Гэтымі днямі поўным ходам ідзе вакцынацыя супраць грыпу, якая будзе праводзіцца яшчэ і ў лістападзе. Пазней рабіць прышчэпку не мае сэнсу — не паспее выпрацавацца імунітэт. Калі мы зазірнём у гісторыю, то ўбачым, што першыя клінічныя выпрабаванні вакцыны супраць грыпу праводзіліся ў 1930-х гадах, але нават і амаль праз сто гадоў не заціхаюць спрэчкі аб тым, ці трэба рабіць прышчэпкі ад грыпу або арганізм чалавека справіцца з вірусам самастойна. Разважаючы аб сэнсе вакцынацыі, важна разумець, як менавіта прышчэпка дзейнічае на імунную сістэму і ў чым праяўляецца яе эфектыўнасць.
Усе вакцыны супраць грыпу шматкампанентныя. Яны могуць абараняць ад трох ці ад чатырох сератыпаў вірусаў грыпу А і В. Найбольшае распаўсюджванне на рынку атрымалі інактываваныя, субадзінкавыя грыпозныя вакцыны. Яны ўтрымліваюць два галоўныя антыгены кожнага з сератыпаў віруса, супраць якіх яны накіраваны.
Пасля ўвядзення вакцыны хвароба не развіваецца, але імунная сістэма пазнае чужародныя бактэрыяльныя або вірусныя пазнакі — антыгены, і ў якасці рэакцыі ў адказ запускае выпрацоўку спецыфічных ахоўных імунных клетак (Т-клетак або “клетак памяці”) і антыцелаў. Такім чынам, атрымліваючы ў асобе вакцыны слабога суперніка, імунная сістэма актывуецца і назапашвае ўзбраенне (антыцелы), каб пры сустрэчы з натуральным патагенам у будучыні мець дастатковую абарону.
Ці магчымая шкода ад гэтай прышчэпкі? Калі так, то як і як часта?
Кожная вакцына мае свае пабочныя дзеянні. Верагоднасць іх узнікнення такая ж, як і пры прыняцці любога медыцынскага прэпарата. Па-першае, гэта алергічная рэакцыя (анафілактычная рэакцыя). Пры распрацоўцы многіх вакцын супраць грыпу выкарыстоўваюць курыныя эмбрыёны. Вірусныя бялкі падчас вытворчасці праходзяць старанную ачыстку, перш чым патрапіць у прэпарат, але ў лю- дзей з алергіяй на яечны бялок вакцынацыя вельмі рэдка можа выклікаць неадкладную непажаданую рэакцыю. Таму пасля любой прышчэпкі варта мінімум 30 хвілін пасядзець каля прышчэпачнага кабінета на выпадак, калі спатрэбіцца экстраная дапамога лекара.
Іншыя пабочныя эфекты агульныя. Яны ўзнікаюць у першыя некалькі дзён пасля вакцынацыі. З вакцынай у арганізм уводзяць чужароднае рэчыва (антыген), адбываецца імунны адказ. Гэта значыць арганізм змагаецца з інфекцыяй, выпрацоўвае антыцелы. У гэты час пацыент можа адчуваць слабасць, у яго можа нязначна павысіцца тэмпература цела. Урачы рэкамендуюць багатае пітво і спакой, каб дапамагчы арганізму. Калі стан пагаршаецца, прызначаюць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты.
Вакцына дзейнічае такім чынам, што з кожным днём чалавеку робіцца лепш. Поствакцынальная рэакцыя выяўляецца ў першы дзень. Далей стан арганізма толькі паляпшаецца.
Рабіць прышчэпку ад грыпу ці не, кожны чалавек вырашае самастойна. Але яму трэба помніць, што вакцына эфектыўная, бо дазваляе арганізму справіцца з хваробай без цяжкіх пабочных эфектаў і смяротнага зыходу.
І апошні довад на карысць прышчэпкі: дзе б мы былі, каб у свой час не праходзілі вакцынацыю ад воспы, туберкулёзу, адзёру і іншых вельмі небяспечных хвароб? Хутчэй за ўсё, нас бы сёння не было. Таму — выбірайма прагрэс і навуку, а не ўласныя страхі, у большасці сваёй — беспадстаўныя. І будзем здаровыя!