За яе плячыма — 84 гады няпростага, але цікавага і плённага жыцця, старонкі якога напоўнены добрасумленнай працай, выхаваннем дзяцей, адданай дапамогай людзям…
Вольга Мікалаўена Гарадзенка (у дзявоцтве — Камок), сёння, 12 красавіка, адзначае сваё 85-годдзе. У хуткім часе за агульным сталом збяруцца родныя і блізкія, будуць віншаваць любімую маму, бабулю. Дарэчы, у гэтым плане Вольга Мікалаеўна багатая і шчаслівая — у яе, акрамя чатырох дзяцей, восем унукаў і 14 праўнукаў, імёны якіх яна з радасцю пералічвае нам, карэспандэнтам, што завіталі напярэдадні яе асабістага свята.
Нарадзілася гераіня гэтай публікацыі ў вёсцы Задроўе Віцебскай вобласці, у Дзень касманаўтыкі, але задоўга да яго ўстанаўлення — у 1938-м годзе. І яе характар, варта адзначыць, атрымаўся такім жа стойкім, упартым і настойлівым.
У сямнаццаць гадоў, зусім юнай, дзяўчына выйшла замуж за Аляксандра Гарадзенку. Разам яны паехалі ў пасёлак Гураеўка Кустанайскай вобласці Казахскай ССР (зараз — сяло Гураеўскае, Костанайская вобласць, Рэспубліка Казахстан) — уздымаць цаліну. Там прабеглі імклівыя і няпростыя 11 гадоў жыцця.
У дваццаць пяць у Вольгі Мікалаеўны было ўжо трое дзяцей: Мікалай, Леанід і Таццяна. А праз год, у дваццаць шэсць, маладая жанчына засталася ўдавой.
У 1966-м годзе Вольга Мікалаеўна перабралася ў Нясвіж і працавала на заводзе па разліве безалкагольных напояў, затым, перад з’яўленнем чацвёртага дзіцяці, дачкі Ірыны, рабіла швачкай.
Але асноўнай яе працоўнай дзейнасцю была работа па спецыяльнасці — “тынкоўшчык — маляр — муляр”. Шматлікія будынкі і дамы, у якіх зараз працуюць і жывуць людзі, былі ўзведзены ў тым ліку і рукамі Вольгі Мікалаеўны Гарадзенка: у Высокай Ліпе, Аношках, пасёлку цукровага камбіната і іншых. У межах горада працавала на ўзвядзенні будынкаў Белаграпрамбанка, Беларусбанка, прыбудоўвала корпус Нясвіжскай ЦРБ (тады гэта былі хірургічнае аддзяленне і рэанімацыя), узво-дзіла жылыя дамы, напрыклад, па вуліцы Ленінскай.
— З 1976-га па 1981-ы я пражыла ў Піцеры, — успамінае мая сураз- моўца. — Там мы здавалі дамы “пад ключ”. І кладкай займаліся, і тынкоўкай, і малярныя работы выконвалі — усё, “ад А да Я”.
Калі прыехала зноў у Нясвіж, працягнула прафесійную дзейнасць і да заслужнага адпачынку была рабочай ПМК-217.
Дапамога, добразычлівасць Вольгі Мікалаеўны і яе неабыякавасць да людзей адлюстраваліся і ў яшчэ адной добрай, годнай справе — жанчына была донарам крыві. У лютым 1999 года ёй прысвоілі званне “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” (на цяперашні момант для гэтага патрабуецца на бязвыплатнай аснове 20 разоў здаць кроў і 40 разоў плазму, лейкацыты і трамбацыты, платна 40 разоў здаць кроў, 80 разоў — яе кампаненты, але ў свой час В.М. Гарадзенка здавала кроў безвыплатна). Яна носьбіт першай групы крыві з адмоўным рэзусам. У медыцыне лічыцца, што чалавек, які мае такі тып крыві, з прычыны адсутнасці антыгенных характарыстык належыць да адных з самых бяспечных донараў у працэсе пералівання крыві.
Пры адсутнасці падобнага тыпу крыві, у надзвычайных сітуацыях, яе пераліваюць пацыентам, якія маюць любы іншы тып крыві, у незалежнасці ад прысутнасці або адсутнасці антыгену.
У сваі 85, нягледзячы на тое, што Вольга Мікалаеўна інвалід ІІ групы, яна вельмі рухавая, актыўная і гасцінная. Цікавасці да жыцця дагэтуль не страчвае, гатуе прысмакі для родных (уласнаручна робіць пельмені!), самастойна падтрымлівае парадак у хаце. Такой бадзёрасці ў паважаным узросце можна толькі пазайздросціць!
“Вы моцны арэшак! Так трымаць!” — развітваемся мы з гаспадыняй, пакідаючы яе кватэру.
Ад усёй душы хочацца пажадаць юбілярцы моцнага здароўя, жвавасці яшчэ на доўгія гады! І галоўнае — заставацца для сваіх родных прыкладам сумленнага працаўніка і добразычлівага чалавека!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Карыны АНТАНОВІЧ.