Меню
Курс $  3.13 | €  3.46 | ₽100  3.72 |
Погода 0 °C

Запрашае новая выстава ў “Мары”

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 04.09.2023

Аляксея Карабельнікава прадстаўляе дырэктар мастацкай галерэі “Мара” Ларыса Бортнік 0494

Аляксея Карабельнікава прадстаўляе дырэктар мастацкай галерэі “Мара” Ларыса Бортнік



У суботу ў мастацкай галерэі “Мара” адбылося адкрыццё выставы “Жывапісны гурмэ”. Яе аўтар — беларускі мастак-жывапісец, выкладчык, удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў-выстаў Аляксей Карабельнікаў.

З адкрыццём выставы мастака виншуе дырэктар Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Лілія Міцура 0494

З адкрыццём выставы мастака віншуе дырэктар Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Лілія Міцура

У назве выставы зашыфраваны цікавы сэнс: слова “гурмэ” абазначае знаўцу сапраўдных страў, знаўцу розных смакаў. Спрабуючы стравы, гурмэ абавязкова запамінае смакавыя адчуванні, ацэньвае іх і параўноўвае. Ён атрымлівае сапраўднае задавальненне ад параўнання розных адценняў смаку, або, яшчэ прасцей кажучы, з’яўляецца знаўцам высокай кухні.

Вось так і выстава“Жывапісны гурмэ” запрасіла аматараў прыгожага паспрабаваць сябе ў якасці знаўцаў выяўленчага мастацтва, дакрануўшыся да кожнай карціны душой і паспрабаваўшы адчуць, які ж смак ці цэлае спалучэнне смакаў адчуе ад яе гэтая самая душа…

Першым нумарам тут, канешне, выступаюць нацюрморты мастака. Трэба зазначыць, што ў гэтым жанры ў яго спачатку пераважалі кветкавыя кампазіцыі, але паступова ён аддаў перавагу гастранамічным інтарэсам. І сапраўды, у нацюрмортах Аляксея Карабельнікава прадукты не проста з’яўляюцца самі па сабе прадметам любавання, але і становяцца сапраўдным гімнам жыццю, ствараюць пэўную атмасферу і сілкуюць калі не фізічныя сілы, то саму душу гледача тым асаблівым смакам, у якім схаваныя цеплыня сонца і дабрыня зямлі, што шчодра дорыць людзям усё, што патрэбна ім для жыцця. Запрашае новая выстава ў “Мары”

Ёсць на выставе і вясковыя пейзажы, і выявы Мінска і Санкт-Пецярбурга, пададзеныя праз прызму ўспрымання мастака.

Шчымлівая цеплыня першых (напрыклад, “Паша пасля дажджу” ці “У чырвоным закаце”) яшчэ больш уражвае, калі даведваешся, што мастак зусім не ўраджэнец вёскі, як пра гэта можна было падумаць, гледзячы на яго лірычныя пейзажы, а наадварот, карэнны жыхар сталіцы, які нарадзіўся і вырас у ёй.

Гарадскі пейзаж Аляксея Карабельнікава — яшчэ адна асобная ад усяго стыхія ў яго творчасці. Горад на яго карцінах не халодны і тэхнакратычны, а жывы і ўтульны. Напрыклад, малюючы, як рухаецца транспарт, мастак стварае незвычайнае ўражанне ў сваіх работах. За кошт пачуцця колеру і тэхнікі мазка, у яго гарадскіх сюжэтах горад жыве, ззяе агнямі або, наадварот, супакойвае і — прываблівае да сябе, запрашае стаць яго часткай. А ўжо прыме глядач гэта запрашэнне ці не — вырашаць толькі яму самому.

Як расказаў у нашай гутарцы сам аўтар выставы, у жывапіс яго прывёў покліч душы, таму што іншых мастакоў у сям’і не было, з мастацтвам быў звязаны толькі стрыечны брат, і то — з музычным.

А маляваць Аляксею падабалася з дзяцінства. Ён скончыў мастацкую школу, затым паступіў у Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча ім. А.К. Глебава, адолеўшы конкурс у 20 чалавек на месца, якое скончыў у 2006 годзе. Затым паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. Максіма Танка. У 2014 годзе пасля заканчэння магістратуры атрымаў навуковую ступень магістра педагагічных навук.

Зараз ён выкладае ў Мінскай гімназіі — каледжы мастацтваў і вельмі задаволены сваёй работай, таму што дзеліцца сваімі ведамі і вопытам з тымі, каму гэта сапраўды цікава.     — Мае любімыя стылі жывапісу — імпрэсіянізм і рэалізм, — гаворыць пра свае ўласныя густы Аляксей Уладзіміравіч. — Нават сацрэалізм, ёсць і ў ім добрыя прыклады. Гэтыя два спосаба стараюся чаргаваць у сваіх работах, каб яснасць і недавыказанасць змянялі адна другую, каб розныя тэмы раскрываліся па-рознаму.

А сваё творчае крэда мастак ахарактарызаваў простым словам “шчырасць”. Максімальна быць самім сабой, адкрываць сваю душу чыстаму палатну, нягледзячы на розныя (і не заўсёды радасныя) праявы паўсядзённага жыцця — гэта для яго галоўнае.

Запрашае новая выстава ў “Мары”

Асаблівую атмасферу адкрыццю выставы надаваў гітарыст Андрэй Марцішэўскі

Работы іншых мастакоў мой суразмоўца ацэньвае вельмі проста:

— Калі я гляджу на карціну і яна кранае мяне, захапляе і я разумею, што я — там, у тым свеце, які стварыў аўтар, — значыць, гэта добрая карціна. І нават калі пасля пільнага ўглядання ў яе можна заўважыць нейкія недахопы ў тэхніцы (а прыдрацца можна нават да самага геніяльнага майстра), то усё роўна гэта не зменіць майго першага ўражання і ўпэўненасці ў тым, што перада мной — добрая карціна і ніяк інакш.

Гэтыя словы можна стопрацэнтна аднесці і да работ самога Аляксея Карабельнікава, таму што яны сапраўды чапляюць, захапляюць і ўпускаюць у свой свет, каб глядач адчуў душой іх смак, водар, колер і — шчырасць аўтара, якую, як сапраўдны дыямент, нельга падрабіць,  таму што яна — непаўторная.

Для парадку дадамо, што работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Сербіі, Нідэрландаў, Англіі, Італіі, Кітаі, ЗША, Канады. А зараз іх могуць убачыць і несвіжане, і госці горада.

Выстава працягнецца да канца кастрычніка. Не прапусціце!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!