Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -1 °C

У кожнае дзіця закладзена любоў да мамы і таты

Софья ЛЮБАНЕЦ 1 год назад 0 2

Пост опубликован: 23.10.2023

21 кастрычніка — Дзень бацькі

Сёлета ў Беларусі другі раз будзе адзначацца новае свята — Дзень бацькі, які быў ўстаноўлены Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 9 чэрвеня 2022 г. №198.

Гэта дата была абрана для святкавання Дня бацькі невыпадкова, паколькі ў Беларусі склалася шматгадовая традыцыя адзначаць 14 кастрычніка Дзень маці, і зараз з’явілася магчымасць з 14 па 21 кастрычніка праводзіць бацькоўскі тыдзень, падчас якога адбываецца мноства мерапрыемстваў, закліканых папулярызаваць і ўшаноўваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.



У адным з іх, што прайшло ў дзіцячым садку №1 г. Нясвіжа “Чароўная краіна”, прынялі ўдзел Назар і Кацярына Шустал, якія выхоўваць пяцігадовага сыночка Дамініка. Гэта сям’я — сапраўдны ўзор удалага саюза “фізіка і лірыка”, якія выдатна дапаўняюць адзін аднаго: галава сям’і займаецца рэалізацыяй сельгасабсталявання для малочна-таварных фермаў, а месца працы яго жонкі — сцэна. Кацярына — метадыст сацыякультурнай дзейнасці раённага цэнтра культуры і добра вядома наведвальнікам РЦК як выдатная вядучая і спявачка.
На пытанне, ці прытрымліваюцца ў іх сям’і традыцыйнага падзелу на мужчынскія і жаночыя абавязкі, мае суразмоўцы адказалі, што ў немалой ступені гэта так, аднак заўсёды ёсць скідка на абставіны: напрыклад, калі мама затрымліваецца на рабоце, то тата выдатна спраўляецца з прыгатаваннем вячэры і робіць гэта па-майстэрску, а вось ужо мыццё посуду і навя- дзенне чысціні і парадку ў кватэры — гэта ўжо больш абавязак жонкі, з чым яна абсалютна згодна.
Дамінік вучыцца ў бацькоў уменню дамаўляцца і адказна ставіцца да сваіх, хоць яшчэ і маленькіх, дзіцячых абавязкаў.
— Сыну было два гадкі, — з усмешкай узгадвае Назар, — калі мы з ім клалі ў бабулі ламінат. Ён увесь час не адходзіў ад мяне, не адрываючыся, назіраў, як выконваецца гэта работа. Яму было вельмі цікава. І зараз мы толькі падтрымліваем яго ініцыятыву, калі ён хоча сам нешта зрабіць.
— Дамінік — вельмі дапытлівае дзіця, — дадае Кацярына. — Ён задае шмат пытанняў, яго ўсё цікавіць. Ён ужо добра ведае, што такое малаток, піла, шурупавёрт і нават перфаратар. Адчуваецца, што будучы гаспадар расце.
Яшчэ бацькі ўзгадалі, што калі іх сыну падарылі набор юнага пажарнага, ён адразу вывучыў, што такое вогнетушыцель, рацыя, каска і гэдак далей. А яшчэ Дамінік вельмі любіць збіраць фігуры людзей і жывёл (у тым ліку фантастычных) з дэталей канструктара, спяваць і нават складваць свае першыя дзіцячыя вершыкі.
А на пытанне, якія галоўныя якасці бацькі хочуць выхаваць у сваім сыне, Назар Шустал мудра адзначыў, што тое, што ў іх сям’і расце менавіта сын, накладае на яго, як на бацьку, асаблівую адказнасць:
— Хлопчык — гэта будучы муж, будучы бацька. І ўвогуле — мужчына — гэта той, хто бярэ на сябе адказнасць. Калі дзяўчынцы трэба даць добрае выхаванне і потым знойдзецца той, хто павядзе яе за сабой, то хлопчык павінен будзе весці сам. Таму яму трэба быць настойлівым, мэтанакіраваным і абавязкова ўмець паважаць людзей, каб яны паважалі яго. Калі мне гэта ўдасца, значыць, я справіўся з роляй бацькі. А пакуль буду падаваць свайму сыну добры прыклад!
З гэтымі словамі цяжка не пагадзіцца. І хочацца верыць, што Дзень бацькі стане не менш любімым у нашай краіне святам, чым Дзень маці, таму што ў кожнае дзіця закладзена любоў да мамы і таты як двух палавінак адной душы — бацькоўскай.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!