Многім жыхарам нашага горада вядома імя Іраіды Салавай — былога дырэктара УП “Магазін №10”, размешчанага ў цэнтры горада, якая кіравала ім з 1991 па 2022 год.
Яе станаўленне як прафесійнага гандлёвага работніка, а ў далейшым — кіраўніка буйнога гандлёвага прадпрыемства пачыналася ў далёкім расійскім горадзе Арле, дзе яна нарадзілася, вырасла і ўпершыню даведалася аб прафесіі прадаўца.
— Мама і бабуля выхоўвалі мяне ў духу любові, дабрыні і паняццяў прыгажосці ў людзях і прыродзе. З самага дзяцінства я з захапленнем назірала за работай прадаўцоў, — расказвае Іраіда Валянцінаўна.
Пасля заканчэння школы выбар быў адназначным: Арлоўскае гандлёвае вучылішча, якое скончыла з адзнакай. Далей час паляцеў імкліва. Ён увабраў у сябе першыя яркія ўражанні ад працы ў буйной ювелірнай краме і краме “Жаночы абутак” у Арле, замужжа, паступленне ва Усесаюзны ордэна Знак Пашаны завочны фінансава-эканамічны інстытут (спецыяльнасць — бухгалтарскі ўлік і аналіз гаспадарчай дзейнасці), працу дырэктарам крамы ў сістэме “Ваенгандлю” ў Рэспубліцы Польшча, дзе муж праходзіў ваенную службу, пераезд у Беларусь, у Нясвіж. Тут, у 1991 годзе, гераіня гэтага аповеду была прызначана загадчыкам гаспадарчай крамы, якую тады мясцовыя жыхары паміж сабой называлі “жалезнай”. Да гэтага прызначэння адзін год папрацавала эканамістам планавага аддзела гархарчпрамгандлю. Дагэтуль у памяці засталіся першыя ўражанні пра Беларусь, яе працавітых, гаспадарчых, спагадлівых і добрых па характары людзей.
Магазін “Ваш дом”, які спецыялізаваўся і зараз спецыялізуецца на продажы тавараў гаспадарчага прызначэння, будаўнічых матэрыялаў, электратавараў, мэблі, садова-агародняга інвентара і іншага, пад кіраўніцтвам Іраіды Валянцінаўны стаў адным з самых аўтарытэтных магазінаў у горадзе. Яго гандлёвая плошча дасягнула 222,1 кв. м, спісачная колькасць працуючых — 20 чалавек. Найбольшы аб’ём тавараў, якія рэалізоўваліся, займала складанабытавая тэхніка, электратавары, будматэрыялы і бытавая хімія. У самым пачатку дзейнасці, пасля выхаду гандлёвага аб’екта ў 1996 годзе са складу Нясвіжскага гархарчпрамгандлю і набыцця статусу юрыдычнай асобы, усе намаганні кіраўніка былі накіраваны на напаўненне крамы таварам, стварэнне жорсткага рэжыму эканоміі і беражлівасці.
— Даводзілася пачынаць з нуля, — расказвае Іраіда Валянцінаўна. — У той перабудовачны час усё было дэфіцытам, неабходна было знаходзіць пастаўшчыкоў тавара, пашыраць асартымент. Аднак, што самае галоўнае, ад нас не сышлі людзі — ні прадаўцы, ні пакупнікі. Калі мы ў 1997 годзе праводзілі свой першы рамонт гандлёвай залы, краму не зачынялі, яна працягвала працаваць, бо неабходна было нарошчваць абароты, паляпшаць фінансавы стан прадпрыемства. Усе наяўныя свабодныя сродкі мы ўкладвалі у бягучыя і капітальныя рамонты, на набыццё новага абсталявання. Так, у 2003 годзе быў поўнасцю заменены на металачарапіцу дах, у 2004 — мы ўстанавілі 24 шклопакеты на вокны, у 2005-м падвялі газ, набылі катлы, устанавілі і ўвялі ў эксплуатацыю сваю кацельню, у 2006-м адрамантавалі фасад будынка. У 2007-м пачалі замену гандлёвага абсталявання, потым адрамантавалі складское памяшканне плошчай 40 квадратных метраў, у 2011-м годзе — у гістарычнай частцы будынка ўсталявалі тры новыя шклопакеты на вокны і па прапанове архітэктара Вадзіма Дражына нанеслі на адну са сцен графіці ў выглядзе старажытнай гравюры Томаша Макоўскага, аформілі вонкавую рэкламу, адрамантавалі фасад. Затым поўнасцю замянілі старое абсталяванне на новае.
Шмат клопату і сродкаў было ўкладзена і ў далучаныя з цягам часу да УП “Магазін №10” гастраном “Нясвіж” і ўніверсам “Нясвіж”, якія цяпер аддадзены ў арэнду, а таксама ў “Будмайстар” у раёне аўтастанцыі і “Бытавую хімію”.
Нягледзячы на зробленае, калектыў пад кіраўніцтвам І.В. Салавай стараўся і далей не зніжаць тэмпы нарошчвання тавараабароту, вёў мэтанакіраваную работу па прывядзенні магазіна ў належны стан. Тут добра разумелі, што прыгожая гандлёвая зала — гэта яшчэ не ўсё. Неабходна была насычанасць таварамі і, пажадана, айчыннымі. Рэсурсы, якія даводзіліся прадпрыемству, асвойваліся своечасова і ў поўным аб’ёме.
