“Амаль палавіна краіны — гэта лес. Гэта наша багацце, дадзенае нам Богам. І мы не проста захаваць
павінны яго, але як руплівыя гаспадары да яго адносіцца. Своечасова забіраць з лесу спелы лес, перапрацоўваць, каб быў вынік краіне ад гэтай работы”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА,
прымаючы з дакладам аб рабоце лясной галіны міністра лясной гаспадаркі.
Сённяшняя калонка “НН” выходзіць напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу. Пра гэтае багацце Беларусі і раскажам.
Лес займае ў краіне 9 мільёнаў 719,6 тыс. гектараў — звыш 40% тэрыторыі рэспублікі. Самая лясістая ў нас Гомельская вобласць (1 млн 897,6 тыс. га), найменей лесу на Гродзеншчыне (905,9 тыс. га). У Мінскай вобласці ён расце на 1 млн 531,9 тыс. га. Беларусь уваходзіць у дзясятку лясных дзяржаў Еўропы. Лясістасць у ёй з’яўляецца сёння адным з найбольш высокіх паказчыкаў у Еўропе як па ўзроўні пакрыцця лесам, так і па запасе драўніны ў разліку на аднаго жыхара. Так, плошча лесу на 1 жыхара ў Беларусі складае 0,9 га, што вышэй сярэднееўрапейскага ў 2 разы.
Лес — экалогія і здароўе нацыі. Лес — гэта эканоміка. За 7 месяцаў бягучага года экспарт прадукцыі дрэваапрацоўчай галіны Беларусі склаў 90,4 мільёна долараў. У фізічным вымярэнні ён вырас на 164 тыс. кубаметраў. Штомесячна да санкцый Захаду экспарт складаў 60 тыс. кубаметраў. Пасля некаторага прасядання летам 2022 года зараз ён вырас да 77 тыс. кубаметраў. Значна расшырыўся наш рынак на ўсхо- дзе. У Кітай адпраўляем 52% прадукцыі (было 37%), у Азербайджан — 24% (было 4%), у Расію — 6%.
Беларусь адышла ад вывазу за мяжу кругляка. Лес перапрацоўваецца на месцы, а прадукцыя рэалізуецца з высокім дабавачным коштам. Глыбіня перапрацоўкі драўніны з 38% у 2006 г. прыблізілася амаль да 100% у 2020-м. Мы навучыліся перапрацоўваць не толькі дзелавую драўніну, а і неліквідную. Беларускія прадпрыемствы выпускаюць драўняныя пліты, фанеру, ламінат падлогавы, шпалеры, цэлюлозу, паперу, шматслойны кардон, паліўныя брыкеты, пелеты. А таксама мэблю, дзверы, вокны, гатовыя дамы з бруса. Апошнія прызначаны для сельскай мясцовасці, для дач. Робяць іх з сырой драўніны, як будавалі нашы продкі. Займаецца гэтым 19 лясгасаў. У сферы апрацоўкі драўніны і вытворчасці вырабаў з яе ў 1990 г. працавалі 8,5 тыс. чалавек, у 2022-м — звыш 60 тысяч.
Прэзідэнт Беларусі ўдзяляе ўвагу забеспячэнню насельніцтва прадукцыяй лясгасаў. У 2022 г. быў падпісаны Указ №294, які аптымізаваў продаж дзелавой драўніны фізічным асобам па больш нізкіх, у параўнанні з біржавымі, цэнах для будаўніцтва, рэканструкцыі, рамонту жылых дамоў або гаспадарчых пабудоў. У першым паўгоддзі сёлета гэтым скарысталіся 2,5 тыс. грамадзян. Для пакупкі драўлянага доміка ў лясгасе насельніцтва хутка зможа скарыстацца змяншэннем працэнтаў па крэдыту на 50% ад стаўкі рэфінансавання. Праект такога дакумента падрыхтаваны.
У мінулым годзе ўсімі відамі высечак было нарыхтавана 25,7 млн кубаметраў ліквіднай драўніны. У 2000 г. было 10,8 млн. І ў лес рабочыя заходзяць не з пілой і сякерай, як некалі, а на сучаснай тэхніцы. Харвестары і фарвардары выпускае холдынг “АМКАДОР”. Адзін харвестар, напрыклад, замяняе 30 чалавек з бензапіламі і за гадзіну выконвае іх дзённы аб’ём работы. Каштуе беларуская лясная тэхніка намнога танней, чым замежная.
Лясныя багацці Беларусі пастаянна ўзнаўляюцца. За апошнія 60 гадоў лясістасць вырасла амаль удвая і дасягнула максімальнага значэння з пачатку ХХ стагоддзя. Дабіліся такога дзякуючы строгаму захаванню Ляснога кодэкса. Калі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя пасадачнага матэрыялу Беларусі не хапала, то зараз пітомнікі штогод даюць сотні мільёнаў штук саджанцаў. Узнаўляюцца прыродныя рэсурсы не толькі колькасна, але і якасна. Больш 20 гадоў таму пад Мінскам стварылі Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. У 2002 г. у ім вырошчвалі да 1 млн штук насення, зараз — 12 млн. Адбіраецца насенне здаровых, моцных, прыгожых дрэў, з якога вырастаюць такія ж выдатныя саджанцы.
А нам застаецца толькі берагчы лес ад пажараў, не засмечваць яго. Дарэчы, да пачатку наступнага пажаранебяспечнага перыяду ў лясах будзе на 100% укаранёна аўтаматызаваная сістэма відэаназірання. Беларусь стане першай краінай на постсавецкай прасторы, якая ўкараніла такую сістэму.