У апошнія дні мінулага года на базе Нясвіжскай гімназіі прайшоў занальны этап рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”.
Па яго вынікам у сямі намінацыях былі выбраны пераможцы, якія атрымалі пуцеўкі на абласны этап. Адной з лепшых стала работа вучаніцы Ліпскай сярэдняй школы Дзіяны Ліцкевіч. У намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера” дзяўчына падрыхтавала праект “Турыстычны веламаршрут па славутасцях Нясвіжскага раёна”.
— Ідэя для работы ўзнікла яшчэ летам, у той час, калі як раз праходзіла рэспубліканская акцыя “Кіламетры без табака”. Мы на роварах пераадольвалі дыстанцыю, аб’язджалі нават аддаленыя куткі тэрыторыі нашага сельсавета і не толькі, — распавядае Дзіяна. — Пасля гэтага разам з педагогам-арганізатарам нашай школы Дзіянай Дзмітрыеўнай Тукай мы сталі распрацоўваць канцэпцыю, прадумваць траекторыю і афармляць гэта ўсё ў праект.
Увесь маршрут складае каля 22 кіламетраў. І для таго, каб праехаць па ўсіх зададзеных кропках, пазнаёміцца з аб’ектамі і, магчыма, пачытаць пра іх у інтэрнэце, спатрэбіцца ўвесь дзень. Мы спрабавалі з сям’ёй, з сябрамі — гэта вельмі аб’ядноўвае, а яшчэ, вядома, знаёміць цябе з гісторыяй Нясвіжскага краю. Прычым, не толькі з месцамі больш-менш вядомымі, але і з тымі, што не так актыўна прыцягваюць увагу людзей.
Паколькі я жыву ў Вялікай Ліпе, любімым кропкай маршруту для мяне з’яўляецца сядзіба Абуховічаў. Я кожны раз, выходзячы з хаты, магу назіраць за гэтым месцам, якое велічна захоўвае сваю гісторыю. Але асабліва трапяткія пачуцці мяне ахопліваюць, калі бачу каля сядзібы машыны з замежнымі нумарамі. Адразу становіцца вельмі радасна, што я жыву ў такім месцы.
Выдатна прадставіўшы сваю работу на занальным этапе, падрыхтоўка да абласнога — таксама запатрабавала пэўных намаганняў.
— Мы крыху ўдасканалілі звесткі пра канкрэтныя кропкі нашага маршруту, далі больш поўную, больш падрабязную інфармацыю пра аб’екты, — адзначае кіраўнік праекта Дзіяна Тукай. — Нам дапамагалі ў асноўным электронныя архівы з інфармацыяй і фотаздымкамі.
Магу сказаць, што Дзіяна — дзяўчынка кемлівая, з хваткай. Таму ёй усё ўдалося.
Дарэчы, на абласным этапе ў намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера” ў прадстаўніцы нашага раёна было 13 супернікаў. І ў кожнага— ёсць чаму павучыцца, кажа яна:
— Хлопцы і дзяўчаты сапраўды моцныя. Там вельмі дастойны ўзровень. Вядома, з-за гэтага я крыху хвалявалася, але як толькі выйшла на сцэну і пачала гаварыць, адразу адчула ўпэўненасць і, на маю думку, я справілася. Члены журы былі ветлівымі да кожнага, гаварылі пра недахопы, раілі, над чым яшчэ варта папрацаваць. Але я вельмі ўдзячная арганізатарам, свайму педагогу і ўсім-усім датычным да гэтага праекта: і за вопыт, і за ўражанні, і, вядома, за падарункі.
На гэтым спыняцца Дзіяна Ліцкевіч не збіраецца. Нягледзячы на тое, што дзяўчына ўжо выпускніца, яна плануе і ў наступным годзе паўдзельнічаць у праекце, але ўжо па тым профілі, па якім пойдзе вучыцца далей.
Жадаем поспехаў і новых вяршынь юнай пераможцы!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.