Многія з нас памятаюць, што Першамай называлі святам вясны.
Ён сапраўды быў першым вясновым святам, не лічачы Вялікадня. Людзі радаваліся абнаўленню прыроды і дружна ішлі на дэманстрацыю. Яна была не толькі палітычнай акцыяй. Людзі атрымлівалі магчымасць сустрэцца з сябрамі, убачыць свой працоўны калектыў, сваю школу — усіх адразу. Пасля дэманстрацыі ішлі адзін да аднаго ў госці.
Вось гэту першамайскую душэўнасць і радасць ад сяброўскіх сустрэч і паспрабавалі 1 Мая аднавіць у Нясвіжскім раённым цэнтры культуры, дзе прайшло святочнае мерапрыемства “Ад усёй душы”. На ім былі ўшанаваныя лепшыя працаўнікі раёна — самыя вопытныя ў сваіх галінах работнікі, працоўныя дынастыі, маладыя спецыялісты.
Свята пачалося з віншаванняў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Балцянкова і старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіла Жыгунова. Кожны па-свойму, яны выказалі ўдзяч- насць тым, хто сабраўся ў зале, за добрасумленную працу, за актыўны ўдзел у прафсаюзным руху і выказалі спадзяванне, што святочная сустрэча падорыць усім яе ўдзельнікам добры настрой і натхненне на далейшую плённую працу.
Аляксандр Балцянкоў таксама ўручыў Грамату раённага аб’яднання прафсаюзаў дырэктару ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Віктару Худніцкаму і старшыні прафкама дзіцячага сада №4 “Караблік дзяцінства” Ірыне Кісун.
У цэлым жа ўзнагароды ад сваіх галіновых прафсаюзных арганізацый атрымалі звыш трыццаці працаўнікоў. Сярод іх — ветэраны прафсаюзнага руху і работнікі сельскагаспадарчай галіны, якія адпрацавалі ў арганізацыях раёна больш за 45 гадоў: былы старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Іван Кендыш, трактарыст-машыніст ААТ “Юшавічы” Вацлаў Мохарт, вадзіцель ААТ “Юшавічы” Канстанцін Крук, трактарысты-машыністы ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” Міхаіл Пражэнік і Мікалай Клочка, загадчык склада гэтага ж таварыства Антаніна Варанковіч, галоўны бухгалтар ААТ “Гарадзея” Вольга Буян, касір ААТ “Гарадзея” Ганна Валадзько, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела агратэхнікі РУП “Доследная станцыя па цукровых бураках” Марыя Гуляка, намеснік дырэктара па вытворчасці станцыі Віктар Гадун і загадчык вытворчага аддзела гэтай жа арганізацыі Віталь Пражэнік.
Святочны настрой удзельнікам урачыстасці падарылі артысты раённага цэнтра культуры і гарадскога маладзёжнага цэнтра, а кветкі і ўзнагароды сталі наглядным доказам удзячнасці прафсаюзаў за іх добрасумленную працу.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.