Меню
Курс $  3.13 | €  3.46 | ₽100  3.72 |
Погода 4 °C

З кнігай па жыцці

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 2

Пост опубликован: 12.09.2023

Паслязаўтра мы будзем адзначаць цудоўнае свята — Дзень бібліятэк. Я на поўным
сур’ёзе называю яго цудоўным, таму што помню, якой вялікай падзеяй было для мяне ўзяць у рукі цікавую кнігу, пагартаць яе, пранікнуцца яе колерам і пахам, а затым, калі ўжо зроблены ўрокі і на сумленні
не ляжаць іншыя недаробленыя справы, хутчэй пачаць яе чытаць.



І вось тут адбывалася самае галоўнае: ўяўленне і фантазія нарэшце бралі верх над шэрай будзённасцю і свет кнігі — непрадказальны і дзіўны — нібыта браў цябе ў палон. За кожнай вокладкай хавалася непаўторная гісторыя — са сваімі героямі, падзеямі і атмасферай. Чытаючы кнігі, ты трапляў у гэты свет, цешыўся ці смуткаваў разам з персанажамі, спачуваў ім ці абураўся іх паводзінамі.
А ўжо моўнае багацце, якім шчодра дзяліўся з табой аўтар, — гэта асобная тэма і асобная нагода для захаплення. Як часта на вочы трапляла незнаёмае слова, і з яго абрамлення іншымі словамі, з усяго астатняга тэксту ты здагадваўся, што яно значыць і тым самым маментальна ўзбагачаў і свой слоўнікавы запас, сваё мысленне, сваё ўменне выказваць думкі!
І хаця ёсць такое папулярнае меркаванне, што для многіх людзей чытанне — самы лепшы від адпачынку, які расслабляе і супакойвае, я з гэтым згодна толькі часткова. Як можа супакоіць “Авадзень” Этэль Ліліян Войніч, “Ціхі Дон” Міхаіла Шолахава ці “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча? Не, дарагі чытач, ты будзеш тут перажываць, хвалявацца і плакаць разам з аўтарам і яго героямі, бо гэта нармальная і нават абавязковая ўласцівасць чалавека — зведваць пачуцці, якія б яны ні былі, бо пражываць тое ці іншае пачуццё — гэта і значыць быць жывым. Вось для гэтага і патрэбна сапраўдная літаратура — вучыць нас быць людзьмі. А яшчэ для таго, каб пашыраць нашы эрудыцыю і кругагляд, каб мы ведалі, што свет вялікі і вельмі цікавы, і што мы можам спазнаць у гэтым свеце многае і выбраць з гэтага многага нешта такое, што блізка і дорага менавіта нам, каб узбагаціць і ўпрыгожыць сваю душу, сваё жыццё.
Ведаю, што многія скажуць: цяпер дзеці не хочуць чытаць. Але ці часта вашы дзеці бачылі вас, тых, хто так гаворыць, з кнігай у руках? Пытанне адкрытае. Адно скажу: дзеці таксама розныя, як і мы, дарослыя. І я помню, як было радасна пачуць ад маёй пляменніцы, дзіцяці электроннага веку, якая нарадзілася ў 2005 годзе, што кніга — цікавей, чым фільм па ёй. А на пытанне, чаму так, яна адказала, што з кнігі ты больш разумееш, якія героі на самай справе і што яны думаюць і адчуваюць. “А кіно проста глядзіш і ўсё”, — сказала тады яшчэ 12-гадовая дзяўчынка. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.
Я ні ў якім разе не спрабую зменшыць значэнне дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Адмаўляць яго — гэта таксама шлях у нікуды, і ў тым жа інтэрнэце знаходжу шмат цікавага і карыснага, аднак ёсць вечныя каштоўнасці, без якіх чалавек не будзе чалавекам у пэўным сэнсе гэтага слова. І адна з іх — кніга. І асабліва, ізноў жа паўтаруся, — мастацкая кніга. Менавіта ў ёй, як у суквецці пахаў, што ў спалучэнні сваім ствараюць водар цудоўных духоў, аб’ядноўваюцца і жыццёвыя калізіі герояў, і гістарычны зрэз эпохі, у якой адбываецца дзеянне, і менталітэт краіны, дзе яно адбываецца…
І каб удыхнуць гэты чароўны пах, вам нават не трэба купляць новую кнігу. Дастаткова проста прыйсці ў бібліятэку, дзе вам заўсёды рады, і дапамогуць выбраць тое, што будзе найлепш менавіта для вас. І ў ідэале — замест таго, каб у которы раз гадзіну “вісець” у сацсетках, пачытаць гэту кнігу разам з дзецьмі. Паспрабуйце дзеля эксперыменту. Гарантую: жыццё ваша пасля гэтага стане нашмат цікавейшым. А дзеці будуць любіць вас яшчэ больш.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!