З нагоды святкавання Дня абаронцаў Айчыны і 105-годдзя Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь у канцэртнай зале Нясвіжскага раённага цэнтра культуры прайшоў святочны канцэрт “Святая справа — Радзіме служыць!”.
Адны з самых важных чалавечых якасцей — стойкасць, мужнасць і гераізм — леглі ў аснову свята, бо менавіта любоў да Радзімы, да сваёй Айчыны з даўніх вякоў паднімала людзей на подзвігі, выхоўвала адданых сваёй зямлі.
Таму ў гэты знакавы дзень віншаванні прымалі менавіта тыя, хто хоць крыху звязаны са святам абаронцаў.
Першай з прывітальным словам выступіла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Ксеневіч. З яе рук узнагароды атрымалі ганаровыя ўдзельнікі мерапрыемства: Падзяку старшыні Нясвіжскага райвыканкама — ветэран працы, член савета Нясвіжскага аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ “Гонар” Фадзей Уладзіміравіч Варакса, Падзячныя лісты — ветэран працы, член савета Нясвіжскага аддзялення БГАВ КДБ “Гонар” Аляксей Цімафеевіч Казлоўцаў і ветэран працы, член савета Нясвіжскай раённай арганізацыі ветэранаў БГАВ Пётр Іванавіч Лабанок.
Свае віншаванні прысутным адрасавалі і ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Максім Уласаў, кіраўнік справамі райвыканкама Таццяна Шумоўская.
Музыкальныя паштоўкі гучалі ад вакальных калектываў і салістаў, настрой падтрымлівалі харэаграфічныя, і тэатральныя выступоўцы, некалькі святочных кампазіцый падарыў гледачам і духавы аркестр Нясвіжскага РЦК.
Свята 23 лютага напоўнена нотамі дабра, гонару, справядлівасці і высакароднасці. Служыць Айчыне — значыць аберагаць мірнае жыццё свайго народа, захоўваць годнасць сваёй краіны. І пакуль на абарону Радзімы ўстаюць мільёны мужных яе сыноў, яна непераможная.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.