У пятніцу ў Дзяржынску адбылася абласная нарада з удзелам усіх зацікаўленых структур пад старшынствам намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага
камітэта Івана Маркевіча, прысвечаная сем’ям, бацькі ў якіх не выконваюць сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей.
На базе Дзяржынскага раёна быў запушчаны пілотны праект па рабоце з сем’ямі, якія знахо- дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яго плануюць разгарнуць па ўсёй вобласці. Пра гэта і расказаў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч на тэматычным пасяджэнні.
Сутнасць праекта ў тым, што сацыяльных педагогаў у школе вызвалялі ад абавязкаў, каб яны маглі сканцэнтравацца на рабоце з праблемнымі сем’ямі.
— Сёння галоўнае — надаць увагу гэтым дзецям і гэтым сем’ям. Няправільна, калі не працуюць бацькі, асабліва абодва бацькі, калі дзеці пушчаны на самацёк, калі дзеці не занятыя, — падкрэсліў Іван Маркевіч.
Вялікая нарада па ўказаных пытаннях у Мінскай вобласці прайшла яшчэ напрыканцы сакавіка. Губернатар Аляксандр Турчын тады адзначыў, што такія сітуацыі, калі дзіця паўторна ставяць у сацыяльна небяспечнае становішча, павінны разглядацца як надзвычайныя. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна ўпэўнены, што па рабоце з сем’ямі і вяртанні ў іх дзяцей павінен быць выпрацаваны канкрэтны алгарытм.
Іван Маркевіч прапанаваў стварыць лінію даверу “Мы ў адказе за нашых дзяцей”. Паведаміць аб праблемах можна будзе з 7.00 да 21.00.
Прамая лінія пачне працаваць ужо 17 красавіка. Кантакты для зваротаў будуць апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі. Вядома, што, акрамя абласной лініі даверу, адкрыюцца і раённыя.
У вобласці пражывае больш за 289 тысяч непаўналетніх. З іх 3565 дзяцей або 1,23% знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На пачатак сакавіка 3865 дзяцей прызнаны тымі, што знаходзяцца ў такім становішчы.
Аб актуальных пытаннях у рабоце з сем’ямі, дзеці ў якіх прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, гаварыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко. Ён падкрэсліў, што адзін з галоўных напрамкаў такой работы — ранняе выяўленне праблемных сем’яў. У ліку дадатковых мер — вырашэнне пытання ўвядзення ставак сацыяльных педагогаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі.
— У большасці выпадкаў застаюцца факты ўжывання бацькамі алкагольных напояў. Ёсць пытанні і да пажарнай бяспекі жылля, — адзначыў Мікалай Башко.
Не радуе статыстыка па шматдзетных сем’ях. Узрасла дынаміка іх пастаноўкі на ўлік. Такіх сем’яў сёння ў вобласці 590. Мясцовыя ўлады гэта бачаць і мусяць вырашаць праблему. Аб гэтым жа гаварыў у час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт:
“Мы для дзетак грошы аддаём, а бацькі прапіваюць. Вы ведаеце, што шматдзетныя сем’і — гэта не заўсёды шакалад. Чаго б гэта нам не каштавала, ураду і губернатару трэба вырашыць гэтую праблему. Я перад вамі паставіў гэтае пытанне”.
Яго выступленне шырока абмяркоўвалася ўдзельнікамі семінара.
Намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Вольга Ігнатава расказала аб рабоце, якая праводзіцца ў Дзяржынскім раёне па выяўленні і прафілактыцы сямейнага няшчасця. Іван Станіслававіч, выслухаўшы дакладчыка, адзначыў, што праграма, прынятая і рэалізуемая ў Дзяржынскім раёне, мае станоўчы эфект і прыносіць свой плён.
“Электронная база сем’яў СНС заўсёды са мной, у маім тэлефоне”, — паведаміла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіна Гапанькова. Яна падрабязна спынілася на тым, якая інфармацыя ў такой базе размяшчаецца і як работа з ёю здзяйсняецца на практыцы.
Іван Маркевіч рэкамендаваў укараніць такую форму работы з базамі даных і ў іншых раёнах.
Начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі пракуратуры Мінскай вобласці Вольга Клешчанка падкрэсліла, што фармалізм і абыякавасць зацікаўленых асоб нярэдка прыводзяць да несуцяшальных, часам нават трагічных наступстваў. Гэтага не павінна быць. Вольга Уладзіміраўна прывяла прыклады неналежнай работы, якая праводзіцца ў гэтым напрамку, у Слуцкім, Мінскім і іншых раёнах.
Падводзячы вынікі, Іван Маркевіч адзначыў, што факты бяздзеяння службовых асоб трэба выключыць, каб дзеці адчувалі сябе ў бяспецы і пад надзейнай абаронай дзяржавы. І работа ў гэтым напрамку павінна прадаўжацца і ўзмац- няцца.
“НН”.