Сёння ў 24-ы раз чалавецтва адзначае дату, якая падкрэслівае важнасць адной з самых каштоўных літаратурных формаў і моўнага выражэння розных культур і народаў — Міжнародны дзень паэзіі.
На працягу ўсёй гісторыі паэзія была неад’емнай часткай жыцця грамадства. Праз яе творчыя людзі выражаюць свой светапогляд, агульныя каштоўнасці, ператвараючы самыя простыя вершы ў магутны каталізатар дыялогу са светам.
Адным з такіх паэтаў з’яўляецца і кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Валянціна Шчарбакова.
Валянціна Васільеўна піша і на рускай, і на беларускай мове прозу і паэзію.
Яе нарысы можна знайсці і на старонках раённай газеты, а вось пра вершы ведае не кожны. Хоць яны і варты таго, каб як мага больш людзей іх чыталі.
— Мая самая першая сустрэча з паэзіяй здарылася ў маленстве, — успамінае мая суразмоўца. — Так здарылася, што калі мне споўніўся годзік, бацькі не аддалі мяне ў дзіцячы садок, а адвезлі да бабулі і дзядулі. Дзядуля — Фёдар Вініцкі — быў мастаком. Ён закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і вучыўся ў Баранавіцкім інстытуце, выкладаў у школе. Дзед Фёдар вельмі любіў беларускую літаратуру. Ён чытаў мне вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі. І нават асабіста сустракаўся са знакамітымі пісьменнікамі. Напамінам пра гэта была кніга “На ростанях” з аўтографам Коласа. Дзякуючы ўплыву дзядулі ўжо ў чатыры гадкі я дэкламіравала радкі з паэмы “Курган”. Пасля я ўсё ж пайшла ў садок, там, як і ў школе, нас навучалі па-руску. Таму, калі ў першым класе я сачыніла свой першы верш, ён меў беларускую назву “Малюнкі”, але быў на рускай мове. І ў трэцім класе ў мяне з’явіўся верш на роднай мове, прысвечаны матулі.
Школьныя гады, а пасля і перыяд навучання ў Нясвіжскім педвучылішчы, запомніўся будучаму кіраўніку літаратурнага аб’яднання сустрэчамі з таленавітымі аўтарамі. Сярод іх былі і мясцовыя таленты — Віктар Трусевіч, Паўлюк Прануза.
— І сёння памятаю, як Паўлюк Прануза чытаў свой верш “Сустрэча праз гады”. Моладзі было шмат, не кожны слухаў уважліва, але мне так падабаліся вершаваныя радкі, што толькі іх і чула.
Скончыўшы педвучылішча, Валянціна Васільеўна паступіла на філалагічны факультэт дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Там яна старанна вучылася, пісала вершы, але нікому іх не паказвала да апошняга курса. І толькі тады, калі да заканчэння заставаўся толькі апошні ўнутраны экзамен і дзяржэкзамены, паэтка прывяла ў адказе на іспыце свае вершаваныя радкі.
— І тады мая настаўніца Наталля Лобань сказала: “А чаго ж вы да гэтага часу маўчалі?” Яна папрасіла мае вершы і паказала іх Міколу Шабовічу. З дарослых вершаў ён адабраў толькі 10, а дзіцячыя пахваліў усе і сказаў, што іх можна друкаваць. Пасля з часам я пачала пасылаць свае вершы ў “Вясёлку”, “Вожык”, а празаічныя творы і артыкулы пабачылі свет у такіх выданнях, як ў “Планета сям’я”, “Воскресенье”, “Літаратура і мастацтва”.
Барабан
Выбирали инструмент
Не учли один момент:
Флейту выбрали Катюше,
Она ставит дом на уши.
Расспросили тут и там
И купили барабан.
После Катиной игры
К нам соседи не дружны.
Ну, чего там обижаться?
Надо ж детке развиваться.
Паралельна з вучобай гераіня гэтага аповеду працавала, і з 1998 года менавіта ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Пранузы. Тут, пры бібліятэцы праводзіла розныя мерапрыемствы, сустрэчы з мясцовымі паэтамі. Падчас аднаго з іх прагучала думка: “А давайце створым літаратурнае аб’яднанне?”
