Міхаіл Іванавіч Мацэль (1936 — 2018 гг.) — адзіны ў нашым раёне заслужаны будаўнік Беларусі. Гэтае ганаровае званне атрымаў у 1968 годзе. Сваёй прафесіі ён аддаў 49 гадоў жыцця — з 1952 да 2001-га. Асвоіў некалі спецыяльнасці цесляра, тынкоўшчыка, муляра, меў высокі рабочы разрад. Працаваў брыгадзірам на будоўлі ў Цвярской вобласці. З 1958 г. — зноў на роднай Нясвіжчыне. На будаўніцтве Гара- дзейскага цукровага завода ўзначальваў брыгаду муляраў, якая ўзводзіла галоўны корпус і склад гатовай прадукцыі.
Пазней, калі завочна вучыўся ў Магілёўскім будаўнічым тэхнікуме, яго прызначылі майстрам у міжкалгасбудзе. Працавалі хутка і якасна, здавалі ў эксплуатацыю шмат аб’ектаў. Малочна-таварную ферму “Прасці”, майстэрню і збожжасховішча ў тадышнім калгасе імя Дзяржынскага (ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”), адміністрацыйны будынак, клуб, жылыя дамы, фермы ў калгасе імя Калініна (СВК “Агракамбінат Сноў”), дзіцячы сад у Высокай Ліпе, новую школу ў Затур’і, комплекс па вырошчванні цялушак і камбікормавы завод у “17 Верасня”, кантору ў калгасе імя Леніна ў в. Вялікая Быхаўшчына, кормапрадпрыемства ў “1 Мая”, свінакомплекс у Лані, новую калгасную кантору ў “Новым жыцці” і там, у Аношках, — цэлую вуліцу аднакватэрных жылых дамоў першага ў Беларусі сельскага жыллёва-будаўнічага кааператыву. Міхаіл Іванавіч ужо працаваў прарабам. Яго ўчастак даваў 40% плана будаўнічых работ міжкалгасбуда. Веды і вопыт Міхаіла Мацэля ўсюды былі дарэчы, усюды патрэбны, і ён аддаваў іх любімай рабоце.
Шмат яго аб’ектаў і ў Нясвіжы. Жылыя дамы па вуліцы Ленінскай, вытворчая база камунальнай гаспадаркі, адміністрацыйныя будынкі ДРБУ №168, райгазу і раёна электрасетак, СШ №4, дзіцячы сад №5, універсам, сталовая на вул. Савецкай. Некаторыя аб’екты апошнім часам памянялі сваю назву і функцыянальнае прызначэнне. Але яны — ёсць, яны запатрабаваны, з’яўляючыся прыкметным следам на зямлі, які пакінуў наш зямляк са сваімі калегамі.
У 1974 г. Міхаіл Мацэль стаў галоўным інжынерам, у 1982-м — старшынёй будаўнічай арганізацыі. Была вялікая адказнасць за калектыў, за яго справы, за аб’екты. Калі мы сустракаліся з ім, гутарылі, Міхаіл Іванавіч заўсёды называў сваіх надзейных памочнікаў, спецыялістаў будаўнічай галіны — Любоў Сень, Генадзя Кучынскага, Мар’яна Татаржынскага, Уладзіміра Краскевіча. Казаў: “Гэта была добрая апора”. На аб’ектах яны выконвалі літаральна ўсе работы, не аддавалі іх субпад- радчыкам. Працавалі ў калектыве людзі самых розных спецыяльнасцей, валодалі дзвюма-трыма сумежнымі. У яго прыходзілі з ахвотай, тут ствараліся належныя ўмовы для работнікаў. Зразумела, што і патрабаванні ставіліся адпаведныя.
У 1974 г. М.І. Мацэля ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”. Атрымліваў ён Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, граматы ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦспС і ЦК ВЛКСМ, граматы Дзяржбуда СССР і БССР.