Сёння гасцінна адчыніла дзверы для сваіх вучняў СШ №4 г. Нясвіжа. Самая новая з калісьці пабудаваных у горадзе, гэта ўстанова адукацыі патанае ў пышнай зеляніне дэкаратыўных раслін, цалкам апраўдваючы сваю прыналежнасць да сеткі Зялёных школ, якая аб’ядноўвае больш за 40 000 школ у 46 краінах свету.
А ў мінулым годзе чацвёртая школа стала ўдзельнікам праекта “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” — адной з інавацыйных форм пазакласнай і пазашкольнай работы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — арганізатарам якой выступае ГА “Беларускі фонд міру” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У навучальным годзе, які сёння пачаўся, СШ №4 г. Нясвіжа прыме ў свае сцены 919 вучняў. 98 з іх — першакласнікі, якіх павядуць у свет ведаў настаўнікі Наталля Фядосенка, Марына Плевко, Яўгенія Няверка, Тамара Жалязнова. Для 35-і адзінаццацікласнікаў гэты навучальны год стане развітальным са школай.
З пачаткам новага навучальнага года і Днём ведаў вучняў і педагогаў павіншавала дырэктар школы Наталля Кулік і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ірына Ляснова. Ірына Сігізмундаўна таксама ўручыла некаторым педагогам школы ўзнагароды ад раённага ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме.
Так, Ганаровыя граматы ўпраўлення атрымалі настаўнік матэматыкі Кацярына Стралец, настаўнік пачатковых класаў Яўгенія Няверка і педагог-арганізатар Яна Кельмуц.
На пытанне аб планах на новы навучальны год дырэктар школы Наталля Кулік адказала, што галоўнае тут — каб ён аказаўся дастаткова прадуктыўным.
— У нас ёсць пэўныя традыцыі, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна, — і мы збіраемся іх працягваць. Гэта абавязкова ўдзел у творчых конкурсах, алімпіядах, разнастайных спаборніцтвах. Мы будзем старацца быць ў гэтым годзе першымі ў многіх справах і заслужыць званне лепшай школы горада.
Як гэта атрымаецца, пакажа час, а пакуль што і вучні, і педагогі СШ №4 г. Нясвіжа пачынаюць новы віток свайго школьнага жыцця з добрым настроем і аптымістычнымі спадзяваннямі. Аб гэтым гаварыла і Вольга Арчэгава, мама першакласніцы Насці Арчэгавай.
— Мая дачушка вельмі чакала свайго 1 верасня, — расказала яна ў нашай гутарцы. — Яна зараз вучаніца першага “А”, і я бачыла, з якім нецярпеннем яна збірае свой школьны партфель і хоча хутчэй прыйсці ў свой першы клас, каб пазнаёміцца з новымі сябрамі і ўбачыць сваю першую настаўніцу — Наталлю Уладзіміраўну Фядосенка. Яна, дарэчы, нам ужо знаёмая, Насця хадзіла да яе на падрыхтоўку да школы. Радуе, што дачка знайшла з настаўніцай агульную мову, яна ёй вельмі спадабалася. Таму думаю, што адаптацыя да вучобы пройдзе лёгка, і Насцечка знойдзе ў школе і новыя веды, і новых сяброў.
Хочацца верыць, што так яно і будзе, і прыгожая і ўтульная СШ №4 г. Нясвіжа стане для сваіх новых вучняў не проста школай, а другім родным домам, дзе дзяцей будуць чакаць добрыя сябры і мудрыя дарослыя.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.