У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы сёння прайшоў конкурс сямей — чытачоў бібліятэк “Усё пачынаецца з сям’і”.
У ім прынялі ўдзел сем’і Шынкевіч (Аношкаўская інтэграваная сельская бібліятэка), Мішчанка (Затур’янская інтэграваная сельская бібліятэка), Садоўскіх (Гарадзейская гарпасялковая дзіцячая бібліятэка) і Аніськовіч (Ужанкаўская сельская бібліятэка-клуб).
Конкурс складаўся з шасці частак, у кожнай з якіх удзельнікі паказвалі сябе з розных бакоў, дэманструючы гледачам свае артыстычныя здольнасці, сваю эрудыцыю і, вядома ж, сваё веданне папулярных кніг і іх аўтараў.
Адкрывала конкурс “візітная картка”, якую сем’і рыхтавалі загадзя. Тут увазе гледачоў і журы былі прадстаўлены разнастайныя відэафільмы пра жыццёвы ўклад кожнай сям’і, а сям’я Шынкевіч, напрыклад, аздобіла свой фільм яшчэ і трапнымі вершамі ўласнага сачынення, поўнымі добрага гумару. Затым удзельнікі павінны былі прарэкламаваць свае любімыя кнігі, сярод якіх былі і сур’ёзныя дарослыя выданні накшталт “Зборніка сучаснай беларускай паэзіі”, і знакамітыя на ўвесь “Тры аповесці пра малыша і Карлсана”.
У конкурсе “Я — паэт” дарослыя і юныя аматары чытання згулялі ў старадаўнюю гульню “бурымэ”, дзе трэба зададзеныя словы (у кожнай сям’ яны былі свае) зрабіць апошнімі словамі вершаваных радкоў і такім чынам стварыць чатырохрадкоўе. Безумоўным лідэрам тут стала сям’я Шынкевіч, але і міні-вершы астатніх канкурсантаў таксама парадвалі ўсіх прысутных.
Наступныя два заданні — “Хто аўтар?” і “Па старонках любімых кніг” далі магчымасць удзельнікам конкурсу праверыць сваю кніжную эрудыраванасць.
І самым відовішчным стала апошняе заданне — “Любімы літаратурны герой”. Тут і дарослыя, і дзеці сталі на некалькі хвілін сапраўднымі артыстамі, якія жыва і пераканаўча пераўвасобіліся ў сваіх любімых персанажаў. Тут усіх пакарыла сям’я Аніськовіч, члены якой так артыстычна прадставілі фрэкен Бок, Малыша і Карлсана, што з твараў гледачоў ні на хвіліну не сыходзілі ўсмешкі і самае сапраўднае захапленне.
Бясспрэчна, што ўсе ўдзельнікі конкурсу былі па-свойму арыгінальныя і вельмі шчырыя ў сваіх памкненнях справіцца з усімі заданнямі найлепшым чынам, але спаборніцтва ёсць спаборніцтва, і ўлічваючы тое, што конкурс усё ж такі сямейны, журы вырашыла сярод двух сем’яў, якія набралі аднолькавую колькасць балаў, аддаць перавагу той, дзе падтрымаць сваіх родных змог і тата. Таму званне “самай чытаючай сям’і” атрымала сям’я Аніськовіч з Ужанкі.
Самай эрудыраванай сям’ёй была прызнана сям’я Шынкевіч з Аношак, самй артыстычнай — сям’я Мішчанка з Затур’і і самай дружнай — сям’я Садоўскіх з Гарадзеі.
Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.