1974 г., студзень. Нясвіжскае ордэна Леніна райаб’яднанне “Сельгастэхніка” прызнана пераможцам усесаюзнага спаборніцтва за 1973 г. і ўзнагароджана Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ.
Кінафікатары раёна выйшлі на першае месца ў вобласці, абслужыўшы за год 592 тысячы гледачоў.
Снежань. Гарадзейскі цукровы завод адзначыў 15-годдзе. Яму ўручаны Чырвоны сцяг Міністэрства харчовай прамысловасці СССР і ЦК прафсаюза работнікаў харчовай прамысловасці.
1975 г., студзень. У сувязі з 50-годдзем кінематаграфіі БССР старэйшаму кінамеханіку раёна Р.В. Булгаку прысвоена званне “Выдатнік кінематаграфіі Саюза ССР”.
Люты. Па выніках усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва за 1974 г. у галіне сельскай гаспадаркі раёну ўручаны пераходны чырвоны сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ.
Наш раён прызнаны пераможцам абласнога спаборніцва за 1974 г. у галіне прамысловасці і будаўніцтва. Яму ўручаны пераходны сцяг абкама партыі і аблвыканкама.
Ідучы насустрач 30-годдзю Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй, у раёне аб’явілі працоўную вахту ў гонар гарадоў-герояў.
Май. 30-годдзе адзначыў санаторый “Нясвіж”. За гэты час тут адпачылі звыш 70 тыс. чалавек. Калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя БССР і БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя як пераможца сацспаборніцтва.
Лістапад. Пасёлак Сноў узнагароджаны Дыпломам 1-й ступені ВДНГ СССР — за найлепшыя ўмовы для жыцця і працы сельскіх жыхароў.
1976 г., люты. Нясвіжскі раён за дасягнутыя поспехі ў 1975 г. узнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Пераможцам усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ён быў прызнаны таксама па выніках работы 1981 і 1983 гг.
Гарадзейскі цукровы завод узнагароджаны памятным знакам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ “За працоўную доблесць у дзявятай пяцігодцы”, а таксама пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ з занясеннем на Усесаюзную дошку гонару на ВДНГ СССР за дасягненні ў 9-й пяцігодцы.
Сакавік. У Маскве прайшоў XXV з’езд КПСС, дэлегатам якога была і наша зямлячка — даярка саўгаса “Буракаводчы”, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР тамара Уладзіміраўна Распатнюк.
27 снежня. Выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Сацыялістычнай Працы свінарцы калгаса імя Калініна нашага раёна Алене Андрэеўне Сцепановіч за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва ўсесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.