Сярод тых, хто пачаў вызваляць Беларусь восенню 1943 года, быў ураджэнец Добрушскага раёна, а пасля вайны — жыхар нашага райцэнтра, настаўнік, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа Павел Кузьміч Прануза.
Якраз у 1941-м ён скончыў Гомельскі педагагічны інстытут, а тут пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна абарвала ўсе планы, усе мары, прынёсшы ў жыццё боль і журбу. 23-гадовага юнака адразу мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Трапіў ён на Бранскі фронт. Савецкія войскі адступалі. “Балюча было пакідаць родную Беларусь, — успамінаў Павел Кузьміч. — развітаўся я з многімі сябрамі, некаторыя згубіліся пры адступленні.” Пасля ён ваяваў на Цэнтральным і I Беларускім франтах, у зенітна-артылерыйскай дывізіі рэзерву Галоўнага камандавання. Быў стралком-артылерыстам у званні сяржанта.
На беларускую зямлю іх 3-я гвардзейская дывізія рэзерву Галоўнага камандавання з вызваленчымі баямі ўступіла ў раёне Добруша, адкуль Паўлюк Прануза пайшоў на фронт у 1941-м. яго зенітная часць прымала ўдзел у вызваленні Лоева і Рэчыцы, дывізіі было прысвоена званне Рэчыцкая.
У час ажыццяўлення наступальнай аперацыі “Баграціён” летам 1944 года сяржант Прануза са сваімі аднапалчанамі вызваляў Нясвіж, Сноў, Баранавічы, Слонім…
Павел Кузьміч успамінаў у мірны час: “Мне давялося ў складзе I Беларускага фронту вызваляць многія гарады рэспублікі. У нашай батарэі служылі рускія, украінцы, казахі, беларусы. І ўсім нам балюча было глядзець на руіны Гомеля, спалены Лоеў, разбіты Бабруйск, палаючыя Нясвіж, Баранавічы, Слонім…”.
Балюча — ўсім. Бо дзяржава ў нас была адна. Бяда была на ўсіх адна. І гераічны парыў — перамагчы ворага, што б гэта ні каштавала — адзіны на ўсіх, на ўвесь шматнацыянальны савецкі народ.
Затым Павел Кузьміч вызваляў ад акупантаў Польшчу, дайшоў да Берліна, пакінуў на сцяне рэйхстага свой “аўтограф”. Узнагаро- джаны ён ордэнамі Славы 3-й ступені, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.
У рэдкія хвіліны франтавога зацішша ў сэрцы паэта нараджаліся вершы. Гэта былі радкі скрухі і болю, пачуцця помсты ворагу і радасці ад хай невялічкай, але перамогі, гонар за беларусаў-герояў, якія жыцця не шкадавалі дзеля высакароднай справы вызвалення роднай зямлі ад ворага. У газеце Бранскага фронту “На разгром врага” ён надрукаваў свой верш “Ребенок” на рускай мове, на які, дарэчы, адгукнуліся і згубленыя на дарогах вайны сябры. Некалькі вершаў на беларускай мове Павел Кузьміч паслаў у газету “Савецкая Беларусь”, якая выдавалася ў Маскве. У адказ атрымаў нумар газеты за 7 кастрычніка 1942 года, дзе былі змешчаны яго творы.
Сёння мы публікуем тры вершы Паўлюка Пранузы. Яны — як вестка з далёкіх ваенных гадоў. З Бранскага фронту. Як хвалі ўзрываў, як водбліск пажараў. Як рэха мінулай вайны.
І ў мірныя дні ўспаміны пра франтавыя будні ажывалі, сціскаючы сэрца, і выліваліся ў вершаваныя радкі.
Батарэя
На фронце цішыня — пагроза
Снарадаў, мін, імклівых куль.
Ляцяць, гугнявяць бамбавозы,
Хто запрашаў сюды адтуль,
З краін чужых, абрабаваных
Арыйскай бруднаю рукой?
Мы на мясцах, падрыхтаваны.
На батарэі супакой.
Каманда строгая камбата —
Снарады метка па крыжах.
А хуткастрэльныя гарматы
Загарачыліся, дрыжаць.
У небе ліпеньскім, блакітным
Хмурынкай чорнаю дымок.
Хіснуўся “Месершмідт” падбіты
Непаваротлівы набок.
У сэрцах перамогі радасць,
Няма ёй берагоў, канца.
Хвала зеніткам і снарадам
І загартованым байцам!
1942 г.
Журавы
Густа верасень росы рассыпаў
На самоту апошняй травы.
У блакіце трывожныя ўсхрыпы:
Ну, куды вы, куды, журавы?
Там не злічаць пажарышчаў кулі,
І чужына не ў ціхай красе.
Мо над хатай журботнай матулі
Добры вецер ваш клін пранясе.
Прывітайце, махніце ім крыллем,
Хай няшчасце яе абміне,
Каб не думала: сына забілі,
Хоць і вестак няма ад мяне.
І лятуць, і лятуць за акопам,
Цені гаснуць у змроку травы.
Дымам, смерцю сустрэне Еўропа.
Ну, куды вы, куды, журавы?
1943 г.
Мы ў сяло ўступілі
Мы ў сяло ўступілі. Злосна кулі
Свой смяротны спеў яшчэ вялі.
Падышла да нас з вядром бабуля,
А як прагна мы ваду пілі.
Мы спыталі пра сыноў, унукаў.
Колькі болю ў глыбіні вачэй!
І вядро, бы келіх, з рук у рукі
Мы перадавалі — пі хутчэй.
Час на захад нам, час развітацца,
Кажа, усміхнуўшыся, яна:
— Дарагія! А мне толькі дваццаць,
Так мяне састарыла вайна.
1974 г.