Укладчык-упакоўшчык замежнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Мед-інтэрпласт” Антаніна Ванагель — адна з лепшых работнікаў прадпрыемства, якое будзе прадстаўляць на Дошцы Гонару нашага раёна.
Сваю працоўную дзейнасць тут яна пачала шэсць гадоў таму на вытворчасці
гарчычнікаў.
— Спачатку было крыху нават страшна, — расказвае Антаніна Міхайлаўна. — Ці спраўлюся, ці не падвяду людзей, бо да гэтага я шмат гадоў правяла на рабоце, дзе амаль усё залежала ад мяне самой. А тут праца стала ўжо калектыўнай. І вось праз тры месяцы работы па дагавору мяне ўжо поўнасцю ўключылі ў штат і перавялі на фармвытворчасць, дзе я і працую цяпер. Для гэтага трэба было прайсці спецыяльнае навучанне, здаць экзамены па стандартных аперацыйных працэдурах, і я вельмі старалася, бо ўсё, што звязана з медыцынай, патрабуе асаблівай адказнасці.
Мая суразмоўца таксама расказала, што яшчэ ў старэйшых класах школы ў думках бачыла сябе на вытворчасці, магчыма, нават на канвееры, дзе з-пад тваіх рук выходзіць якая-не- будзь прадукцыя. І хаця канкрэтна пра вытворчасць медыцынскіх прэпаратаў не задумвалася, аднак праз многа гадоў лёс склаўся так, што давялося стаць часткай працоўнага калектыву, у якім ад добрасумленнай працы кожнага залежыць поспех агульнай справы.
— Мне было вельмі цікава, як выпускаецца той ці іншы прэпарат, як ён атрымліваецца, як капсуліруецца, як запайваецца ў блістэры, як вырабляюцца сашэ-пакеты, — гаворыць Антаніна Міхайлаўна. — Многае стала для мяне сапраўдным адкрыццём, і хаця зараз я займаюся як укладчык-упакоўшчык афармленнем упаковак з гатовай прадукцыяй, работу сваю я зусім не лічу нецікавай ці манатоннай — трэба ўважліва праглядваць, ці ўсё адпавядае патрэбнай серыі, бо ў адну ўпакоўку не павінны патрапіць блістэры ці сашэ-пакецікі з розных серый, праглядваць штампы тэрмінаў годнасці, колькасць адзінак у адной упакоўцы, герметычнасць блістэраў і гэтак далей.
Праз рукі Антаніны Міхайлаўны прахо- дзяць, напрыклад, “Афлумед” з рознымі смакамі, “Смекціка” для лячэння праблем са страўнікава-кішэчным трактам, “Нейрахалін”, які карыстаецца асаблівым попытам у пажылых людзей, “Доніка” для суставаў і іншыя вядомыя прэпараты, якія выпускае “Мед-інтэрпласт”. Асвоіла яна і сумежныя спецыяльнасці і пры неабходнасці без праблем замяняе таварышаў па рабоце.
— Раней у нас фасаваліся лекі, якія мы атрымлівалі з-за мяжы, — гаворыць мая сураз- моўца, — цяпер многія ад замесу рэчываў да ўпакоўкі робяцца поўнасцю тут, у Нясвіжы. Вытворчасць наша не стаіць на месцы, развіваецца, і гэта вельмі радуе. У калектыў прыходзяць новыя людзі, і я цяпер сама дапамагаю ім асвоіць азы прафесіі, як некалі больш вопытныя таварышы дапамагалі мне.
Дарэчы, зараз у Антаніны Міхайлаўны на “Інтэрпласце” сапраўдны сямейны падрад: у адну змену з ёю прыйшла працаваць і яе дачка і таксама не шкадуе аб гэтым, стараецца разам з мамай высока трымаць марку свайго прадпрыемства.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАй.