Сёння у Нялепава Сноўскага сельсавета прайшло свята вёскі. Яно было прысвечана людзям, якія жывуць і працуюць на роднай зямлі, гадуюць тут дзяцей, унукаў, праўнукаў, імкнуцца зрабіць сваю вёску прыгожай і ўтульнай.
Дзень вёскі — гэта не проста свята, гэта даўняя, выдатная традыцыя, гэта падстава для тых, хто пакінуў родны дом, прыехаць на сустрэчу са старымі сябрамі, успомніць маладыя гады, наведаць бацькоўскі дом. А жыхарам вёскі пераканацца, што пра іх і іх працоўныя заслугі памятаюць. Свята пачалося з вітальнага слова старшыні Сноўскага сельскага Савета Галіны Карпей і дырэктара ААТ «Грыцкевічы» Яўгена Здановіча, якія падзякавалі жыхарам вёскі і ветэранам працы, якія ўслаўляюць родную зямлю і аддаюць свае сілы на карысць яе.
Не прамінулі ў гэты дзень успомніць добрым словам і мясцовых хлебаробаў, жывёлаводаў — сапраўдных працаўнікоў, неабыякавых да лёсу роднай гаспадаркі і вёскі: Марыю Заяц, Зінаіду Сенкевіч, Яўгенію Сіліцкую, Таццяну Зінкевіч, Станіславу Балтуць, Таццяну Парэйку, Галіну Бурбас, Ірыну Ладзята. Ушаноўвалі на свяце мясцовых старажылаў і ветэранаў працы, у ліку якіх былі названыя імёны Марыі Зінкевіч, Ганны Зінкевіч, Леакадзіі Захарэц, Барыса Хомкі, Леаніда Парэйкі. Як самага маленькага жыхара дарэчы віталі ў гэты дзень Лізавету Акулік, якой 23 чэрвеня споўніцца адзін год.
Не засталіся ўбаку паважаныя людзі, адказныя работнікі, жыхары, якія святкуюць юбілейныя дні нараджэння: сёлета 85 гадоў споўнілася Ганне Зінкевіч, 75 гадоў адзначылі Ганна Парэйка, Барыс Хомка, Леакадзія Захарэц, круглую дату 70 гадоў сустрэла Ніна Андросік, а 60 — Таццяна Зінкевіч. Таксама вядучыя пажадалі доўгіх гадоў жыцця юбілярам, якія сёлета адзначылі 50 гадоў: Пятру Сіліцкаму, Яўгеніі Богуш, Людміле Цяльпук і Валянціне Карловіч. З круглай датай павіншавалі і 40-гадовага Андрэя Хомку, і 30-гадовага Сяргея Карловіча.
Падчас мерапрыемства павіншавалі і ўзнагародзілі сям’ю Ірыны і Мікалая Клімовіча як гаспадароў лепшага падворка. А таксама Ірыну Аляксееўну падзякавала яе калега, загадчык аддзела сацыяльнай дапамогі на даму Нясвіжскага РТЦСАН Наталля Богуш за яе гатоўнасць брацца за самую няпростую працу і даводзіць яе да канца.
Аб сем’ях, у якіх муж і жонка побач ідуць шмат гадоў, заўсёды гаворыцца з павагай. Бо гэтыя людзі захавалі на працягу многіх гадоў самае светлае і добрае пачуццё — каханне. У гэты дзень апладысменты гучалі ў адрас Таццяны і Леаніда Парэйкі, якія святкавалі 45-годдзе сумеснага жыцця, Андрэя і Вольгі Хомка, якія разам пражылі 10 гадоў.
Жыцці многіх жыхароў звязаныя з ААТ “Грыцкевічы”. На прадпрыемстве працуюць цэлыя дынастыі з гэтай вёскі. У іх ліку сям’я Ганны Парэйка разам з яе трыма дочкамі і ўнукам, а таксама Ганны Зінкевіч разам з дачкой, сынам і ўнукам. За ўклад у родную гаспадарку іх адзначылі на агульным святы і ўручылі падарункі.
Нават у вёсцы не часта сустрэнеш шматдзетную сям’ю. А ў вёсцы Нялепава ёсць такая сям’я — сям’я Юліі і Андрэя Лазароўскіх, якія выхоўваюць траіх дзяцей. У іх гонар Алеся Антановіч і Ксенія Бойка выканалі песню «Мандарынавае сонца».
Святочны настрой дарылі жыхарам вёскі салісты: В. Данілаў, В. Блашэнка, І. Якубовіч, М. Яраш — і ансамбль песні «Суседзі» Грыцкевіцкага сельскага дома культуры, таксама для дзяцей і ўзрослых праводзілі майстар-классы супрацоўнікі Нясвіжскага раёнага цэнтра культуры.
Але і пасля завяршальнай песні, пасля слоў развітання, вяскоўцы не спяшаліся разыходзіцца — яны шчыра дзякавалі артыстам за выдатны канцэрт.
Максім МУРАТАЎ.