Размаўляючы з творчымі людзьмі, якія сваімі рукамі ствараюць унікальныя рэчы, я часцяком задаюся пытаннем, як яны ў розных жыццёвых абставінах знаходзяць час на мастацтва? І дзеля чаго гэта?
Магчыма, для іх сэнс жыцця ў тым, каб нешта ствараць? Ці радаваць блізкіх тым, што можаш толькі ты? А можа ў тым, каб перадаваць падрастаючым пакаленням традыцыі продкаў, шчыра верачы ў тое, што без павагі да мінулага не можа быць будучыні? Прычын можа быць мноства. І нярэдка яны злучаюцца, утвараючы шматгранную складанасць адказу на гэтае пытанне.
Людзі з такім стаўленнем да творчасці — народныя майстры Беларусі, керамісты Фёдар Мікалаевіч і Ірына Уладзіміраўна Дашковы, якія больш за дзесяць гадоў сустракаюць несвіжан і гасцей горада залівістым пошчакам гліняных птушак на ўваходзе ў Палацава-паркавы ансамбль.
У Нясвіжы майстры апынуліся выпадкова, але па выніку лёсавызначальна. Сюды іх запрасілі дзесьці ў 2012-м годзе паўдзельнічаць у выставе ад Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
— Тады праходзілі Тэатральныя вечары аматарскага калектыву тэатра імя Уршулі Радзівіл, і неяк нам спадабалася тут, — успамінае Фёдар Мікалаевіч. — За два-тры дні так прыкіпелі да Нясвіжа, што потым пачалі разглядаць варыянты працы тут і ў далейшым. Вось і працуем па сённяшні дзень.
Звычайна ў сем’ях дзеці пераймаюць справу бацькоў, але тут усё склалася наадварот. Мае суразмоўцы — абодва архітэктары па адукацыі. І да керамікі прыйшлі праз зацікаўленасць да яе старэйшага сына Івана, які навучыўся працаваць з глінай у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва.
— Сын далучыў нас да гэтай справы. І мы былі не супраць, — расказвае Фёдар Дашкоў. — Спадабаўся сам матэрыял — ён вельмі тактыльна прыемны. А калі ты бачыш, як з кавалачка сырой гліны нараджаецца нешта, у што можна ўдыхнуць душу, тады наогул зачароўваешся і міжволі становішся прадаўжальнікам справы. Акрамя таго, ад работы архітэктарам перагружаліся вочы, і я разумеў, што аднойчы прыйдзецца шукаць для сябе іншы занятак у жыцці.
— Спачатку мы проста дапамагалі, а потым — палюбілі гэту справу, — далучаецца да размовы Ірына Уладзіміраўна. — Без любові гэта рабіць немагчыма. Таму што вельмі складана і патрабуе вялікай канцэнтрацыі і часу. Кераміка вельмі раўнівая. Калі ты хочаш мець добры вынік, то трэба займацца толькі ёй.
Так, праз прыклад сына больш за 20 гадоў таму Фёдар Мікалаевіч пачаў займацца керамікай, а за ім — і яго жонка, Ірына Уладзіміраўна.
Сёння керамістамі з’яўляецца ўся іх дружная сям’я — бацькі і абодва сыны, свой унёсак робяць і нявесткі. Падрастае добрая змена ў выглядзе ўнукаў, якія любяць праводзіць вольны час у майстэрнях старэйшых.
Сыны, Іван і Дзмітрый, робяць прыгожы керамічны посуд, а мае суразмоўцы аддаюць перавагу гукавой кераміцы.
— У майго мужа вельмі добры музычны слых, — расказвае Ірына Дашкова. — Таму усе гукавыя вырабы — і свістулькі, і флейты — ён настрайвае сам, пакуль гучанне не будзе адпавядаць чыстым гамам.
Калі ў майстроў пытаюцца, колькі часу ідзе на тую ці іншую рэч, ім цяжка адказаць дакладна. Для некаторых нарыхтоўкі чакаюць сваёй чаргі месяцы, у той час як іншыя можна выстаўляць на прылавак ужо на другі дзень. Пра гэта распавёў Фёдар Мікалаевіч:
— Напрыклад, Ірына робіць нарыхтоўкі, а я праз нейкі час пачынаю з імі працаваць. Агучыць можна і за гадзіну, і за тры дні. Некаторыя свістулькі аказваюцца вельмі непадатлівымі, а з іншых правільны гук вылётвае лёгка. Тут ніколі не здагадаешся, як будзе.
