Пра надзейнасць звароту па нумары 101 ведаюць многія. Аднак наўрад ці нават пацярпелыя ўсведамляюць, што прыцягвае на гэтую высокаадказную працу з маладосці, каб потым стаць жыццёвым пакліканнем. Дзеля высвятлення шляхоў, якія вядуць да ратавання людзей, мы завіталі ў Нясвіж. У мясцовай ратавальнай службе сваім досведам падзяліўся старэйшы інструктар-ратаўнік Вадзім Казакевіч.
— Як прыйшлі ў гэтую прафесію?
— У лютым 2016 году я ўладкаваўся ў падраздзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пасля арміі. Мне прапанавалі гэтую працу, калі былі вольныя месцы. Пачыналася мая праца з таго, што мне паказвалі, як кіраваць машынай і абыходзіцца з тэхнікай.
— Што было самой прычынай прыходу ў службу ратавання?
— Пасля войска вырашыў паспрабаваць і спадабалася. Таму застаўся і працягваю працаваць па сённяшні дзень. Гэта мужная праца. Падабаецца ратаваць жыцці.
— Якой была служба ў войску?
— У 2014 годзе пачынаў службу ў Віцебску ў Сілах спецыяльных аперацый. Спачатку служыў у разведроце. Потым нас перавялі ў батальён.

— Як адбываўся прафесійны рост у якасці ратаўніка?
— Першапачаткова я стажаваўся ў Нясвіжы. Затым паехаў ў навучальны цэнтр у Заслаўі на 3,5 месяцы. У ходзе падрыхтоўкі мы вывучалі, як кіраваць пажаратушэннем і не парушаць тэхніку бяспекі, а таксама як пры гэтым сачыць за самім сабой і падначаленымі. У чэрвені 2016-га я вярнуўся ў Нясвіж пасля вучэльні. Мяне адразу паставілі на пасаду камандзіра аддзялення. З гэтага года ў мяне пасада старэйшы інструктар-ратаўнік.
— Якія функцыі выконваеце па службе?
— Параўнальна з некаторымі іншымі падраздзяленнямі мы радзей выязджаем на пажары, бо аб’ектовая частка паводле далечыні выезду ў нас ахоплівае 10 км. У мяне ў падначаленні служаць кіроўца і камандзір аддзялення. Найперш па прыбыцці на пажар нам варта ўпэўніцца, ці ёсць хто-небудзь у доме і абясточыць будынак, каб не ўдарыла токам. Затым, калі ёсць адкрытае гарэнне, з машыны падаюцца лафетныя ствалы, каб прытушыць вялікі агонь. Таксама варта падкласці падкаты пад машыну, каб тая нікуды не паехала. Сярод іншага, трэба паглядзець, дзе размешчана падушка бяспекі і абясшкодзіць стырно. У нас ёсць падушка на стырне, таму патрэбна, каб тая не разарвалася, інакш пацярпелым можа яшчэ больш дастацца.
— Ці ёсць супраца з Беларускім таварыствам ратавання на вадзе?
— У Нясвіжскім раёне пакуль адсутнічае аддзяленне ТРВОД. Бліжэйшае знаходзіцца ў Клецку, але ўжо існуе намер разгарнуць дзейнасць Таварыства ратавання і ў нас. На сённяшні ж дзень адказнасць кладзецца на нашую службу. У гэтай сувязі адпрацоўваем на вадаёмах ратаванне тапельцаў. Апранаем камізэлькі і страхуемся вяроўкай. На зіму ў нас ёсць лодка. Калі можаш, то бяжыш да тапельца. У іншым выпадку даводзіцца падпаўзаць. Калі даюцца ўводныя, што чалавек знаходзіцца, прыкладам, за 30 метраў ад берага, то пры выездзе загадзя распранаемся ў машыне. У некаторых зменах некалькі разоў нашыя супрацоўнікі даставалі тапельцаў у возеры каля вёскі.

