Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -0 °C

Маўклівыя сведкі мінулага

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 4

Пост опубликован: 24.10.2023

Нясвіжчына — сапраўдны дыямент у скарбонцы гістарычных каштоўнасцей Беларусі. Тут мінулае цесна пераплятаецца з сучаснасцю, тут чуецца подых стагоддзяў. Палац Радзівілаў, касцёл, Слуцкая брама… Пералік можна працягваць бясконца. Але сёння я прапаную зазірнуць у іншае гістарычнае мінулае, не такое вядомае, але не менш слаўнае.
У нашым раёне ёсць архітэктурныя помнікі, аб якіх ведаюць толькі мясцовыя жыхары. Тут не праходзяць экскурсіі і не спыняюцца турыстычныя аўтобусы. Кожны архітэктурны помнік — асобная гісторыя былой велічы і прыгажосці. Усё на гэтым свеце не вечна, а чалавечае жыццё — імгненне перад тварам вечнасці. Змяняецца час, эпохі, улада, і толькі яны стаяць — маўклівыя сведкі даўніны, бясцэнныя каштоўнасці зямлі продкаў. Праходзьце са мной, шаноўныя чытачы, і я пакажу вам іншую Нясвіжчыну, таямнічую і надзвычай чароўную.



Палац Рдултоўскіх у Снове

Маўклівыя сведкі мінулага

Палац Рдултоўскіх у Снове

Першая кропка нашага падарожжа — палац-ся- дзіба Рдултоўскіх. Усім, хто праязджае каля яе, вельмі хочацца спыніцца: прываблівае парк, у цяні якога віднеецца сам палац. З дарогі нельга ўбачыць усё яго хараство, а, між іншым, палац у Снове — адзін з найпрыгажэйшых архітэктурных ансамбляў Беларусі. Калі заглыбіцца ў гісторыю гэтай мясцовасці, то першая ўзгадка пра Сноў прыпадае на XV стагоддзе. Тады гэта зямля ўваходзіла ў Навагрудскае ваяводства ВКЛ. Да вядомага роду Рдултоўскіх яна адышла значна пазней. Дакладна вядома, што ў 1827 годзе Казімір Рдултоўскі па праекту архітэктара Тычэцкага распачаў будаўніцтва вялікага маёнтка ў стылі класіцызму. Даўжыня палацавага будынка была 140 метраў, у ім размяшчаліся сотні пакояў і залаў. Пры жыцці свайго першага гаспадара палац у Снове быў у росквіце, і на той момант быў адным з цэнтраў культурнага жыцця наваколля. Тут актыўна развівалася сельская гаспадарка і раслінаводства, нават працавала невялікая суконная фабрыка. Вакол палаца раскінуўся шыкоўны парк — сапраўдны шэдэўр ландшафтнага дызайну. Яго шырокія алеі, абсаджаныя паабапал векавымі дрэвамі, дэкаратыўнымі кустамі, садовымі дрэвамі, захавалі сваю былую прыгажосць і атмасфернасць да гэтага часу. На тэрыторыі маёнтка калісьці размяшчаўся і дэкаратыўны водны басейн, сістэма каналаў якога стварала невялікія астравы. Іх, дарэчы, можна ўбачыць і сёння. Непасрэдна палац пабудаваны з цэглы, а яго кампазіцыя цалкам адпавядае класічным канонам: галоўны фасад упрыгожаны чатырохкалонным порцікам, а да яго цэнтральнай часткі прымыка- юць двухпавярховыя карпусы. Ансамбль працягваецца доўгай аднапавярховай амфіладай, упрыгожанай калонамі. Калісьці тут размяшчаліся службовыя памяшканні і пакоі прыслугі. Унутранае ўбранства палаца было выканана ў даволі стрыманай манеры. У параўнанні з другімі тагачаснымі палацамі, можна сказаць, нават сціпла. Але свае адметнасці ўсё ж былі. Чаго толькі вартая парадная зала з калонамі!
Пасля смерці Казіміра Рдултоўскага, палац перайшоў у спадчыну да яго сына Еўстафія, які не мог пахваліцца бездакорнымі паводзінамі і быў вядомым на ўсю акругу карцёжнікам. Свой палац у Снове ў 1854 годзе ён прайграў у карты барону Густаву Гарцінгу. З гэтага пачынаецца зусім новая гісторыя памесця. Вядома, што ў 1925 годзе палац быў прададзены, а ў былых шляхецкіх пакоях размясціліся польскія афіцэры. Пазней тут быў арганізаваны ваенны шпіталь. Сам будынак ніколі не змяняўся, а вось паркавы ансамбль мае ўжо зусім іншы выгляд. Варта адзначыць, что ўвесь комплекс выдатна захаваўся да нашых дзён.