Музычныя інстументы майстры робяць з цэльнага камяка гліны пры дапамозе зашчыпаў. Як падкрэсліў майстар, калі ёсць прылепленыя дэталі, то вялікая верагоднасць, што ў працэсе абпалу або карыстання дзецьмі яны адваляцца. Таму Дашковы вынайшлі свой асабісты спосаб, які прызнаў і Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Таму кожная свістулька — аўтарская, але выканана ў беларускай традыцыі. На сённяшні дзень ужо з’явіліся паслядоўнікі і нават пераймальнікі. Але адрозніць вырабы Дашковых можна па фірменным знаку, які ёсць на кожным іх вырабе.
Падчас размовы высветлілася, што аматары мастацтва шмат разважаюць над яго месцам у жыцці нашых продкаў.
— Мне здаецца, што ў старажытнасці гліняныя свістулькі былі як мабільныя тэлефоны, — дзеліцца сваімі думкамі Ірына. — Дзяцей у сем’ях шмат, кожнаму маці павесіла па свістульцы, і па свісту вызначала, дзе яе дзіця. Такая сістэма абвесткі. Такое вельмі нават магло быць. Тым больш, што і сёння гэта вельмі карысныя рэчы. Свістулька — добры лагапедычны прадмет. Яна развівае дробную маторыку і як дыхальны трэнажор умацоўвае лёгкія, адпаведна — і сардэчна-сасудзістую сістэму дзіцяці. Вельмі карысна. Таму мы распрацавалі сістэму, як навучыць дзіця іграць на свістульцы і як навучыць дарослага, які не валодае нотнай граматай, іграць на акарыне. А што датычыцца акарыны, то ёсць такая практыка: калі сям’я на мяжы распаду, муж і жонка бяруць акарыну-візаві (злучаныя паміж сабою музычныя інструменты так, што музыкі знаходзяцца вачыма насупраць адзін да аднаго). Каб трапіць у ноты, трэба сыграць, гледзячы ў вочы свайго напарніка. І вось калі пары на мяжы сур’ёзнага разладу так сыграюць, яны ўжо не расстануцца.
Слухаючы гэтых цікавых і таленавітых людзей, складана ўявіць, што першы год усе свае музычныя вырабы з керамікі майстры выкідвалі, пакуль не дасягнулі таго гучання, якога хацелі. Здавалася б, што такога ў маленькай свістулькі? Але іх настройка — вельмі тонкая справа, якая праводзіцца маленькім надфілёчкам. З часам браку станавілася ўсё менш і менш.
Але каб не адчайвацца ад няўдач, трэба мець моцны характар і добрае разуменне таго, дзеля чаго ты прыкладаеш намаганні. На шчасце, у Дашковых усё было ў досталь. Таму ўсе перашкоды яны сустракалі мужна і разам знаходзілі выйсце.
Але гэта толькі адзін накірунак іх дзейнасці. Аматары мастацтва займаюцца не толькі гукавой керамікай, але і стварэннем керамічных вырабаў пры дапамозе старажытных тэхналогій.
— Калі мы пачыналі, ніякай інфармацыі амаль не было. Але нас гэта не пужала — як арітэктары мы звыклі валодаць літаральна ўсім, што можа дапамагчы ў справе — інструментажом, тэхнічнымі і творчымі ведамі. Таму, каб вынайсці тое, што зацікавіла, мы вывучалі архіўныя дакументы. Ваня наогул 6 гадоў займаўся толькі гэтым, ездзіў на раскопкі, як і наш малодшы сын, які вывучыўся на дызайнера па кераміцы. Усе разам мы працавалі з парэшткамі чарапкоў, якія стагоддзямі ляжалі ў зямлі. Вывучалі іх структуру. Некаторыя яшчэ засталіся невывучаннымі, так што ў вольны час мы іх вывучаем.
Асноўныя чатыры віды старажытных тэхналогій, якія мы выкарыстоўваем для керамікі, — чорнае дымленне, гартаванне, малачэнне і ваксаванне натуральным пчаліным воскам.