— Якую асветную і прафілактычную працу ажыццяўляеце з падлеткамі?
— Бывае, што выязджаем і паказваем дзецям тэхніку і адпрацоўку са стваламі. Штотыдзень да нас у службу ратавання прыходзяць школьнікі з розных школ як Нясвіжскага, гэтак і суседніх раёнаў. Праводзім з імі заняткі. Дзеці адпрацоўваюць першую дапамогу тапельцам на манекене. Гэты манекен паказвае слушнасць выканання штучнага дыхання. Праходзяць трэніроўкі таго, куды і як тэлефанаваць.
— Што параіце маладым людзям, якія збіраюцца прыйсці ў прафесію?
— У першую чаргу варта не спяшацца і слухаць загады сваіх начальнікаў. Інакш могуць быць вялікія праблемы, калі пачнеш рабіць сам. Камандзір нясе адказнасць, і ўсе разам тады могуць панесці пакаранне.
— Што можаце распавесці пра сам калектыў?
— Большасць складаюць нясвіжскія хлопцы, але ёсць і з Клецку, бо там колькасна меншая служба. Калі святы і дні народзінаў, то адпачываем разам. Таксама святкуем атрыманне новых званняў.
— Ці часта праводзяцца праверкі гатоўнасці?
— Гэта правільна, што правяраюцца навыкі, што дапамагае іх захоўваць ад забыцця. Таму з досведам усё ідзе на аўтамаце. І з Мінска прыязджаюць часцяком з праверкамі. І штаб тут знаходзіцца, які за ўсё адказвае і правярае нас кожны месяц.
— Ці здараецца, што некаторыя падраздзяленні патрабуюць падтрымкі?
— Бывае, калі па першым нумары выкліку едуць чатыры машыны, то па другім нумары — восем машын. Залежыць гэта ад аб’екту. Прыкладам, калі гэта бальніца, то адразу восем машын.
— А ці ёсць такія аб’екты ў Нясвіжскім раёне?
— Ёсць 10 аб’ектаў, для якіх нават нашых машын не хопіць. Клецкі раён тады падключаецца. Часам з Баранавіцкага раёна машыны «прылятаюць» сюды, з Капыльскага боку таксама.

— Ці ёсць планы на будучыню расці да афіцэра?
— Раней такі план быў, калі хацеў вучыцца ва ўніверсітэце.
— Ці ганарыцеся сваёй прафесіяй?
— Так. Тым больш у нас база тут вельмі добрая. Машыны практычна ўсе новыя ў раёне.
— Якой мае быць фізічная падрыхтоўка?
— Кожны год здаём падцягванне, бег на кіламетр і 100 метраў, а таксама плаванне. У асноўным нарматывы нескладаныя. Іх нават спрасцілі, бо далі больш часу на выкананне. Усе здаюць на выдатна. Пры гэтым патрэбная хуткасць і сіла, інакш цяжка будзе працаваць. Сам я лыжнік. Штогод езджу на абласныя спаборніцтвы.
Штораз мы адпрацоўваем нарматывы, бо ратуем жыцці людзей, каб не было незадаволенасці. Разам з тым, па прыездзе часта людзі крычаць, што рабіце хутчэй, але ёсць тэхніка бяспекі. Таксама прыязджаюць газавая і медыцынская службы.
— Што скажаце наконт матэрыяльнага забеспячэння?
— Для нас створаныя ўсе ўмовы, каб праводзіць фізічную падрыхтоўку на высокім узроўні. Ёсць трэнажоры і тэнісны стол. Мы там займаемся ўвесь час. Таксама маем залу адпачынку.
— Ці бывае рэгулярнае павышэнне кваліфікацыі?
— Раз у тры гады праводзіцца здача нарматываў на ратаўніка. А тэорыю правяраюць кожны год.
Як высветлілася, аднаго інтэрв’ю замала, каб зрабіць поўнае кола агляду такой шматграннай прафесіі. Але будзем спадзявацца, што нашым чытачам хопіць уражанняў на першы раз. Урэшце, зорка Вадзіма Казакевіча толькі пачала зіхацець ад уратаваных ім і яго саслужыўцамі людзей.
Источник: mlyn.by