Меню
Курс $  3.33 | €  3.47 | ₽100  3.25 |
Погода -2 °C

Міжрэгіянальны кірмаш: весела і з карысцю

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 18.10.2023

Ладзіць кірмашы — даўняя традыцыя беларусаў, асаблівы від адпачынку на карысць. Некалі на такія мерапрыемствы выязджалі цэлымі сем’ямі, і менавіта тут можна было не толькі прадаць або купіць штосьці неабходнае, але і сустрэцца са знаёмымі, пагутарыць і, зразумела, павесяліцца.
Сельскагаспадарчыя кірмашы традыцыйна ладзяцца ў нашай краіне ў кастрычніку. Кожная добрая гаспадыня ведае, што на іх можна купіць садавіну і агародніну танней, чым у краме. На першы погляд, можа паказацца, што эканомія невялікая, але калі купіць адразу шмат, то розніца адчуецца.



У мінулую нядзелю на Цэнтральным рынку Нясвіжскага райспажыўтаварыства адбыўся міжрэгіянальны сельскагаспадарчы кірмаш. На гандлёвай пляцоўцы па адрасу Гастэлы, 9 ужо ў 10 гадзін раніцы было мнагалюдна. Жыхары Нясвіжчыны імкнуліся хутчэй пагля-дзець на тавары, якія прывезлі прадаўцы і, зразумела, купіць самае лепшае і свежае.Міжрэгіянальны кірмаш: весела і з карысцю
Паглядзець тут сапраўды было на што: сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і прыватныя гандляры з Нясвіжскага, Клецкага, Стаўбцоўскага раёнаў прывезлі свае самыя лепшыя тавары.
Амаль ля кожнай гандлёвай кропкі з гароднінай збіралася чарга. Капусту можна было набыць у сярэднім па 60 — 70 капеек за кілаграм, моркву і буракі — па 80, цыбуля каштавала 90 капеек за кілаграм. Бульба карысталася асаблівым попытам і каштавала 50 капеек за кілаграм. Кілаграм чырвонага салодкага перцу можна было набыць за 3 рублі. ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” прапанаваў пакупнікам агуркі і памідоры, прычым вельмі высокай якасці, нягледзечы на тое, што сезон гэтых культур ужо скончыўся.
Несвіжанка Алена з мужам Міхаілам прыйшлі на кірмаш, каб набыць капусту, але ў рэшце рэшт пакупкамі амаль што запоўнілі багажнік аўтамабіля.
— Перш за ўсё нас цікавіла менавіта капуста, — з усмешкай гаворыць Алена. — Ужо кастрычнік на вуліцы, і смела можна пачынаць закваску на зіму, кожны год яна ў нас добра разыходзіцца. Кірмаш як раз дае магчымасць купіць яе па добрай цане, ды і ў якасці прадукцыі можна быць упэўненай. Трэба сказаць, сёння выбар шыкоўны, аж вочы разбягаюцца. Акрамя капусты набылі і мяшэчак морквы, і цыбуля вельмі прывабіла мяне. Памідоры таксама ўзяла, мне як раз спадабалася тое, што яны крыху недаспелыя, а значыць яшчэ паляжаць дома, не сапсуюцца. Як высветлілася, шмат чаго нам трэба было набыць. І пакупкамі я вельмі задаволена. Агародніны, купленай на кірмашы, нам павінна хапіць да вясны, а бульба ў нас свая, на ўласным палетку вырасла.Міжрэгіянальны кірмаш: весела і з карысцю
Некалькі гандлёвых кропак прапанавалі мёд розных сартоў. Акуратна выстаўленыя пляшачкі з ім проста прыцягвалі погляд: залацісты, светла-жоўты, амаль белы, цёмна-каштанавы — прыгажосць ды і толькі. Была тут і іншая прадукцыя пчалярства — мёд у сотах і пярга. Аб карыснасці і лекавых уласцівасцях гэтага салодкага прадукту можна гаварыць бясконца. У асенне-зімовы перыяд ён можа добра дапамагчы ў барацьбе з захворваннямі, падняць імунітэт.
Ганна і Уладзіслаў могуць расказваць пра мёд бясконца, іх пасека — сапраўдная сямейная справа, распачатая яшчэ некалі дзедам Уладзіслава. Сямейная пара прыехала на кірмаш аж з Пінска.Міжрэгіянальны кірмаш: весела і з карысцю
— Мы прывезлі на Нясвіжчыну сваю прадукцыю і вельмі радыя таму, што яна карыстаецца попытам, — дзеліцца Ганна. — Для нас гэта вельмі важна, бо пчалярствам займаюцца ўжо некалькі пакаленняў нашай сям’і. Мы вельмі ўважліва і адказна падыхо- дзім да вытворчасці сваёй прадукцыі. На першы погляд можа паказацца, што ўвесь мёд аднолькавы. Аднак гэта не так. Наш мёд можа стаяць гадамі і не страчваць свае карысныя якасці. Увесь сакрэт у стопрацэнтнай натуральнасці прадукту. У нас ёсць яшчэ і інтэрнэт-крама, таму кожны, хто купіў наш мёд на кірмашы і застаўся задаволеным, можа заказаць яго яшчэ раз не выходзячы з дому. А мы заўжды дадзім добрую параду і падкажам, што яшчэ можна паспрабаваць!
Яшчэ адзін вельмі важны прадукт на сельскагаспадарчым кірмашы — збажына. Дбайныя гаспадары, якія вырошчваюць хатнюю жывёлу і птушак, бралі яе мяхамі. Кілаграм пшаніцы, напрыклад, каштаваў 55 капеек. Просты падлік паказвае, што 40-кілаграмовы мяшок абыдзецца ў 23 рублі. І попыт на збожжа быў сапраўды вельмі высокі. Уявіце сабе: у палове адзінаццатага у машыне ААТ “17 Верасня” засталася меншая частка ад прывезенай пшаніцы.Міжрэгіянальны кірмаш: весела і з карысцю
На міжрэгіянальным кірмашы прадаўцы прапаноўвалі вялікі выбар саджанцаў. Ад такой колькасці маладых раслін аж вочы разбягаліся. Яблыні, грушы, вішні, слівы, чарэшні — раннія і познія. Сярэдні кошт дрэўца — 20 рублёў. Тут можна было набыць чорныя і чырвоныя парэчкі, марозаўстойлівыя персікі і нектарыны, абрыкосы. Побач з садовымі дрэвамі і кустамі было і многа дэкаратыўных раслін. Для ўпрыгожання сваёй сядзібы зялёнай агароджай можна было купіць некалькі гатункаў туі, спірэі або брызглінаў. Раннія трускалкі прадавалі па 10 рублёў за 12 каліў. Кусцікі хрызантэмаў можна было купіць ад 7 рублёў.
Кірмаш — гэта не толькі пляцоўка для гандлю, тут заўсёды знойдзецца месца для песень і танцаў. Творчыя калектывы Нясвіжчыны радавалі наведвальнікаў усім знаёмымі вясёлымі і душэўнымі кампазіцыямі. Пачуўшы любімыя песні ў выдатным выкананні народных майстроў, нельга было не затрымацца. Пад “Лявоніху” і “Беларускую польку” ногі так і наравілі кінуцца ў скокі. Ня- гледзечы на восеньскае надвор’е, кірмаш прайшоў весела і з карысцю, а інакш і не бывае на Нясвіжчыне!
Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!