Раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” прайшоў
у мінулую нядзелю ў Нясвіжскім парку. За тытул лепшай сям’і Нясвіжчыны змагаліся
7 сем’яў раёна.
Сям’я Максіма Цыгана і Вольгі Вальчык з Казлоўскага сельскага савета выхоўвае дваіх дзяцей — Мікіту і Ангеліну. Дзеці растуць у атмасферы любові, сяброўства, узаемадапамогі і павагі. Усе члены сям’і з задавальненнем разам бавяць вольны час, займаюцца гаспадаркай, аказваючы падтрымку аднавяскоўцам у самых розных штодзённых бытавых сітуацыях. Яны заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі блізкаму.
У Мікалая Васільевіча і Вольгі Сяргееўны Панамаровых з Сейлавіцкага сельскага савета выхоўваецца пакуль адно дзіця. Сям’я заўсёды разам: і ў паездках на прыроду, і ў працы на прыся- дзібным участку. За сваю працавітасць, надзейнасць і згуртаванасць у вырашэнні праблем сям’я карыстаецца заслужанай павагай сярод аднавяскоўцаў і калег.
Аляксандр Аляксандравіч і Ганна Мікалаеўна Савіцкія са Слаўкава прадставілі Нясвіжскі сельскі савет. У сям’і выхоўваюцца дзве прыгажуні-дачкі — Валерыя і Вікторыя. Усе яны займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельніча- юць у сацыяльна-значных мерапрыемствах сельвыканкама і раёна. Жыццёвым крэда сям’і сталі словы Л.М. Талстога: “Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”.
Віталь і Анастасія Навоша з Ланскага сельскага савета выхоўваюць дваіх слаўных дзетак — Савелія і Сафію. Яны — падтрымка бацькам ва ўсім! Дзякуючы традыцыям, якія існуюць у сям’і, дзеці вучацца любіць, паважаць, давяраць і дапамагаць адно аднаму, шанаваць хвіліны сустрэч з роднымі.
Сям’я Аляксандра і Валянціны Будчанін прадставіла на конкурсе Ліпскі сельскі савет. У сям’і — шасцёра дзяцей: Павел, Сафія, Анастасія, Цімафей, Ганна і Яўген. Усе яны выхоўваюцца ў атмасферы кахання, дабрыні і ўзаемадапамогі. У Будчанінаў ёсць свой універсальны рэцэпт шчасця — утульная хата, дружная сям’я і шчаслівы смех дзяцей.
Сям’я Аляксея і Алёны Клім прадставіла на конкурсе Сноўскі сельскі савет. Бацькі тут ва ўсім падтрымліваюць сваіх дзяцей — Ганну і Антона, заўсёды могуць даць патрэбную параду, дапамагчы, выслухаць і зразумець. Сям’я спартыўная, любіць актыўны лад жыцця, адпачынак на прыродзе, займаецца спортам, неаднаразо- ва ўдзельнічала ў спартакіядах на ўзроўні раёна, вобласці, лыжных гонках, спартыўных спаборніцтвах па бегу, займаючы прызавыя месцы.
Не ўся моладзь
імкнецца жыць у горадзе, значная частка маладых сем’яў жыве
ў сельскай мясцовасці.
Яны застаюцца
на малой радзіме,
дзе працуюць
і выхоўваюць дзяцей.
Менавіта для іх Нясвіжскі раённы Савет дэпутатаў, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама кожны год праводзяць конкурс “Уладар сяла”.
Удзельнікам неабходна было прайсці нялёгкія выпрабаванні, сярод якіх “Хатні падворак”, дзе ад іх патрабавалася распавясці пра сямейныя традыцыі, захапленні і адпачынак. Абавязковымі ўмовамі конкурсу з’яўляліся прадстаўленне беларускага нацыянальнага касцюма і наяўнасць адной сямейнай стравы. Затым быў конкурс творчых самапрадстаўленняў “Сардэчна запрашаем да нас”, дзе сем’і дэманстравалі “візітную картку” — тэатральнае прадстаўленне аб сабе.
Пасля першых двух этапаў неабходна было прыняць удзел у пяці конкурсах, такіх як “Сельскія гульні”, дзе гаспадары паказвалі майстэрства кіравання тачкай, у якой знаходзіліся жонкі, на адлегласці 80 метраў, аб’язджаючы перашкоды, “Гаспадар і гаспадыня”, дзе жонкі забівалі 5 цвікоў пры дапамозе малатка, а мужы спавівалі ляльку, “Па дровы”, дзе муж і жонка распілоўвалі бервяно на пянькі, затым муж расколваў іх на 4 роўныя часткі, а дзеткі акуратна складалі палены, “На ўсе рукі майстар” (пляценне веніка мужам і жонкай з прадстаўленых матэрыялаў), “Сямейны збор ура- джаю” (жонкі з завязанымі вачыма пад кіраўніцтвам дзяцей збіра- лі пэўную колькасць неабходнай гародніны, якая была раскідана па пляцоўцы).
За праходжаннем усіх этапаў уважліва сачыла журы. У яго склад увайшлі начальнік раённага Савета дэпутатаў Валерый Лазюк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Святлана Антончык, першы сакратар Нясвіжскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Іюльская, галоўны рэдактар рэдакцыі газеты “Нясвiжскiя навiны” Святлана Шатрун і дырэктар Нясвіжскага раённага цэнтра культуры Ганна Віннічак.
Стваралі святочную атмасферу ў гэты дзень музычныя калектывы Нясвіжчыны.
Усе сем’і праявілі сябе творчымі, працавітымі
і цікавымі, а па выніках
усіх спаборніцтваў
тытул “Уладар сяла” дастаўся сям’і Клім
са Сноўскага
сельскага Савета.
Менавіта яна
будзе прадстаўляць раён
на абласным этапе.
— 25 мая мы даведаліся аб конкурсе, паўтара тыдня рыхтаваліся, — адзначылі ў нашай гутарцы Алёна і Аляксей Клім. — Вельмі ўдзячныя работнікам Сноўскага цэнтра культуры, прафсаюзу агракамбіната “Сноў”, сельскаму Савету за дапамогу пры падрыхтоўцы да конкурсу.
З пачатку мерапрыемства вельмі хваляваліся, з нас пачынаўся самы першы конкурс — агляд падворкаў, хацелася добра сябе праявіць. Да вечара ўчарашняга дня (10 чэрвеня — прым. аўт.) не перажывалі зусім, трэніраваліся з татам спавіваць ляльку, глядзелі выступленні папярэдніх гадоў. Таму жадаем тым, хто збіраецца далей удзельнічаць у конкурсах, упэўненасці, стараннай падрыхтоўкі, менш хвалявання і, вядома, поспехаў!
Валерыя КОБАЗЕВА.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.