Меню
Курс $  3.24 | €  3.5 | ₽100  3.87 |
Погода 12 °C

Калі музейная справа — галоўная справа жыцця

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 3

Пост опубликован: 30.06.2023

Наталля Жэрка, першы намеснік дырэктара НГКМЗ “Нясвіж”, — адна з нямногіх супрацоўнікаў музея-запаведніка, што працуюць у ім без малога з часу існавання самога музея і сталі сведкамі маштабных пераўтварэнняў гэтай установы. Наталля ў свой час паступіла на архітэктурны факультэт Беларускай палітэхнічнай акадэміі (зараз — БНТУ). Там пазнаёмілася з несвіжанінам і, стварыўшы з ім сям’ю, у 2000 годзе трапіла ў наш горад.



Адукацыя, атрыманая ў акадэміі, дазволіла гераіні гэтага аповеду ўладкавацца на работу ў тагачаснае экскурсійнае бюро ў якасці гіда-экскурсавода, які вадзіў экскурсіі па горадзе і тэрыторыі санаторыя “Нясвіж”, што тады яшчэ размяшчаўся ў замку.

— Пачынаць працу ў музеі трэба якраз з работы экскурсавода, — лічыць Наталля Пятроўна. — І нават зараз, калі мы прымаем на работу спецыялістаў навуковага або выставачнага аддзела, мы спачатку даём чалавеку магчымасць атрымаць вопыт экскурсавода, таму што тады ён пачынае поўнасцю разумець гісторыю месца, у якім працуе, бачыць перспектывы яго развіцця і разумець, якія праекты тут можна ажыццяўляць.

Сама гераіня гэтага аповеду адпрацавала экскурсаводам два гады, а пасля ў замку пачаліся рэстаўрацыйныя работы і яе ўзялі архітэктарам у растаўрацыйны аддзел. У асноўныя абавязкі Наталлі ўваходзіла работа з дакументацыяй, якую выдаваў праектны інстытут. На гэтай пасадзе яна адпрацавала сем гадоў, пакуль музей-запаведнік не перадаў функцыі заказчыка другой арганізацыі. Гэта было выклікана тым, што на апошняй стадыі рэстаўрацыі работ стала так шмат і яны былі настолькі адказныя, што музею ўжо не хватала кваліфікацыі для кантролю за імі сваімі сіламі і рэстаўрацыйны аддзел спыніў сваё існаванне. Наталля Пятроўна стала малодшым навуковым супрацоўнікам у фондавым аддзеле. Там давялося пабыць нядоўга, бо неўзабаве вызвалілася месца загадчыка сектара “Ратуша”. На прапанову заняць яго яна адказала згодай. Адпрацаваўшы на гэтай пасадзе паўтара гады, мая суразмоўца зарэкамендавала сябе як граматны і ўдумлівы кіраўнік, што не засталося незаўважаным, і ў хуткім часе атрымала яшчэ адну прапанову, на гэты раз — стаць намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце і будаўніцтве. Тады — у 2011-м і асабліва ў 2012-м гадах — якраз ішоў вельмі адказны этап завяршэння рэстаўрацыі і пачатку музеефікацыі замка.

— Аб’ём работы быў вельмі вялікі, — узгадвае той час Наталля Пятроўна. —Вялікіх намаганняў патрабавала сама па сабе здача аб’екта ў эксплуатацыю, і паралельна з тым мы ўжо займаліся музеефікацыяй: стваралі канцэпцыю музея, займаліся пошукам экспанатаў. Працавалі дзве рабочыя групы. Адна працавала па здачы аб’екта, другая — па напаўненні экспазіцыі, і я была задзейнічана ў абедзвюх.

Як толькі замак быў здадзены, функцыі маёй суразмоўцы крыху памяняліся — з намесніка дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце і будаўніцтве яна стала намеснікам па агульных пытаннях, затым, пасля чарговай рэарганізацыі ў структуры — першым намеснікам, які адказвае за асноўныя накірункі дзейнасці музея — ад арганізацыі работы экскурсаводаў і дзейнасці навуковай сферы да правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, забеспячэння рэкламы і сувязей з грамадскасцю.

— Вельмі цікавая частка маёй работы — гэта планаванне і распрацоўка розных мерапрыемстваў, эксперыментальных праграм, — расказвае Наталля Пятроўна. — Амаль кожны значны праект мы адразу спрабуем ў тэставым рэжыме, калі ён карыстаецца поспехам, — развіваем, калі не — адкладваем для дапрацоўкі ці шукаем іншых партнёраў. З развіццём разнастайных паслуг цесна звязаны імідж музея, таму ўдзел у шматлікіх выставычных праектах, канферэнцыях па музейнай справе — гэта вельмі важна для пашырэння папулярнасці ўстановы і сферы яе ўплыву ў культурнай прасторы.

Вялікую ўвагу мая суразмоўца надае і развіццю міжнародных сувязей, без якіх не можа паспяхова функцыянаваць ніводны буйны музей. Апошнім часам пашыраецца супрацоўніцтва з расійскімі музейнымі ўстановамі, у мінулым годзе пачалося супрацоўніцтва з Гатчынай, што паблізу Пецярбурга.

НГКМЗ “Нясвіж”, дарэчы, з’ўляецца базавай арганізацыяй у сферы музейнай справы на прасторах СНД, і сёлета,з нагоды юбілейнага года, у ім будзе праводзіцца міжнародная канферэнцыя з мэтай пашырэння супрацоўніцтва з краінамі СНД, якая пройдзе ў лістападзе.

— Я люблю вучыцца і люблю тое, чым займаюся, — адзначыла ў нашай гутарцы Н.П. Жэрка, — і таму з заўсёды з задавальненнем праходжу курсы павышэння кваліфікацыі. А другая вышэйшая адукацыя, якую пашанцавала набыць у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “міжнародныя адносіны”, вельмі дапамагае ў арганізацыі стасункаў з замежнымі партнёрамі, абмене вопытам і ў вывядзенні нашага музея на новы ўзровень развіцця.

І хаця, як вядома, межаў для дасканаласці ў працы няма, Наталля Пятроўна не стамляецца да яе імкнуцца. У гэтым ёй дапамагаюць калегі па рабоце, пра якіх яна гаворыць са шчырай павагай і ўдзячнасцю.

— Калі трэба здзейсніць пэўны праект і збіраецца каманда адзінадумцаў, усё атрымліваецца намнога цікавей і ярчэй, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі мая суразмоўца. — Адзін прапануе адно, другі — другое, трэці — трэцяе, а мне застаецца толькі каардынаваць працэс, каб ён ішоў згодна з графікам і адпавядаў у цэлым задуманай стратэгіі.

На пытанне, як удаецца ўзнаўляць сілы, каб іх хапала не толькі для работы, але і для сям’і, для родных людзей, мая суразмоўца адказала, што ў кожнага тут свае спосабы, але асабіста ёй у гэтым дапамагаюць заняткі спортам і паездкі на прыроду. Гэта дапамагае не дапусціць эмацыянальнага выгарання, што часта пагражае тым, хто шмат працуе з людзьмі, і вяртацца на работу з новымі сіламі і жаданнем здзяйсняць новыя праекты, закліканыя пашыраць добрую славу нясвіжскіх гісторыка-культурных помнікаў не толькі ў нашай краіне,  яле і далёка за яе межамі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!