Меню
Курс $  3.21 | €  3.61 | ₽100  3.48 |
Погода 16 °C

Браты з Усходу працягнулі руку дапамогі

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 1

Пост опубликован: 16.09.2023

“Дата 17 верасня 1939 г. — сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі і шчырага імкнення
беларусаў, раздзеленых паняволі, жыць адной сям’ёй ва ўласным доме. Набыўшы цэласны
і непаўторны выгляд утульнай і гасціннай краіны
ў цэнтры Еўропы, уз’яднаная Беларусь
стала месцам сілы для мільёнаў грамадзян,
якія з гонарам выстаялі ў складаных перыпетыях



ХХ стагоддзя і сёння стаяць
на варце суверэнітэту і незалежнасці роднай зямлі”.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка
(з віншавання беларусаў
з Днём народнага адзінства ў 2022 г.).

Мы, магчыма, яшчэ і не ўсведамляем, якое гэта значнае дзяржаўнае свята беларусаў — 17 верасня. Жывём адзінай сям’ёй, адной краінай, адной дзяржавай. Быццам так было заўсёды. Але ж было не так… Стагоддзямі беларусаў раздзялялі — паміж княствамі, каралеўствамі, імперыямі. Ад іх патрабавалі падпарадкавання, разразаючы не проста тэрыторыі — душы і сэрцы людскія. Такой крывавай ранай стаў захоп белапольскімі акупантамі заходніх зямель Беларусі ў 1919 годзе. 20 гадоў вяліся жорсткі прыгнёт і апалячванне беларусаў, сціралася іх ідэнтычнасць, этнаграфія. Нашы продкі не мелі права вучыцца ў беларускіх школах, павінны былі забыць беларускую мову, развіваць сваю самабытную культуру. Ім проста забаранялася звацца беларусамі. А тых, хто супраціўляўся, хто вёў барацьбу з прыгнятальнікамі — жорстка каралі, кідалі ў турмы, у канцлагер Картуз-Бяроза, забівалі.
Насельніцтва “ўсходніх крэсаў” палякі разглядалі толькі як танную рабочую сілу, як сваіх халопаў. Жыхароў Нясвіжскага павета эксплуатавалі князь Радзівіл, граф Чапскі, 46 памешчыкаў, царкоўнікі і асаднікі. Апошнія — палякі, у асноўным — былыя ваенныя, якім вы- дзяляліся ў валоданне нашы землі. Гэта была каланізацыя ў самым прамым сэнсе. Людзі названых вышэй катэгорый валодалі большай часткай лепшых зямель. 584 гаспадаркі беларусаў мелі да аднаго гектара зямлі. 150 — былі беззямельнымі. Як жылося нашым продкам пад ігам польскай акупацыі? Я звярнулася да архіўных газет як крыніцы даставернай інфармацыі.

 

Браты з Усходу працягнулі руку дапамогі

Яўгенія Іосіфаўна і Канстанцін Мікалаевіч Грыцкевічы
з Завушша, былыя панскія батракі

“Розных паноў ведаў,
але ні аднаго добрага чалавека сярод іх
не аказалася.
Было і такое, што
па мне стралялі,
бо сказаў не так,
як хацелася
эксплуататарам.
А вось у калгасе
за сваю сумленную працу я стаў паважаным
чалавекам”, —
Іосіф фёдаравіч Шапавал,
калгаснік калгаса
“17 верасня”. 1970 г.

