“Жніво — заўсёды пытанне нумар адзін. Па сутнасці, момант ісціны і фініш вялікай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу на працягу сельскагаспадарчага года”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА.
На мінулым тыдні ў рэспубліцы прайшоў вялікі прэзідэнцкі селектар па пытаннях уборачнай кампаніі. Размова ішла адкрытая і дэталёвая, месцамі — жорсткая. Бо жніво — справа сур’ёзная, і не месца тут расхлябанасці, расслабленню і нізкай дысцыпліне. І пасылы ад Прэзідэнта ішлі такія, што кожны можа ў якасці эпіграфа выкарыстоўваць. Я і хачу зараз прывесці некаторыя яго тэзісы.
“Гарачая пара жніва — гэта, калі хочаце, наш харчовы фронт. І ад гэтага фронту залежыць усё. На вайне як на вайне. Перамагае той, хто лепш падрыхтаваны, хто задзейнічаў усе рэсурсы і ваюе ад світання да заходу… Лепш на гэтым фронце ваяваць, чым на гарачым… Не дай бог якая-небудзь нестабільнасць. Яна пачынаецца з эканомікі. А эканоміка пачынаецца з таго, як накормлены і апрануты людзі”.
“Для таго, каб забяспечыць уласную харчовую бяспеку, каб на стале ў нас, як кажуць у народзе, быў “і хлеб, і да хлеба”, каб перапрацоўшчыкі былі забяспечаны сыравінай, а жывёлагадоўля — кармамі, зараз усім нам трэба максімальна арганізавацца”.
“Збожжа сёння раўнацэнна золатавалютным рэзервам. Заўсёды спатрэбіцца і пастаянна расце ў цане. Прынамсі, такіх цэн на міжнародным рынку, як учора і сёння, не было і не будзе. Гэта дакладна. І калі ў нас ёсць свабодныя магутнасці, чаму б іх не запоўніць рэзервам зерня”.
“Часу на раскачку няма. Актывізуйцеся!”.
“Уборка збажыны — справа ўсенародная”.
“Перадавікі жніва — гэта сапраўдныя героі нашага часу. Яны дастойныя таго, каб імі ганарылася і на іх раўнялася ўся краіна”.
Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства — самі бачыце: то засушыць, то залье. Таму так востра і абмяркоўваліся на нарадзе пытанні і ставіліся задачы цаніць і выкарыстоўваць кожную гадзіну, кожную хвілінку летняга дня.
У цэлым па рэспубліцы ўбрана больш 15% збожжавых і зернебабовых з ураджайнасцю 35,8 ц/га. Намалочаны першы мільён тон зерня каласавых культур.
У Нясвіжскім раёне, згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, па стане на раніцу 27 ліпеня было скошана і абмалочана 6197,4 гектара збожжавых і зернебабовых, што складае 33,4% ад неабходнага. Намалочана 41501 тона, сярэдняя ўраджайнасць склала 67 ц/га. Па тэмпах жніва наперадзе ідуць ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 82%, ДП “ЭБ “Свеклавічная” — 65%, ААТ “17 Верасня” — 61%, ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 55%. Па ўраджайнасці першая пяцёрка сельгаспрадпрыемстваў выглядае наступным чынам: ААТ “Грыцкевічы” — 95,9 ц/га, СВК “Агракамбінат Сноў” — 89,9, ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — 79,5, ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 70,2, ДСГУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя” — 70 ц/га.
У гэтыя дні камбайнеры працавалі на палях з азімай пшаніцай і азімай трыцікале, а ў шэрагу гаспадарак — яшчэ і з рапсам. Найбольш ураджайная пшаніца ў “Грыцкевічах” — 95,9 ц/га, у “НОВЫМ ЖЫЦЦІ” — 89,5, у “Агракамбінаце “Сноў” — 82,1 ц/га. А за адзін дзень 26 ліпеня лепшыя яе ўчасткі далі па 105,5 ц/га ў “Агракамбінаце Нясвіжскі”, па 98,1 ц/га — у “Грыцкевічах”. Большы выхад трыцікале — у “Свеклавічнай” (67 ц/га), а 26 ліпеня тут збіралі яе па 80,8 цэнтнера на круг.