На двары лета — цудоўная пара, калі прырода радуе нас буйствам зеляніны і кветак, і дбайныя гаспадары, асабліва на прыватных падворках, стараюцца парадаваць вока не толькі сваё, але і тых, хто праходзіць міма іх хат, уладкоўваючы клумбы звонку сваіх платоў, з боку праезджай часткі. Здаецца, глядзі ды радуйся, ды цані працу тых, хто гэту прыгажосць стварыў. Але не тут-та было. Абавязкова павінна з’явіцца лыжка дзёгцю ў бочцы мёду, і лыжка гэта… ізноў-такі сабакі. Размова тут не пра безнаглядных жывёл (гэта — асобная тэма), а пра тых, хто мае гаспадароў. І гэтыя гаспадары выводзяць сваіх чацвёраногіх выхаванцаў на прагулкі, ніколькі не задумваючыся аб наступствах гэтых прагулак.
Нібы ў пацвярджэнне гэтых назіранняў у рэдакцыю паступіла тэлефанаванне ад жанчыны, якая жыве ў прыватным доме, непадалёк ад якога стаіць шматкватэрны (заўважым, што такіх месц у Нясвіжы многа), і паскардзілася, што з суседняга шматкватэрніка другая жанчына выводзіць пагуляць сваіх двух сабак, а тыя выкарыстоўваюць яе клумбу самі разумееце, для чаго. Калі гаспадыня дома стала абурацца, “аматарка сабакаводства” на гэта ніяк не адрэагавала. Як быццам так і трэба.
Мая знаёмая, якая таксама жыве ў прыватным доме, толькі ў другім мікрараёне Нясвіжа, расказала, што такая ж гісторыя адбылася і з ёю. Яе клумбу перад праезджай часткай “замініраваў” сабака суседкі. Прычым у прысутнасці самой суседкі. На пытанне, чаго яна не гуляе са сваім сабакам на тэрыторыі свайго ўчастка і каля яго, тая адказала: “Дык сабака ж не разумее, дзе ён. І яму не хапае свайго ўчастка. Ён хоча свабоды”. Логіка — няма слоў. Сабака, можа, і не разумее, а ты, чалавек, дзеля чаго пры ім? Ты ж павінен нешта разумець. Хаця бы, як мінімум тое, што твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаенцца свабода іншага чалавека.
Для тых жа, хто не хоча нічога разумець і, мяркуючы па іх паводзінах, не хоча жыць у цывілізаванай краіне, нагадваем, што ў Беларусі дзейнічаюць Правілы ўтрымання свойскіх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах. У дакуменце сказана, што ўладальнікі павінны строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы ўтрымання свойскай жывёлы, гарантаваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў і выгульваць сабак у спецыяльна ўстаноўленых месцах.
За невыкананне нормаў можна панесці адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 15.47 КаАП “Парушэнне правіл утрымання хатніх і драпежных жывёл”. Усё залежыць ад цяжкасці наступстваў, да якіх прывяло парушэнне.
Па Правілах кожны гаспадар абавязаны “не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў”. Гэта значыць, выходзячы з хаты з сабакам, абавязкова МЕЦЬ ПРЫ СЯБЕ САВОК І ПАКЕТ ДЛЯ “адходаў”. Зыходзячы з гэтай нормы, атрымліваецца, што ў прынцыпе не так важна: выгульвалі вы жывёлу ці проста недзе ішлі з ёю па сваіх справах. Галоўнае, каб ваша сабака не пакідала на зямлі ніякіх непрыемных слядоў.
І нельга забывацца, што на прыдамавых тэрыторыях выгульваць сабак забараняецца!
Парадак на вуліцах — першая прыкмета цывілізаванай краіны. І ён пачынаецца з кожнага з нас. І ніхто не створыць яго замест нас. Чым раней усе мы ўсвядомім гэту элементарную ісціну, тым лепей стане жыць усім нам — і людзям, і жывёлам.