Гандлёвыя аб’екты УП “Магазін №10” і зараз карыстаюцца попытам і ў іх ёсць свае пастаянныя пакупнікі, прычым, гэта не толькі жыхары Нясвіжа, але і суседніх Клецка, Стоўбцаў, Капыля.
— Сёння гандаль патрабуе істотных змен і ўдасканалення ў абслугоўванні пакупнікоў, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Іраіда Валянцінаўна. — Для гэтага мы праводзілі гнуткую коштавую палітыку. У пэўны момант можна дапусціць некаторыя фінансавыя страты ў даходах, але ў далейшым выйграць за кошт павелічэння тавараабароту. Калі, напрыклад, тавар праляжаў больш за тры месяцы, а на яго не знайшоўся пакупнік, мы праводзілі пераацэнку. Сярэдняя гандлёвая надбаўка па прадпрыемстве складала 17 працэнтаў, і гэта дапамагала нам выйграваць канкурэнцыю з тымі, хто рабіў больш высокую нацэнку, але прадаваў значна менш.
І.В. Салава, узнагароджаная нагрудным знакам “Выдатнік гандлю Рэспублікі Беларусь”, таксама з’яўлялася дэпутатам Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў і заўсёды разумела, што работа ў гандлі — гэта ў першую чаргу работа з людзьмі:
— Сучасны прадавец павінен быць крыху псіхолагам, — лічыць яна. — Людзі прыходзяць за пакупкамі з розным настроем, і вельмі важна адчуць яго з першага погляду, з першай фразы, каб правільна пабудаваць зносіны, пазбегнуць непаразумення, крыўды, а то і канфлікту. Заўважыла: некаторыя людзі, якія жывуць адны ці трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, прыходзяць не столькі па пакупкі, колькі пагутарыць. І адмаўляць ім у гэтым праве нельга.
Я вельмі ўдзячна жыхарам Нясвіжа, якія на працягу многіх гадоў былі пастаяннымі пакупнікамі нашых магазінаў. Мы заўсёды цанілі кожнага з іх, рабілі ўсё, што ад нас залежыць, каб ён адчуваў сябе ў нас утульна і камфортна, адыходзіў з пакупкай і добрым настроем.
Акрамя пакупнікоў крамы, якой было аддадзена шмат гадоў жыцця, мая суразмоўца самымі добрымі словамі ўзгадала свой працоўны калектыў. Менавіта прафесіяналізм і вернасць сваёй справе яна лічыць галоўным складнікам поспеху ў рабоце любога гандлёвага аб’екта.
— Мы былі адной дружнай сям’ёй, — распавядае Іраіда Валянцінаўна. — Колькі было ўсякіх цяжкасцей — і рамонтаў, і іншых перамен, — ніхто ні разу не сказаў: “Не хачу, не буду”. Наша крама ніколі не ўваходзіла ў лік стратных. У гэтым заслуга ўсіх нашых людзей, сярод якіх не магу не назваць самых вопытных і адданых: прадаўцоў Валянціну Ільінічну Мышалаву, Тамару Пятроўну Ярашэвіч, Зінаіду Рудольфаўну Курыла, Тамару Міхайлаўну Галавач, тавараведа Валянціну Мікалаеўну Семянюк, былога загадчыка кафетэрыя ўніверсама “Нясвіж” Ірыну Уладзіміраўну Волчак, загадчыка гандлёвай залы гэтага ж магазіна Тамару Іванаўну Зяньковіч, прадаўца Таццяну Канстанцінаўну Хамёнка, кантралёра-касіра Галіну Іванаўну Качуру, загадчыка магазіна “Будмайстар” Іну Мікалаеўну Пазняк, загадчыка магазіна “Бытавая хімія” Святлану Пятроўну Янцэвіч, прадаўца гэтай жа крамы Людмілу Якаўлеўну Краміну, галоўнага бухгалтара Іну Іванаўну Блашкевіч і многіх іншых работнікаў. Многія з іх ужо на заслужаным адпачынку, а некаторыя працуюць і зараз.
Шчырую ўдзячнасць мая суразмоўца выказала і ў адрас кіраўнікоў раёна, якія дапамагалі гандлёваму прадпрыемству ў яго развіцці і ўдасканаленні: Івану Крупко, Генадзю Салаўю і дзеючаму старшыні райвыканкама Аляксандру Ломскаму і яго намесніку Ірыне Ксяневіч.
На сённяшні дзень кіраўніцтва прадпрыемствам перайшло да былога начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Іны Корбут.
Напрыканцы нашай гутаркі Іраіда Валянцінаўна павіншавала наш горад, які даўно стаў для яе родным, з юбілеем, і пажадала Нясвіжу і яго жыхарам заўсёды быць на пазітыве, радавацца таму, што райцэнтр становіцца ўсё больш прыгожым.
— Наша старадаўняя гісторыя вучыць нас цярпімасці і беражліваму стаўленню да тых каштоўнасцей, якія дасталіся нам у спадчыну, — завяршыла нашу размову І.В. Салава. — Няхай у кожнай нашай сям’і пануе мір і гармонія, а ў жыцці будзе больш радасных падзей і светлых дзён.
Са святам! З надыходзячым юбілеем горада!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.