У канцы 1960-х гадоў жыхар вёскі Копцеўшчына Іван Канстанцінавіч Бука апавядаў: “Маё дзяцінства было бязрадасным, гаротным. Бацька жыў бедна, увесь час батрачыў, працаваў па найме ў багацеяў і ніяк не мог пракарміць сям’ю. Таму і мне давялося ў дзіцячыя гады ісці ў заробкі, бо да новага года хлеба свайго не хапала”.
Промні сапраўднага шчаслівага жыцця сяляне ўбачылі з прыходам савецкай улады на тэрыторыі заходніх абласцей. Калі ў Лысіцы арганізавалі калгас, бацька Івана Канстанцінавіча адным з першых уступіў у яго, актыўна ўдзельнічаў у развіцці грамадскай гаспадаркі. Сам Іван Бука скончыў вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі і працаваў у калгасе “Перамога”. З дапамогай калгаса пабудаваў сабе дом. Прыгожы, з паравым ацяпленнем.
Самыя лепшыя гады свайго жыцця аддаў непасільнай працы на панскім полі Раман Вілько, чытаю ў нясвіжскай “раёнцы” за 1971 год. Сваёй зямлі не меў, служыў парабкам у маёнтку пана, які прымушаў батракоў працаваць ад цямна да цямна. Не было і сваёй хаты. Сям’я жыла ў панскім бараку. Грошай, якія атрымлівалі за непасільную працу, не хапала, каб звесці канцы з канцамі. Панскія служкі зневажалі, абражалі мянушкамі. “Мы былі ў няволі, павінаваліся загадам панскай прыслугі”, — апавядаў вясковец.
Руку дапамогі заходнім беларусам працягнулі браты з Усходу. Калі ў 1940-м арганізавалі калгас, Раман Іванавіч з жонкай Надзеяй Юльянаўнай першымі ўступілі ў яго. Пасля вайны калгас узбуйніўся, разбудаваўся. Сям’я Вілько ўзвяла свой дом. Іх тры дачкі атрымалі адукацыю. А Раман Іванавіч стаў ганаровым калгаснікам калгаса “17 верасня”. У 1950-х гадах быў у шэрагу першых ардэнаносцаў Нясвіжчыны.
Вось як ў 1967 годзе ўспамінала жыццё пад польскай акупацыяй жыхарка вёскі Завушша Яўгенія Іосіфаўна Грыцкевіч: “Была я падлеткам, працавала ў пана. А як хацелася вучыцца! Школы ў нас не было. Багацейшыя наймалі настаўніка на дом, а бедным была навука на панскім полі за плугам ці бараной. Ведай толькі адно: працуй парабчанкай. Ні свайго кута, ні зямлі. Верасень 1939 года прынёс вызваленне. Усёй вёскай высыпалі на дарогу, калі праходзілі чырвоныя войскі. Лягчэй стала дыхаць, і сонца святлейшым здалося. Былыя батракі, бяднейшыя сяляне арганізаваліся ў калгас”.
Калектыўную гаспадарку “Чырвоны бераг” у Завушшы стварылі ў 1940 годзе на базе маёнтка памешчыка. Будаваць новае жыццё перашко- дзіла Вялікая Айчынная вайна. У 1944-м, пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі, калгас аднавіўся. У 1949 годзе сям’я Яўгеніі Іосіфаўны і Канстанціна Мікалаевіча Грыцкевічаў усялілася ва ўласны дом. У ім нарадзіліся іх сямёра дзяцей.

