Наперадзе — яркі, сонечны май. Чарада дзяржаўных, прафесійных і асабістых святаў. Мы традыцыйна віншуем родных, сяброў, знаёмых, калег, адрасуем самыя добрыя і цёплыя словы, самыя лепшыя пажаданні. Яны раней так і гучалі: “Здароўя, дабрабыту, поспехаў, мірнага неба!”. Гаварылі і пісалі прывычныя словы-штампы, можа, нават часам не вельмі задумваючыся над глыбінёй іх сэнсу. Пажаданне — ад чыстага сэрца, ад усёй душы, ну што яшчэ трэба?!
Цяпер, апошнія два-тры гады, многія заўважаюць, на першае месца ў пажаданнях выйшла слова “мір”. Калі людзі старэйшага пакалення гаварылі: “Толькі б не было вайны”, маўляў, усе астатнія нягоды перажывём, іх словы некаторымі ўспрымаліся як архаізм, з іх маглі кпіць, насміхацца. А сёння нават пры кароткай сустрэчы-размове людзі жадаюць адзін другому міру і здароўя. Не я адна такое заўважыла, не я адна такое жадаю. Вось абмяркоўваем нейкія непрыемнасці, вырашаем нейкія бытавыя праблемы. Здаецца, ужо закіпае. А потым хто-небудзь махне рукой: “А, дробязь. Перажывём. Абы вайны не было”. Бо страшна глядзець, што робіцца зараз ва Украіне.
Пакаленням беларусаў, народжаных пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, пашанцавала. Старэйшым сёлета споўнілася ці споўніцца 78 гадоў, іншыя — маладзейшыя, немаўляткам яшчэ і годзіка няма. І ўсе жывём у мірнай Беларусі. Мы самі часам не разумеем, якое маем шчасце, якая гэта каштоўнасць — мір. Бываем нечым не задаволены, злуемся, усё нечага лепшага шукаем, некаму зайздросцім, жар-птушку за морам выглядаем. І не бачым, што самае галоўнае, самае каштоўнае — побач, у нашых руках. Родныя людзі, бацькоўская хата, любімая работа, свая зямля, наша Радзіма. І мірнае неба над галавой. Наша сацыяльнаарыентаваная дзяржава клапоціцца пра чалавека, з асобнымі проста няньчыцца, выхоўвае — на захадзе такога не ўбачыце, там працвітае індывідуалізм, кожны выжывае, як можа.
На мнагалюдных святочных першамайскіх дэманстрацыях у савецкія часы сярод розных транспарантаў быў і з наступнымі словамі: “МІР! ПРАЦА! МАЙ!”. Працай людзі мацу- юць незалежнасць краіны. Як падкрэсліў наш Прэзідэнт у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальму сходу, галоўнае для захавання суверэнітэту — моцная эканоміка.
Чаму сёння мая калонка — пра мір? Таму што, калі яго не стане на беларускай зямлі, то не будзе нічога. Таму што ў суседняй Украіне ідзе справакаваная англасаксамі вайна. За апошні год там загінула і пакалечана каля 500 тысяч чалавек з абодвух бакоў. Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікае да міру: “Шлях адзін — перамовы, перамовы без папярэдніх умоў!”. Але прэзідэнт Украіны, узброіўшыся ідэалогіяй неанацызму і бандэраўшчыны, усё болей просіць, патрабуе ў НАТА ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў. І гэта той, што на выбарах у 2019 годзе абяцаў свайму народу спыніць грамадзянскую вайну, стоячы на каленях даваў клятву…
21-22 красавіка ў Мінску прайшоў Міжнародны антыфашысцкі форум. У ім удзельнічалі прадстаўнікі 50 краін. Па выніках форуму прыняты зварот “Засцерагчы чалавецтва ад фашызму!”. На барацьбу з антыгуманнай, нацысцкай ідэалогіяй узнялася прагрэсіўная, духоўна здаровая частка чалавецтва. За мір ва ўсім свеце!