Святочнае мерапрыемства праходзіла ў мясцовым цэнтры культуры, дзе яго ўдзельнікаў сустракаў духавы аркестр, для іх таксама была арганізавана выстава вырабаў майстроў народнай творчасці.
Раздзяліць са снаўчанамі свята прыбылі пачэсныя госці — намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Нясвіжскага райвыканкама Таццяна Жук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Антончык.
Таццяна Мікалаеўна падзякавала снаўчанам за самаадданую працу і ўручыла Падзячнае пісьмо старшыні Нясвіжскага выканаўчага камітэта начальніку мясаперапрацоўчай вытворчасці і цэха перапрацоўкі малака агракамбіната Андрэю Сасіму. Падзяка старшыні райвыканкама была аб’яўлена начальніку цэха першаснай перапрацоўкі жывёлы мясаперапрацоўчай вытворчасці Ліліі Шайкевіч.
Святлана Антончык адрасавала героям дня самыя цёплыя віншаванні ў выглядзе верша ўласнага сачынення і падмацавала свае словы прафсаюзнымі ўзнагародамі — Падзякамі Нясвіжскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Іх атьрымалі аператар машыннага даення МТФ “Новы Сноў” Алена Астроўская, аператар зернесушыльнага комплексу цэха па вытворчасці камбікармоў Мікалай Альшэвіч, муляр будаўнічага ўчастка Рыгор Літвін, ветурач мясаперапрацоўчай вытворчасці Аляксандр Новік, начальнік лабараторыі электрафізічных вымярэнняў Аляксей Блазан, аператар жывёлагадоўчага комплексу і механізаваных ферм (скотнік) МТК “Сычы” Аляксей Віктараў, вадзіцель Леанід Вялічка, трактарыст-машыніст Вадзім Рацкевіч, мікрабіёлаг цэха перапрацоўкі малака Таццяна Комка, інжынер-тэхнолаг мясаперапрацоўчай вытворчасці Вольга Рацкевіч.
Асобна трэба назваць аператара па штучным асемяненні жывёлы МТК “Сычы” Таццяну Сушчэню і аператара машыннага даення МТФ “Дольны Сноў” Вольгу Апановіч. Гэтыя жанчыны атрымалі ўзнагароды не толькі як добрыя працаўніцы, але і як таленавітыя артысткі, таму што паспяхова прынялі ўдзел у тэлевізійных шоу беларускага тэлебачання, дзе паказалі вельмі добрыя вынікі.
Шмат узнагарод уручыў працаўнікам агракамбіната і гаспадар свята — старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман. У сваім выступленні ён адзначыў, што гэты сельскагаспадарчы год выдаўся вельмі складаным — вясна была халадней, чым звычайна, летам назіраліся працяглыя перыяды спёкі і недахопу вільгаці. Аднак “снаўчане” ўмеюць змагацца з цяжкасцямі, супрацьпастаўляючы ім вялізную працавітасць, вопыт і веру ў лепшы зыход справы.
І сапраўды, ураджай збожжавых кульбтур сёлета ў агракамбінаце “Сноў” склаў 28185 тон, або 108,8% да ўзроўню мінулага года, вырашчана і рэалізавана 4 145 тон элітнага насення збожжавых (+2092 тоны да мінулагодняга), намалочана 6076 тон насення каштоўнага кармавога прадукту — рапсу — пры ўраджайнасці ў 63,9 ц/га. Парадавалі сёлета і цукровыя буракі. Іх сабрана 35867 тон, на 4450 тон больш, чым летась. Ураджайнасць склала 969 ц/га.
Нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў — 83000 тон сіласу і 26000 тон сенажу. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы забяспечанасць травянымі кармамі склала 24,5 цэнтнера кармавых адзінак. Больш за 4200000 рублёў было затрачана на мадэрнізацыю і абнаўленне машынна-трактарнага парку.
Мікалай Вячаслававіч таксама асобна спыніўся на пытаннях жывёлагадоўчай галіны, якая фарміруе асноўны бюджэт сельгаспрадпрыемства. Яе лакаматывам застаецца малочная жывёлагадоўля . Тут забяспечаны значны прырост вытворчасці малака? Надоена 27294 тоны (+793 да мінулагодняга паказчыка), удой на карову склаў 9427 кг (+192 кг). Рэнтабельнасць ад рэалізацыі малака па выніках 10 месяцаў склала 56,5%.
Стабільна развіваецца і галіна вытворчасці мяса буйной рагатой жывёлы. За 10 месяцаў вырашчана 5169 тон ялавічыны, або 102% да мінулагодняга, на перапрацоўку накіравана 5861 тона мяса (+353 тоны).
Мікалай Радаман спыніўся таксама на тых захадах, якія прадпрымаюцца для выпраўлення сітуацыі ў птушка- і свінагадоўчай галінах. Яна паступова паляпшаецца. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі мяса цыплянят-бройлераў за 10 месяцаў гэтага года склала 17%, а рэнтабельнасць прадукцыі, якая рэалізуецца на экспарт, перавысіла 60%. Заканчваецца рэканструкцыя двух будынкаў свінакомплексу. На дадзены момант гаспадаркай набыта 1056 галоў рамонтнага маладняку датскай селекцыі з высокім генетычным патэгцыялам. Да канца года плануецца павялічыць пагалоўе да 1800 галоў, ад якіх атрымаецца здаровы, высокапрадуктыўны маладняк.
У далейшым у СВК “Агракамбінат Сноў” ёсць мэта не толькі атрымліваць мяса ад вырошчвання свіней, але і паглыблена займацца селекцыйнай работай.
У любым выпадку, сельгаспрадпрыемства застаецца флагманам сельскагаспадарчай вытворчасці нашай краіны і ставіць перад сабой новыя высокія арыенціры. Яго прадукцыя паступае на прылаўкі магазінаў Мінска і Мінскай, Брэсцкай, Гродненскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама за межы нашай краіны — у Расійскую Федэрацыю і Кыргізстан.
Дасягнутыя вытворчыя і эканамічныя вынікі дазваляюць агракамбінату вырашаць сацыяльныя пытанні. Тут ёсць усё неабходнае для камфортнага жыцця: добраўпарадкаванае жыллё, школы, дзіцячыя садкі, басейн, амбулаторыя, магазіны, дзіцячы забаўляльны цэнтр.
Нездарма першымі артыстамі, якія павіншавалі працаўнікоў “Снова” з прафесійным святам, былі вучні Сноўскай СШ — юнае пакаленне снаўчан. Яны прывіталі сваіх землякоў прыгожымі вершамі пра сельскагаспадарчую працу, выклікаўшы на іх тварах добрыя ўсмешкі, і тым самым задалі тон усяму святочнаму мерапрыемству, якое атрымалася душэўным і яскравым.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.