Сядзіба Абуховічаў у Галаўцах

Маўклівыя сведкі мінулага

Былы сядзібны дом Абуховічаў

Гісторыя шляхецкага роду Абуховічаў цесна звязана з гісторыяй Нясвіжчыны. Калісьці яны былі багатымі і ўплывовымі людзьмі ў нашай мясцовасці, менавіта ім належалі і многія землі. Іх асноўная рэзідэнцыя размяшчалася ў Вялікай Ліпе. На сённяшні дзень ад былога велічнага палаца там захавалася толькі ўязная арка і некалькі будынкаў гаспадарчага прызначэння. А вось іх сядзіба ў Галаўцах захавалася значна лепш. Дакладна вядома, што ніхто з Абуховічаў там ніколі не жыў, гэтая сядзіба здавалася ў арэнду. Ад калісьці прыгожага і вялікага ся- дзібнага дома сёння засталіся руіны. Яго апошні гаспадар — Напалеон Абуховіч. Калісьці дом быў двухпавярховым: першы паверх быў цагляным, другі — драўляным. Будынак быў выкананы ў стылі мадэрну з некаторымі элементамі класіцызму. Дакладна невядома, калі быў пабудаваны гэты сядзібны дом, але, хутчэй за ўсё, адбылося гэта напрыканцы XIX стагоддзя. Галоўны ўваход быў аздоблены класічным порцікам, які, на жаль, не захаваўся. Але аб тым, што ён быў менавіта такім, сведчаць рэшткі калонаў. Ся- дзібны дом быў сіметрычным, з арачнымі вокнамі па баках. Унутраная планіроўка даволі складаная, яе першапачатковы выгляд аднавіць немагчыма — у савецкі час тут адбылося мноства змен і перабудоў. У левай частцы сядзібы ёсць аднапавярховы будынак, які па форме прынцыпова адрозніваецца ад асноўнага. Гэта былая лядоўня — своеасаблівы пограб для захоўвання прадуктаў.
Сядзіба Абуховічаў адметна яшчэ і тым, што тут засталіся руіны былога бровару. Калісьці тут размяшчаліся яшчэ і вінакурня, і цагляны завод.
Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўся маёмасць Абуховічаў была нацыяналізавана і аддадзена на патрэбы мясцовых гаспадарак. Дарэчы, сядзібным домам і броварам карысталіся аж да 1990 года.
Месца ўвогуле вельмі цікавае, руіны сядзібнага дома проста захапляюць. Яго варта наведаць, бо тут пануе дух даўніны, а вецер, які гуляе па былых пакоях, быццам расказвае дзіўную гісторыю гэтай мясцовасці. Кожная цагліна тут — маўклівы напамін аб тых, хто жыў да нас, аб хуткаплыннасці чалавечага жыцця. Гэта месца для душэўнага заспакаення і знаходжання сам насам з уласнымі думкамі, для роздуму над жыццём і яго імклівасцю.

Касцёл у Новых Навасёлках

Маўклівыя сведкі мінулага

Сцены касцёла ў Новых Навасёлках

Касцёл у вёсцы Новыя Навасёлкі варта разглядаць у комплексе са старымі могілкамі. Унутр будынка сёння зазірнуць нельга: дзверы на- дзейна зачынены на замок, але пабываць паблізу ўсё ж варта. Могілкі і касцёл — яскравы прыклад даўнейшага пахавальнага цэрыманіялу. Сцены будынка відны ажно з дарогі. Ён быў закладзены ў першай палове XVIII стагоддзя. Калі б не могілкі, якія акружаюць руіны, здагадацца аб тым, што гэта культавае збудаванне, было б не так і лёгка. Адметнасць касцёла ў тым, што яго першапачатковы план быў выкананы па аналогіі з Нясвіжскім фарным касцелам Божага Цела. Дакладна вядома, што распачаў будаўніцтва нясвіжскі ксёндз Трацкевіч. На прыкладзе навасёлкаўскага касцёла можна ўбачыць, што складаны лёс бывае не толькі ў людзей, але і ў будынкаў. Першае няшчасце адбылося з ім яшчэ на пачатку XIX стагоддзя — абрушылася вялікая частка даху і сцяна. Поўнасцю аднавіць касцёл не было магчымасці, таму некалькі дзесяцігоддзяў ён так і знаходзіўся ў заняпадзе. Пасля касцёл быў перабудаваны ў праваслаўны храм, але і тут адбылося няшчасце — пажар знішчыў амаль увесь інтэр’ер. У 20-я гады XX стагоддзя будынак зноў вярнуўся да каталіцкіх вернікаў. Аднак, з прыходам савецкай улады ў ім зрабілі склад. І сёння руіны касцёла велічна ўзвышаюцца пасярод старых могілак, нібы распасцёршы рукі ў вечнай малітве да нябёсаў.
Нясвіжчына надзвычайна багатая на гістарычныя каштоўнасці. Многія з іх вядомыя на ўвесь свет, а некаторыя зараз пакінутыя. Нельга забываць, што ўсе яны — маўклівыя сведкі мінулага, у кожнага з іх свая ўласная гісторыя, якая цесна пераплецена з лёсам нашых продкаў, дзяржавы і нашай роднай Нясвіжчыны.

Падрыхтавала
Ірына Ефішова.
Фота з адкрытых крыніц.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!