Звыш пяцідзесяці работ было прадстаўлена школьнікамі Міншчыны на суд журы абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Капітал месца». Ён праводзіўся па трох намінацыях: «Традыцыі/звычаі/гульні», «Гастрасімвалы/стравы/напоі, характэрныя для дадзенай мясцовасці» і «Адзенне/абутак, што адрознівае дадзены рэгіён». Пераможцы кожнай намінацыі прэзентавалі сёння свае праекты на фестывалі «Вытокі. Крок да Алімпу» ў Барысаве.
Культурная спадчына Беларусі, магчыма, хутка папоўніцца новымі брэндамі. У кожным рэгіёне краіны ёсць свае адметнасці, славутасці і характэрныя толькі для дадзенай мясцовасці рэчы. З асобнымі з іх мелі магчымасць пазнаёміцца і нават паспрабаваць жыхары і госці нашага горада, якія прыйшлі на культурна-спартыўнае свята.

— Сёння на «Вытоках» мы прэзентуем праекты-пераможцы абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу, — паведаміла начальнік аддзела суправаджэння патрыятычнага і экалагічнага выхавання Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Віцько. — У яго трох намінацыях перамаглі Любанскі, Старадарожскі і Крупскі раёны. У Любані, напрыклад, ёсць свой унікальны рэцэпт пельменяў з рыбы, у Старых Дарогах — рухаўскія дываны, аздобленыя саломкай, а ў Крупках стварылі калекцыю аддзення, упрыгожанага роспісам па тканіне, на якім адлюстраваны мясцовыя святыні. Усё гэта можна тут пабачыць, а таксама паўдзельнічаць у майстар-класах.

Аўтары праектаў (педагогі і вучні) падрабязна расказвалі аб сваіх распрацоўках, гісторыі стварэння і адметнасці рэчы альбо стравы.

— Мы рэкламуем нашы рухаўскія дываны, — патлумачыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1 г. Старыя Дарогі Валянціна Ігнатчык. — Гэта брэнд не толькі нашага рэгіёна, але і Беларусі. Аплікацыю саломкай па тканіне рабілі толькі ў нашым раёне. Гэту тэхніку распрацавала Кацярына Максімаўна Русаковіч з вёскі Рухава. Яна натхніла сваіх землякоў, якія потым выраблялі такія дываны па ўсім Савецкім Саюзе. У Барысаў мы прывезлі музейны экспанат, якому ўжо больш за 70 год.

Удзельнікі праекта і самі вывучыліся рабіць аплікацыі саломкай па тканіне. Гімназістка Анастасся Прахоцкая дэманстравала ўнікальную тэхніку на свяце.

— Працаваць над праектам было вельмі цікава, бо гэта наша спадчына, — заўважыла дзяўчына. — Мяне захапляе выраб карцін з саломы. Іх я зрабіла ўжо дзве. Працаваць з такім прыродным матэрыялам няпроста, трэба быць акуратным і ўважлівым.
Госці са Старых Дарог прывезлі з сабой нацягнутую на рамцы тканіну, на якой кожны жадаючы мог выкласці свой узор, праўда, не з саломкі, а з паперы.

А вось прадстаўнікі Любаншчыны не толькі расказвалі аб пельменях з рыбы, але і частавалі імі.
— На конкурс «Капітал месца» мы прапанавалі праект «Смак прыроды – пельмені па-любанску», — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3 г. Любань Галіна Слівец. — Такая страва — брэнд нашага раёна. Рэцэпт мы шукалі ў старэйшых жыхарак Любаншчыны, да яго дадалі і свае інгрэдыенты, каб не адчуваўся смак рыбы. Нашы пельмені можна есці з падліўкай, смятанай альбо юшкай. У іх сапраўды смак прыроды.
Сумесна з Галінай Адамаўнай працаваў вучань Станіслаў Аксенчык. Хлопец навучыўся ляпіць пельмені па-любанску і частуе імі сваіх родных.
— Я люблю рыбалку, таму і вырашыў навучыцца гатаваць яшчэ адну страву з рыбы, — прызнаўся юнак. — У маіх пельменяў адметны смак, усім падабаецца. Паспрабаваць іх можна толькі у нас у Любані, і сёння тут на свяце. Частуйціся, калі ласка.

На сукенках жа, створаных у Крупскім цэнтры дзіцячай творчасці, знайшлі адну і з выявай Васкрасенскага сабора ў Барысаве.

— Наша калекцыя носіць назву «Беларусь святая», — паведаміла дырэктар цэнтра Вераніка Сяліцкая. — Яе аўтар — педагог дадатковай адукацыі Аксана Коваль. Ідэя з’явілася пасля наведвання храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў аг. Худаўцы. Быў створаны адзін касцюм, а потым і іншыя. Усе яны сшытыя і распісаныя ўручную. Карункі такама дзяўчаты з аб’яднання па інтарэсах «Чараўніца» самі вывязывалі. Атрымалася аўтэнтычна і прыгожа. У нашай краіне шмат маляўнічых мясцін, так што на адной Крупшчыне мы не збіраемся спыняцца.

Нагадаем, што ў конкурсе «Капітал месца» ўдзельнічала і барысаўчанка Кацярына Стойчава з СШ №24, яе праект «Барысаўскі пернік» заняў другое месца ў намінацыі «Гастрасімвалы».
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара