Гжэгаж (Рыгор) Вікенцьевіч Каласоўскі (1909 — 1991 гг.) нарадзіўся ў в. Груды Баранавіцкага раёна ў сялянскай набожнай сям’і рымска-каталіцкага веравызнання. У 1939 г. ён скончыў Пінскую духоўную семінарыю і быў накіраваны ў Нясвіжскую парафію. Пэўны час працаваў з ксяндзом-дэканам Мечыславам Кубікам, якога падчас нямецкай акупацыі фашысты арыштавалі і расстралялі. У 1942 годзе быў арыштаваны і ксёндз Каласоўскі — за тое, што не кланяўся нямецкаму афіцэру на вуліцы. Шэсць тыдняў ён знаходзіўся ў турме. Пасля вызвалення з яе абслугоўваў пяць парафій, дзе не было святароў — іх ворагі расстралялі.
“Немцы аддалі загад здаваць у дзяржаву рэчы з каляровых металаў. Наказалі таксама здаць званы касцёла і пішчалкі ад аргана, — расказваў пазней ксёндз Каласоўскі. — Атрымаў фальшывае пасведчанне, што гэтыя рэчы ўжо зда- дзеныя, а я іх схаваў. Пагражала гэта расстрэлам”. У 1944-м годзе немцы, калі адступалі, падпалілі касцёл запальнымі снарадамі. Святар з парафіянамі патушылі пажар. Толькі дах і маленькі купал згарэлі поўнасцю. Трэба было ратаваць касцёл. Бо ў дажджлівае надвор’е мог быць страчаны ўцалелы фрэскавы роспіс. Задача стаяла складаная: вольных людзей не было, пайшлі на фронт, не было інжынера-будаўніка, тэхнічнай дакументацыі. У хуткім часе адшукалі майстроў-верхалазаў — Антона Шыхера, Адама Жалняркевіча і іншых. Ім выдалі бронь ад мабілізацыі. Работа ішла, а каб заплаціць за яе, трэба было ездзіць па вёсках і збіраць прадукты. “Некаторыя людзі смяяліся з гэтага, — апавядаў ксёндз, — казалі, што кінуўся з матыкай на сонца і што нічога з гэтага не будзе — вайна ідзе”. Але настойлівасць, энергічнасць святара прынеслі плён. Праз тры месяцы дах стаяў на касцёле, каштоўныя рэліквіі, скарбніца матэрыяльнай і духоўнай культуры былі выратаваны. Ксёндз Гжэгаж і далей клапаціўся пра захаванне духоўных каштоўнасцей. У 1980 г. у касцёле Божага Цела сіламі маскоўскіх рэстаўратараў аднавілі абраз “Тайная вячэра”, напісаны ў 1753 — 1754 гг. мастаком К.Д. Гескі. Карціна ўпрыгожвае галоўны алтар храма.
Пробашч і дэкан Гжэгаж Каласоўскі вёў пастырскае служэнне ў Нясвіжы ўсё сваё свядомае жыццё, выхоўваючы вернікаў у духу хрысціянскай маралі. У 1990 г. ён атрымаў званне прэлата ад Яго Свяшчэнства Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ. У 2002 годзе ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа” — ён вельмі шмат зрабіў для Нясвіжа і нясвіжцаў.
Ксёндз сябраваў з праваслаўным святаром протаіерэем Дзмітрыем Пятровічам Хмелем. Яны абодва выконвалі наканаваную лёсам місію — несці лю- дзям слова Божае, вучыць іх задумвацца над сваім прызначэннем, быць справядлівымі і міласэрнымі, паважліва ставіцца да прыхільнікаў іншай веры. Іх словы ядналі, бо ўспрымаліся самымі глыбокімі фібрамі душы чалавека.