямейная пара выхавала траіх дастойных сыноў — Валянціна, Аляксандра і Сяргея, якія, у сваю чаргу, працягнулі дынастыю.
Нішто не вечна, і кожны чалавек на зямлі — толькі госць. Фёдара Васільевіча няма сярод нас больш за дваццаць гадоў, але справа яго працягвае жыць, захапляючы сельскагаспадарчай працай новыя пакаленні. А інакш і быць не можа, бо добрая справа падобна збожжу, якое патрапіла ва ўрадлівую глебу, — яно абавязкова дасць новыя ўсходы.
Так, Фёдар Васільевіч сапраўды пачаў працоўную дынастыю Заяц, але вельмі важна звярнуцца і да першакрыніц — яго бацькоў. Васіль Іосіфавіч і Таццяна Міхайлаўна таксама працавалі ў калгасе, былі паляводамі. І іх прафесійная дзейнасць прыпала якраз на самы няпросты перыяд станаўлення калгасаў. Сучаснаму чалавеку складана ўявіць, з якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца ў той час, пачынаючы ад элементарнага недахопу тэхнічных сродкаў і заканчваючы неабходнасцю пераканаць сельскіх жыхароў у мэтазгоднасці вядзення калектыўнай гаспадаркі. Але родная зямля давала ім сілы, падтрымлівала энтузіязм і шчодра ўзнагароджвала багатым уражаем. Любоў да сваёй працы і добрасумленнасць далі свае вынікі: іх унукі і праўнукі таксама абралі працу на роднай зямлі і вернасць сваім спрадвечным мясцінам.
Трое сыноў Фёдара Васільевіча — Валянцін, Аляксандр і Сяргей — працягнулі справу, распачатую бацькам і дзедам. Усе яны звязалі свой лёс з СВК “Агракамбінат Сноў”, працавалі механізатарамі, двое з іх шчыруюць у гаспадарцы дагэтуль. Аляксей, Дзмітрый і Аляксандр — унукі Фёдара Васільевіча — таксама працуюць механізатарамі ў СВК “Агракамбінат Сноў”, унучка Аксана працуе ў сферы жывёлагадоўлі, Ганна і Наталля пайшлі па эканамічным шляху, але таксама працуюць на карысць роднай гаспадаркі.
Цяпер ужо нельга даведацца, ці марыў малады палявод Фёдар Заяц аб тым, што яго справу прадоўжаць дзеці і ўнукі, што іх сям’я ператварыцца ў сапраўдную аграрную дынастыю. Але можна смела казаць аб тым, што кожнае пакаленне гэтага роду дастойна выхавала сваіх дзяцей, перадало ім простыя і ў той жа час вельмі важныя чалавечыя каштоўнасці і асабістым прыкладам паказала вялікае значэнне сялянскай працы.
— Безумоўна, хочацца верыць у тое, што наша дынастыя працягнецца, — гаворыць Наталля Радаман, адна з унучак Фёдара Васіль- евіча, — дзеці падрастуць і таксама застануцца тут, на роднай зямлі, прадоўжаць сямейную справу, распачатую шмат дзесяцігоддзяў таму. Таксама будуць араць зямлю, вырошчваць хлеб і атрымліваць асалоду ад сваёй працы.
Ірына ЕФІШОВА.