Сёння, 1 Мая, у Нясвіжы адбылося адкрыццё абноўленай раённай Дошкі гонару. На ім прысутнічалі прадстаўнікі прафсаюзнага руху і раённай улады, працаўнікі, занесеныя на
Дошкі гонару ў сваіх арганізацыях.
Нагадаем, што свята працы было ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта краіны № 157 ад 26 сакавіка 1998 года і мае больш чым векавую гісторыю.
1 мая 1886 года Чыкагскія рабочыя арганізавалі страйк і дэманстрацыю з патрабаваннямі 8-гадзіннага працоўнага дня. Усё гэта скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй. У адказ на стрэлы з натоўпу паліцыя адкрыла агонь, што прывяло да масавых ахвяр сярод дэманстрантаў.
Праз тры гады парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу назваў 1 мая Днём салідарнасці працоўных усяго свету і прапанаваў штогод адзначаць яго дэманстрацыямі з сацыяльнымі патрабаваннямі.
У Расійскай імперыі гэтае свята ўпершыню было адзначана ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем Першамайскай стачкі рабочых. На наступны год у Пецярбургу адбылася першая маёўка. З 1897 года маёўкі сталі насіць палітычны характар і суправаджацца масавымі дэманстрацыямі. У 1917 годзе 1 мая ўпершыню адсвяткавалі адкрыта. Ва ўсіх гарадах краіны мільёны рабочых выйшлі на вуліцы з лозунгамі Камуністычнай партыі “Уся ўлада Саветам”, “Далоў міністраў-капіталістаў”.
Па сапраўднаму “масавым святам” 1 мая стаў у СССР. І гэта сапраўды было свята для савецкіх працоўных, якія атрымалі дадаткова два выходныя дні.
Доўгі час дзень 1 мая адзначаўся як Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных усіх краін.
Першым прысутных павіншаваў з гэтым святам і адкрыццём новай дошкі гонару старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Жыгуноў. Ён адзначыў, што традыцыя ўшаноўваць лепшых працаўнікоў мае ў нашай дзяржаве даўнія гістарычныя карані, і што мы ўсе па праве можам ганарыцца сваімі землякамі, чые імёны занесены на раённую Дошку гонару.
— Святкаванне 1 Мая сёлета мае асаблівую сімвалічнасць, — сказаў Міхаіл Іванавіч, — таму што бягучы год носіць назву Года міру і стваральнай працы. І мы ўсе павінны помніць, што добрасумленная праца — гэта падмурак усяго нашага жыцця і залог для пераадолення любых цяжкасцей.
Намеснік старшыні рай выканкама Аляксандр Балцянкоў, звяртаючыся да прысутных ад імя раённай улады, таксама павіншаваў усіх з 1 Мая і адзначыў, што патрапіць на раённую Дошку гонару не так проста — кандыдаты павінны адпавядаць пэўнаму набору строгіх крытэрыяў — і што ў многіх арганізацыях і на прадпрыемствах ёсць свае Дошкі гонару, на якія занесена яшчэ больш працаўнікоў.
— Прыемна было назіраць, — асобна заўважыў Аляксандр Мікалаевіч, — што, як толькі ў мінулую суботу на раённай Дошцы гонару з’явіліся новыя партрэты, многія несвіжане і госці горада пачалі спыняцца каля яе, шукаць знаёмыя твары і нават фатаграфацца каля іх на памяць. Гэта значыць, што добрая слава нашых лепшых працаўнікоў будзе пашырацца, а самі яны будуць служыць надзейным прыкладам добрасумленнасці і адданасці любімай справе.
Усяго ж на раённую Дошку гонару занесена 42 працаўнікі з самых розных галін эканомікі раёна.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.