Так, у кастрычніку 2006 годзе сем нясвіжскіх паэтаў — Валянціна Шчарбакова, Соф’я Любанец, Алег Пракарына, Вольга Жэрка, Сяргей Пракоф’еў, Барыс Вятлугін, Наталля Валочнік — правялі першае пасяджэнне.
— У той жа год, у снежні, мы з Наталляй Валочнік прынялі ўдзел у абласным паэтычным конкурсе. Там я пазнаёмілася з кіраўніком абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” Ірынай Карнаухавай. Ужо праз месяц паэты Нясвіжчыны прадстаўлялі свае творы на чарговым пасяджэнні “Жывіцы”. З таго часу вершы нашых аўтараў пачалі друкавацца ў абласных зборніках.
Нягледзячы на тое, што творы Валенціны Шчарбаковай не раз выходзілі ў калектыўных зборніках, асабістага ў гераіні нашага аповеду яшчэ не было. Таму ў мінулым годзе падчас чарговага фестывалю, прысвечанага Паўлюку Пранузе, творца прэзентавала сваю кнігу “Навагодні паравозік” у рэаліці шоў “Шанс для нявыдадзеных кніг”.
— А ілюстрацыі да гэтай кнігі намалявала мая дачка Валерыя. Я спадзяюся, што ў гэтым годзе “паравозік” з яе ілюстрацыямі і сапраўды выйдзе ў друку.
Будаўнікі
Кіпіць работа, аж да поту, —
Будуюць дзеці гарады.
З пяску пракладваюць дарогі,
Затым — над рэчкаю масты.
Узводзяць паркі, скверы,
Ў фантазіі не знаюць меры.
А хутка прабягуць гады,
І узрастуць пад мірным небам
З рукі іх лёгкай гарады.
На пытанне аб тым, як прыходзіць натхненне, Валянціна Васільеўна сціпла адказала:
— Вёска мне дае натхненне. Калі б не вёска, я не ведаю, як бы нараджаліся мае вершы. Нават падчас таго, як рвеш зелле, у голаву могуць прыйсці вершаваныя радкі. Я чула такое меркаванне: “Што тая вёска, там жа адны старыя”. Але каб тыя, хто так гаворыць, толькі ведалі, наколькі цікавыя людзі там жывуць! Я сябравала з адной пажылоў настаўніцай Марыяй Мікалаеўнай Мікалаевай. Яна вучыла ў пачатковых класах яшчэ маю маму. Марыя Мікалаеўна была вельмі цікавай суразмоўцай, валодала акрамя беларускай і рускай моў, польскай і нямецкай. Калі размаўляеш з такімі людзьмі, пераймаеш іх бадзёры настрой. Акрамя таго, натхненне прыходзіць і нават калі ідзеш на работу ці цябе нешта хвалюе. А што належыць да духоўнай тэматыкі, то тыя творы толькі ад Бога ідуць — часам сам не ведаеш, як твая рука магла такое напісаць.
Я далёка не геній у паэзіі, але дзякую людзям, якія ў свой час паверылі ў мяне і падштурхнулі да таго, каб паказваць свае вершы людзям.
Напрыканцы нашай гутаркі Валянціна Васільеўна высказала наступную думку:
— На жаль, сёння людзям часта не стае часу на ўласную сям’ю, і стаецца так, што мы прабягаем побач з жыццём, а не жывем. Для таго, каб гэта змяніць, трэба знаходзіць магчымасць прыпыняцца, аглядацца навокал, убачыць тых, хто знаходзіцца побач з табою. Усе жыццёвыя даброты нашы дзеці могуць зарабіць самі, а вось тыя маральныя і духоўныя прыарытэты, якія мы даем, немагчыма пераацаніць. Калі дзеці вырастуць і будуць стаяць перад выбарам, менавіта гэта і дапаможа імяго зрабіць. З дапамогай слова я стараюся перадаць сваім дзецям тую мудрасць, якую набываю на працягу жыцця. Каб яны выраслі добрымі і шчырымі людзьмі.
Зварот да ўсіх матуль
Жыццё складаецца з турботаў:
Уборак, пражання, работы.
З баршчоў, аладак і кампотаў…
А ці маглі б вы, і не ўпотай,
Сярод штодзённай мітусні
На міг, стаміўшыся, спыніцца,
Праз быт праменьчыкам прабіцца,
На зоркі з дзецьмі паглядзець,
Каб навучыць іх душы пець?
В.Шчарбакова