Чарговая акцыя па азеляненні тэрыторый прайшла ў Нясвіжы. На гэты раз у экалагічнай справе свае намаганні аб’ядналі раённае ўнітарнае прадпрыемства “Нясвіжская ЖКГ” і супрацоўнікі Нясвіжскага раённага аддзела следчага камітэта.
Як ужо раней паведамлялі “Нясвіжскія навіны”, работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі штодзень падтрымліваюць чысціню ў райцэнтры, “адпраўляюць на зімоўку” клумбы, сочаць за станам дрэў, выконваюць фармовачную абрэзку, займаюцца кампенсацыйнай пасадкай кустоў і дрэў у розных частках горада, працуюць у гарадскім парку, каб ліквідаваць наступствы моцнага ветру, які знішчыў на тэрыторыі шмат дрэў, — распілоўваюць і вывозяць паваленыя дрэвы, голле. Цяпер стаіць задача — на месцы знішчаных паса- дзіць маладыя дрэўцы. Частку гэтай работы ўзялі на сябе ўдзельнікі штогадовай дабравольнай рэспубліканскай акцыі ”Аднавім лясы разам!“: на мінулым тыдні супрацоўнікі раённага аддзела следчага камітэта ўнеслі свой уклад у добраўпарадкаванне Нясвіжчыны. Яны высадзілі новыя клёны, дубы, каштаны і ніцую вярбу, якія прадаставіў гадавальнік мясцовай ЖКГ.
Асенняя кампанія па добраўпарадкаванні працягваецца. Кожны жыхар Нясвіжчыны можа зрабіць добрую справу: прыбраць апалае лісце каля свайго двара, паса- дзіць дрэўца або куст, каб ўвесну прырода, абудзіўшыся, парадавала жыхароў і гасцей горада новымі свежымі лісточкамі ў парку, скверах, абапал вуліц.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.