У нядзелю — Дзень настаўніка
“Настаўнік працягваецца ў сваім вучні” — такой фразай рэзюмуе нашу гутарку Вадзім Лабазін. У педагагічных колах ён вядомы як выкладчык па робататэхніцы. Але калі гаварыць афіцыйна, то Ва- дзім Аляксандравіч — настаўнік фізікі, інфарматыкі і астраноміі ў трэцяй школе Нясвіжа. Калісьці, дарэчы, і ў мяне фізіку вёў у Нясвіжскай гімназіі.
Шлях у прафесію ў героя публікацыі пачаўся з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
— З дзяцінства мяне вабілі дэталі, механізмы. Цікавіла, як яны працуюць, адкуль у лямпачцы святло? Або чаму ў разетках электрычнасць? Шмат было розных “чаму?”. А фізіка якраз дае адказы на гэтыя пытанні. Таму я і выбраў напрамак “фізіка-інфарматыка”.
А вось на пытанне, чаму менавіта настаўніцтва, педагог адказвае так:
— Мабыць таму, што ў мяне брат абраў такі шлях. Ён таксама вучыўся педагагічнай справе. Я, гледзячы на яго, узважыў усе “за” і “супраць”, ацаніў магчымасці і перспектывы і падумаў: “Чаму б і не?”.
Так і склалася. У 2011-м Ва- дзім Аляксандравіч скончыў сваю ВНУ і вярнуўся ў родны Нясвіж, у родную чацвёртую школу. Затым была армія, пасля яе — работа ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама. Некалькі гадоў пасля Вадзім Аляксандравіч быў настаўнікам фізікі ў Нясвіжскай гімназіі. А вось з 2019-а і па сённяшні дзень працуе па сваім напрамку ў трэцяй гарадской школе.
— Складана вось так адразу адказаць, што мне бліжэй, — разважае настаўнік, пачуўшы пытанне, які прадмет яму самому падабаецца больш. — Фізіка — той кірунак, за якім я ішоў першапачаткова, інфарматыка мне падабаецца як прадмет, а ад астраноміі я наогул у захапленні. Ды і робататэхніка часам так зацягвае, што не адарвацца. І яна ж на да- дзены момант вельмі актуальная. Таму ўсе гэтыя дакладныя навукі — безумоўна, маё. Яны ўсе сумежныя, насамрэч. Адна адной не супярэчаць, а наадварот, слу- жаць базай, у нейкіх выпадках нават «закрываюць» запыты, «закрываюць» логіку.
Так педагог гаворыць і пра сваіх вучняў. Тым, хто больш старанны, дапытлівы, хто любіць вучыцца — пад сілу любыя прадметы, асаблівай розніцы няма.
— Ведаеце, любы настаўнік рыхтуецца да ўрокаў, рыхтуе матэрыял для заняткаў, працуе над падачай, над карэктным і актуальным данясеннем інфармацыі, — працягвае далей мой суразмоўца. — І самае вялікае задавальненне для мяне, калі ёсць аддача ад дзяцей. Калі відаць, што той пасыл, які ты спрабаваў данесці, не прайшоў міма, заззяў агеньчыкам у іх вачах, калі дзіця, як кажуць, “зачапіла”. Вядома, заўсёды прыемна бачыць вынік сваёй працы, калі вучні пачынаюць разбірацца ў тэме, рашаць задачы, прычым не толькі па пэўнай схеме, а яшчэ і знаходзячы свае арыгінальныя спосабы.
І тут жа Вадзім Аляксандравіч дзеліцца прынцыпамі, якімі кіруецца на практыцы:
— Я люблю дысцыпліну. Стараюся заўсёды ўстанаўліваць гэтыя рамкі найперш, даваць зразумець, што на ўроку ёсць свой парадак. Ёсць настаўнік і ёсць вучань — павінна быць субардынацыя, этыкет зносін паміж імі.
Прывіваю дзецям паняцце адказнасці за адукацыйны працэс.
Заўсёды падтрымліваю матываваных вучняў. Калі бачу, што дзіця імкнецца, спрабуе зразумець, ра- забрацца, выйсці на лепшую ацэнку, то не пакіну без заахвочвання. Гэтак жа ў мяне і з непаседамі. Калі ведаю, што вучань здольны, але лянуецца, даю яму зразумець перспектыву, выбудоўваю сістэму спаборніцкага духу, каб былі мэта і стымул, дзеля чаго прыкладаць намаганні.
Наогул, кожны выпадак індывідуальны — не бывае аднолькавых дзяцей і аднолькавых сітуацый. Так, ёсць падобныя схемы працы. Але па-сапраўднаму рас- крыць патэнцыял можна толькі добра прыгледзеўшыся да свайго вучня, вывучыўшы яго паводзіны і асаблівасці.
Вадзім Аляксандравіч — сучасны педагог. Ён стараецца быць са сваімі вучнямі на адной хвалі. Час бяжыць вельмі імкліва і маладое пакаленне, заканамерна, уключаецца ў яго рэаліі. Прыцягваць увагу дзяцей, пагружаць іх у сур’ёзныя працэсы становіцца ўсё цяжэй, таму цяперашняму педагогу трэба ўлічваць гэтыя моманты і прыстасоўвацца таксама.
— У настаўнікаў ёсць мноства розных методык, як утрымліваць увагу сучасных дзяцей, як іх канцэнтраваць на пэўных рэчах, — гаворыць В.А. Лабазін. — Натуральна, з кожным годам яны мяняюцца, дзесьці карэктуюцца, нешта цалкам прыбіраецца, нешта ўдасканальваецца, каб сучаснае пакаленне ўбірала па максімуму патрэбнай, скажам так «канцэнтраванай» інфармацыі.
Педагогу, які імкнецца крочыць у нагу з часам, неабходна наладжваць, адаптаваць тое, што ён ведае і хоча ўкласці ў галовы сваіх вучняў, пад гэты самы час.
Зразумела, што дзеці — яны і ёсць дзеці. Што трыццаць гадоў таму былі дзеці, што цяпер. І кожны з нас быў дзіцем. Але існуюць характэрныя рысы, якія вызначаюць пакаленні. І каб вырасціць годных людзей, што нязменна заўсёды, неабходна прапрацоўваць гэтыя характэрныя рысы.
Так, дзесьці нешта падбіраецца-спрабуецца, нешта атрымліваецца, нешта не — гэта нармальна. Бо настаўнік — гэта той, хто вучыць і вучыцца сам.
Вадзім Лабазін разумее гэта. І так жыве.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.