Сёння ў раённым цэнтры культуры прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню Маці.
Самыя добрыя словы ўдзячнасці і любові гучалі ў адрас жанчын, што сабраліся ў зале, ад намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандра Балцянкова і выконваючага абавязкі ваеннага камісара Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Артура Лебедзева. Артур Аляксеевіч, акрамя цёплых слоў віншавання, уручыў падзячныя пісьмы і букеты кветак матулям сыноў, якія зараз праходзяць воінскую службу ва узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, за добрае выхаванне іх дзяцей. На сцэну ўзняліся Наталля Дзенісевіч, Таццяна Клокель, Вікторыя Пяцігор, Ірына Смаляк, Ірына Андросік. Яе, дарэчы, асобна павіншаваў на сцэне і сын Аляксандр, які знаходзіцца зараз у водпуску дома.
Паколькі Дзень маці ў нашай краіне супадае з праваслаўным святам Пакравоў Найсвяцейшай багародзіцы, прысутных у зале жанчын павіншаваў і настаяцель храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца протаіерэй Яўген Лабынько. Ён нагадаў аб тым, што мацярынская любоў — гэта самая дасканалая любоў, якая толькі можа існаваць у матэрыяльным свеце, таму што яна найбольш набліжана да Божай любові да чалавека: як маці любіць сваё дзіця толькі за тое, што яно ў яе ёсць, так і Бог любіць аднолькава ўсіх людзей, якія б яны ні былі. Гэтыя словы нікога не пакінулі раўнадушным.
Ад імя Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” да прысутных звярнулася кіраўнік справамі райвыканкама Таццяна Шумоўская. Яна асабліва падзякавала жанчынам-маці за тое, што ў абсалютнай большасці сваёй яны не абмяжоўваюцца абавязкамі хатняй гаспадыні, а з’ўляюцца і выдатнымі працаўніцамі на сваіх рабочых месцах, падаючы добры прыклад добрасумленных адносін да працы і сваім дзецям.
Асобныя словы падзякі і пашаны за мацярынскі подзвіг былі адрасаваны на свяце шматдзетным матулям, якія нарадзілі і выгадавалі чацвёра і больш дзяцей. Дзве з іх таксама на сцэне паўдзельнічалі ў віктарыне і атрымалі падарункі ад арганізатараў канцэрта.
Што да музычных падарункаў для віноўніц урачыстасці, то яны атрымаліся проста шыкоўнымі — відовішчнымі, рознажанравымі і самае галоўнае — па-майстэрску выкананымі. Неаднаразова зала проста пераходзіла на авацыі, не жадаючы адпускаць артыстаў са сцэны — і маленькіх, і дарослых. Па-мастацку здолелі здзівіць гледачоў юныя ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Арыён” пад кіраўніцтвам Жанны Галавач і ўзорнага танцавальнага калектыву “Онікс”, якім кіруе Кацярына Лабаза, юныя спевакі з вакальнай студыі “Мінутка” Гарадзейскага цэнтра культуры (кіраўнік — Вольга Аляксандровіч), салістка цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна Паліна Дашкевіч.
Адно за другое лепшым былі выступленні народнага ансамбля “Забава” (кіраўнік Вольга Александровіч), народнага ансамбля “Ланская бяседа” (кіраўнік Таццяна Мароз), групы “КVінт”, салістаў Таццяны Казловай і Валерыя Чучмана, Юрыя Кабяка, Іны Філіпавай і Любові Дрык. Сапраўдным яскравым сюрпрызам для публікі сталі дуэт баяна і акардэона, якія “спявалі” ў руках Арцёма Дзеравяга і Аляксея Андросіка, і захапляльнае танга ў выкананні Караліны Ленкавец і Дзмітрыя Дэмуха.
Мяркуючы па доўгіх і гарачых апладысментах залы, якая не шкадуючы далоняў дзякавала артыстам за падораныя незабыўныя ўражанні, свята сапраўды атрымалася і стала выдатным падарункам да Дня Маці ўсім, каму пашчасціла на ім пабываць.