Самыя простыя і спакойныя тэхналогіі — гэта малачэнне і васкаванне. З іх можна пачынаць керамістам. Для малачэння трэба пасля абпалення ў печцы астудзіць выраб і замачыць у малацэ, а пасля яшчэ раз абпаліць. Дастаць гатовы выраб, калі ён ужо астыне. Не надта складаная тэхніка, але і не такая даўгавечная, як гартаванне.
Зваскаваннем усё таксама дастаткова проста — выраб абпальваецца, потым награваецца градусаў да 100, паралельна растапліваецца натуральны пчаліны воск. І гэты гарачы выраб, які ў руках немагчыма трымаць, пачынаецца пакрывацца воскам. Рабіць трэба вельмі ўмела. Калі зробіш дрэнна, будуць брыдкія падцёкі. А нам трэба, каб выраб увабраў мёд і блішчаў.
Вельмі прыгожы посуд атрымліваецца пры выкарыстанні чорнага дымлення. Але гэта і самы небяспечная тэхналогія. З ёй патрэба працаваць вельмі ўмела і нават не аднаму.
Для яе выкарыстоўваюцца апілкі. Калі керамічны выраб награваецца ў печы да тысячы градусаў, печ адкрываецца і адмысловымі абцугамі ён з яе дастаецца. Ён гарыць, як агонь. І апускаецца ў ёмістасць, у якой знаходзяцца апілкі. Яго трэба рэзка накрыць новай порцыяй пілавіння, каб прадухіліць доступ кіслароду. Звычайна хлопцы робяць гэта разам. Старэйшы сын дастае з печы, малодшы — засыпае пілавіннем, а муж — рэзка закрывае вечкам. Потым на ёмістастасць кладзецца камень і ўсе вальцуецца глінай. Усё павінна быць зроблена вельмі хутка. Інакш успыхне полымем. Але ж, калі ўсё зроблена правільна, эфект надзвычай прыгожы. Назаўтра выраб ужо будзе чорным з сінню. І калі яго разбіць, то ўбачыш, што ён наскрозь чорны. Адбываецца так праз тое, што ў гліне прысутнічае марганец. Падчас дымлення адбываецца акісляльных працэс, і гэты метал надае гліне сінявата-чорны колер.
Што касаецца гартавання, то як і дымленне, яно ажыццяўляецца праз перапыненае абпальванне. Таксама адкрываецца распаленая печ, дастаецца выраб. Паколькі ён гарыць, як сонца, рабіць усё трэба ў спецыяльных загартаваных пальчатках. Металічнымі абцугамі мы бярэм выраб і шматразова апускаем яго ў чан з адмысловым квасам. Адбываецца працэс загартоўкі і з’яўляюцца дэкаратыўныя разводы. Яны — і дэкор, і знак якасці адначасова. Калі кераміка гартавалася, значыць, яна будзе трывалай. Бо няякасная разарвецца на часткі падчас гартавання. Так што гэты спосаб таксама вельмі небяспечны. Акрамя таго, апускаючы збаны ў квас, ёсць рызыка, што пойдзе струмень пару. Трэба своечасова адхіліцца.
Наогул — пакуль малітву не прачытаеш, у падпаленую печ не палезеш.
Керамісты з павагай адносяцца да спадчыны продкаў, не толькі адраджаючы забытыя тэхналогіі, але і перадаючы іх наступным пакаленням.
— Традыцыям, да якіх мы звяраемся, стагоддзі і нават тысячагоддзі. І іх трэба не толькі захаваць, але і перадаць наступным пакаленням. Гэтым мы і займаемся — захоўваем, развіваем, перадаём.Аднойчы да нас прыехалі студэнты. Хацелі, каб мы паказалі, як праходзіць гартаванне. Нічога не атрымалася, хоць усё было зроблена так, як трэба. Яно не захацела паказваць сябе людзям не падрыхтаваным, не праявілася на вырабе. Квас сцякаў, як вада. Таму што гэта — сакральны працэс. І перадаюцца яго сакрэты ад майстар да майстра.
Так, мабыць, і трэба яго развіваць — на роднай зямлі, ад продкаў да зацікаўленых у гэтым скарбе нашчадкаў.