Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.17 |
Погода -1 °C

Т.А. Лясніцкая: “Вырасціць Чалавека — для мяне галоўная задача!”

Дарья Пивоварская 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 24.02.2023

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Нясвіжскай гімназіі Таццяна Аляксандраўна Лясніцкая стала Лаўрэатам раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Нясвіжскага раёна” ў намінацыі “Руская мова і літаратура/Беларуская мова і літаратура”.

Як педагог прыйшла да перамогі і ў чым сакрэт яе поспеху, мы даведаліся ў Таццяны Аляксандраўны асабіста.

— Прыняць удзел у “Настаўніку года” мне прапаноўвала яшчэ шмат гадоў таму былы дырэктар нашай установы адукацыі Таццяна Віктараўна Шумоўская. Але, ведаеце, кожнай падзеі ў жыцці адведзены свой час, таму, я лічу, мой час настаў зараз. Менавіта цяпер я была ўпэўнена ў сабе, настроена маральна.Т.А. Лясніцкая: “Вырасціць Чалавека — для мяне галоўная задача!”



— Раскажыце пра этапы конкурса? З чаго яны складаліся? Як Вы іх праходзілі?

— Першы этап — унутры сваёй установы адукацыі — складаўся з двух частак: адкрыты ўрок (праводзіла ў 9-м класе, тэма — “Знакі прыпынку ў складаназлучаным сказе”) і абагульненне педагагічнага вопыту —“Выкарыстанне элементаў актыўнай ацэнкі як сродак павышэння матывацыі вучняў”. Затым ішоў раённы этап. На ім неабходна было даць адкрыты ўрок у незнаёмым класе. Мне трапіўся 8-ы клас СШ № 1 г. Нясвіжа. З вучнямі мы разгледзелі тэму “Віды аднасастаўных сказаў”. Потым — самапрэзентацыя, у якой я расказвала пра свае дасягненні, набыткі, тое, да чаго імкнулася, тое, чаго мне хацелася дабівацца на працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці.

— Цікава! А можна падрабязней пра адкрыты ўрок у незнаёмым класе? Як ён прайшоў? Ці ўсё, што задумвалі, атрымалася?

— Урок прайшоў вельмі добра, нягледзячы на тое, што дзяцей я зусім не ведала. Але яны працавалі, адгукаліся, і ў рэшце рэшт я атрымала вялікае задавальненне ад занятку. Варта адзначыць: тое, што я абагульняла ў педагагічным вопыце — элементы актыўнай ацэнкі — іх і дэманстравала непасрэдна падчас занятку. Асаблівасцямі такой практыкі з’яўляецца прасоўванне правіла непадымання рукі: калі вучань не вызываецца сам, а я выцягваю імя дзіцяці і ён павінен адказаць. Гэта падштурхоўвала дзяцей быць у тэме, не адцягваць увагу на нейкія свае рэчы, а засяроджвацца на ўзаемадзеянні з настаўнікам і аднакласнікамі і ў выніку атрымаць адзнаку.

Фінальны этап адбыўся ў чацвёртай гарадской школе, дзе вышаўшыя ў фінал — у нашай намінацыі такіх атрымалася 4 чалавекі, у тым ліку і я — дэманстравалі сябе.

— Якім для Вас стаў фінал? Якую асноўную думку Вы стараліся данесці да калег і журы?

— Праз увесь гэты конкурс прайшла чырвонай стужкай ідэя педагагічнага вопыту. Маё фінальнае выступленне было “Маналог настаўніка”, які ўдзячны за выбраны лёс, удзячны кіраўніцтву ўстаноў адукацыі — не толькі гімназіі, але той, дзе я пачынала свой працоўны шлях. Таксама гэта ўдзячнасць калегам, якія падштурхнулі да дзеяння, паказалі, што існуе другі бок адукацыі, былі прыкладам тых адданых людзей, якія “адкінулі ў бок” праверку сшыткаў, нарады, нейкія непаразуменні, а паказалі настаўніка, які жыве творча, які апантаны сваёй работай і гэту ідэю нясе ў масы.

— Таццяна Аляксандраўна, што адчулі, калі апынуліся пераможцай?

— Пачуццё радасці і задавальнення ад пройдзенага шляху. Для сябе я ізноў упэўнілася: гэта ні ў якім выніку не канец, гэта не кропка. Трэба далей працаваць, дапамагаць калегам, нешта шукаць, адкрываць для сябе новае, выпрабоўваць сябе зноў і зноў.

Акрамя ўрокаў мовы і літаратуры за Т.А. Лясніцкай яшчэ і абавязкі класнага кіраўніка. Пад адказнасцю 10 клас.

— Які Вы настаўнік?

— Адназначна магу сказаць, што настаўнік, які любіць дысцыпліну. Я лічу, калі ў класе ёсць дысцыпліна, то будуць веды, будзе зацікаўленасць, будзе жаданне нешта рабіць і атрымліваць у адказ зваротную сувязь.

— Якіх прынцыпаў у выхаванні дзяцей і ўвогуле ў настаўніцтве Вы прытрымліваецеся?

— Мабыць, дэмакратычнасці. У кожным вучні я стараюся бачыць асобу, бачыць чалавека. Няхай у цябе не атрымліваецца матэматыка, беларуская мова ці яшчэ які іншы прадмет, але ты проста чалавечны, добры, ты не хлусіш, не падманваеш, не падводзіш нікога. І захаваць у маленькім чалавеку гэтую дабрыню, спачуванне, гэта “высокае званне Чалавека” — для мяне галоўная задача.

— Дзякуй Вам за шчырую размову, Таццяна Аляксандраўна! Далейшых поспехаў!

Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!