Май — месяц, багаты на святы, сонечнае надвор’е і добры настрой. Для нашага земляка, воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Радамана, ён стаў асабліва радасным, бо прынёс з сабой і выдатны падарунак — новы аўтамабіль. Гаспадаром новай “Lada Largus cross” Аляксандр Георгіевіч стаў дзякуючы ветэранам 56-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, дзе ён некалі і служыў, і дабрачыннаму фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана”. Нагадаем, што пра подзвіг героя гэтага аповеду “НН” пісалі ў нумары ад 28 мая мінулага года.
— 20 красавіка мне пазванілі з Міністэрства абароны і сказалі прыехаць у Мінск з дакументамі, — расказвае Аляксандр Радаман. — Адразу нават не тлумачылі, навошта выклікаюць, хацелі зрабіць сюрпрыз, аднак потым усё ж прызналіся, што мяне чакае новая машына. Што і казаць, гэта навіна стала для мяне сапраўдным і вельмі добрым сюрпрызам.
Некаторы час спатрэбіўся на афармленне дакументаў і даўкамплектацыю машыны, і вось у гэтым месяцы мой суразмоўца стаў яе паўнапраўным гаспадаром. Уручэнне аўтамабіля праходзіла ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь у прысутнасці спецыяльнага пасланніка Прэзідэнта Віктара Шэймана, дырэктара дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана” Аляксандра Мятлы, прадстаўнікоў Міністэрства абароны і пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.
Разам з новай “Ладай” Аляксандр Радаман атрымаў і Падзяку ад дабрачыннага фонда дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана”, у якой сказана, што ён узнагароджваецца гэтым каштоўным падарункам “у памяць аб баявым брацтве і за актыўную прапаганду беззаветнага служэння Радзіме, важкі ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, настойлівае фарміраванне ў моладзі якасцей патрыёта і грамадзяніна”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.