Сваімі меркаваннямі наконт супрацоўніц- тва з Кітаем на прыкладзе канкрэтна Нясвіжскага раёна з намі падзялілася намеснік старшыні райвыканкама, якая курыруе пытанні эканомікі, Ірына Ксяневіч:
— Рэальны сектар эканомікі нашага раёна супрацоўнічае з Кітайскай народнай рэспублікай даўно і шчыльна ў плане паставак абсталявання, а таксама — паставак субстанцый і матэрыялаў для прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці, што працуюць на нашай тэрыторыі, такіх, як ЗУВП “Мед-інтэрпласт” і СП ТАА “Фармлэнд”, — адзначыла Ірына Іванаўна. — У мінулым годзе таксама многія нашы прадпрыемствы закуплялі кітайскае абсталяванне для сваіх вытворчасцей.
У выніку імпарт з Кітая па нашым раёне перавысіў 7 мільёнаў долараў ЗША, а экспарт склаў 9 мільёнаў.
У мінулым годзе выйшла на кітайскі рынак ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. У перспектыве — выхад на яго ў ЗАТ “Аблрапсаграсэрвіс” і Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання.
Увогуле, супрацоўніцтва з Кітаем сведчыць пра высокую канкурэнтаздольнасць прадпрыемства, чым мы, вядома, можам па праве ганарыцца. Таму лічу, што імкненне нашага Прэзідэнта да развіцця ўсебаковых сувязей з Кітайскай народнай рэспублікай прынясе безумоўную карысць усёй Беларусі і, у прыватнасці, нашай Нясвіжчыне. Гэта будзе садзейнічаць развіццю і ўмацаванню эканомікі, а моцная эканоміка — гэта, як вядома, аснова для паспяховага функцыянавання ўсіх астатніх галін народнай гаспадаркі.