Браты з Усходу працягнулі руку дапамогі

У такой хаце жыў
Іван Канстанціваіч Бука з Копцеўшчыны

Браты з Усходу працягнулі руку дапамогі

А вось такі дом ён пабудаваў
пры савецкай уладзе

З дапамогай работнікаў Ліпскага сельскага Савета і старасты вёскі Завушша Ганны Іванаўны Грыцкевіч я адшукала дачку Канстанціна і Яўгеніі Грыцкевічаў. Людміла Канстанцінаўна Бязушка жыве ў Нясвіжы. Яна расказала, як складваўся лёс яе бацькоў — былых панскіх батракоў — і іх, дзяцей:
— Бацька меў 7 класаў польскай школы. Ён служыў у пана фурманам, вазіў яго ў брычцы. Калі стварылі ў Завушшы калгас, працаваў намеснікам яго старшыні, пасля — старшынёй. У 1944 годзе пайшоў на фронт, у баях пад Кенігсбергам быў паранены, у красавіку 1945-га атрымаў узнагароду — ордэн Славы ІІІ ступені, у маі 1945-га — медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”. У пасляваенны час працаваў у калгасе “17 верасня” фуражырам, кладаўшчыком у млыне.
Мама не ўмела ні пісаць, ні чытаць, толькі распісвалася. Затое як добра яна лічыла ў памяці! Пакуль хто з нас, дзяцей, рашаў які арыфметычны прыклад, яна рабіла гэта хутчэй. Шкада, што не было ў яе дзяцінстве магчымасці вучыцца, развіваць здольнасці.
Мае браты Канстанцін і Мікалай працавалі ў калгасе “17 верасня”. Адзін — камбайнерам, другі — вадзіцелем. Віктар — вадзіцелем у Нясвіжскім міжкалгасбудзе. Сястра Ніна — бухгалтарам у Ліпскім сельскім Савеце, яна скончыла тэхнікум. Дзве нашы сястрычкі рана пайшлі з жыцця: адна — зусім маленькай, другая — 19-гадовай, у вайну, ад апендыцыту, бо не было на чым хуценька давезці ў Нясвіж, да ўрача.
Я працавала бухгалтарам, намеснікам галоўнага бухгалтара, затым — галоўным бухгалтарам у Нясвіжскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (пазней гэта ПМК-218). Завочна закончыла Навапольскі тэхнікум. Працаваць было цікава і прыемна. Аб’ёмаў хапала, бо ў раёне ўзводзілася шмат розных аб’ектаў. Калектыў паспяхова спраўляўся са сваімі задачамі, слава пра яго ішла не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Зарплата была высокай, атрымлівалі прэміі, засяляліся ў новыя дамы, узведзеныя для работнікаў нашай арганізацыі. У тым ліку і мы з мужам атрымалі кватэру ў райцэнтры на вуліцы Ленінскай.
Мая дачка, зяць, іх дзеці — людзі з вышэйшай адукацыяй. Кожны выбраў сабе занятак па густу, па душы.

Магчымасць мець занятак па душы, добрую прафесію, адукацыю дзецям
і ўнукам былых
батракоў дала
савецкая ўлада.
Яна, як збаўленне
ад панскага прыгнёту, прыйшла з Усходу.
Але многія і самі
змагаліся за сваю
годнасць, права
людзьмі звацца.

Напрыклад, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, жыхар вёскі Вялікая Быхаўшчына Іван Ігнатавіч Ціхон у 1925 годзе стаў членам Камуністычнага Саюза Мола-дзі Заходняй Беларусі,а ў 1927-м — членам Камуніс- тычнай партыі Заходняй Беларусі. Падпольшчыкам стаў пад уплывам камсамольцаў Клецкай беларускай гімназіі, калі разам з аднавяс- коўцам Іванам Уласавічам Мартышэнкам быў упаўнаважаным па зборы сродкаў у дапамогу бяднейшым вучням. Ён працаваў на прыватнай сыраварні ў маёнтку Труханы (в. Каменка), а ў вольны час дастаўляў камуністычную літаратуру на канспіратыўныя кватэры, сустракаўся з насельніцтвам, садзейнічаў стварэнню партыйных ячэек у вёсках Еськавічы, Малева, Казлы, Аношкі, Долкінды, агітаваў за савецкую ўладу. Напярэдадні 1 мая 1933 г. у Снове нават на паліцэйскім пастарунку падпольшчыкі сумелі вывесіць чырвоны сцяг. Іван Ціхон меў псеўданім Пятроўскі, каб на яго след не трапілі шпікі і паліцэйскія.
“Але, — успамінаў Іван Ігнатавіч, — па даносу правакатара з Долкіндаў былі арыштаваны члены ячэйкі Іван Пронька і Мікалай Караткевіч. Неўзабаве паліцэйскія схапілі і мяне. У хаце зрабілі вобыск, шукалі “крамольную” літаратуру, зброю. Але нічога не знайшлі. Лістоўкі і кнігі мы хавалі ў надзейных месцах. А потым былі допыты, турма. Мяне польскія ўлады асудзілі на 4 гады ў Баранавічах. Ды мы і ў камерах не спынялі падпольнай барацьбы. Аб’яўлялі галадоўку, не адзявалі арыштанцкую вопратку, адзначалі рэвалюцыйныя святы” .
У 1938 г. Іван Ігнатавіч быў паўторна арыштаваны і адпраўлены ў канцлагер Картуз-Бяроза. “Не выйсці б мне жывым з яго праклятых сцен, — казаў наш зямляк. — І толькі верасень 1939 года даў вязням свабоду, за якую яны змагаліся”.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!